Жыццё ў спартыўным стылі. У Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту прымае віншаванні – і старшыня ветэранскай арганізацыі работнікаў фізкультуры і спорту Ляхавіччыны

У Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту.
Сярод тых, хто прымае віншаванні, – і старшыня ветэранскай арганізацыі работнікаў фізкультуры і спорту Ляхавіччыны
Людміла Тарлюк.

Жыццё і спорт для нашай зямлячкі Людмілы Тарлюк нераз-
дзельныя. Валейбол, настольны тэніс, шашкі, дартс – у кожным
з гэтых відаў спорту Людміла Тарлюк дасягнула вышынь
і неаднойчы станавілася пераможцай розных стартаў і спаборніцтваў на раённым, абласным і нават рэспубліканскім узроўнях.
– З дзяцінства сябрую са спортам. У Брэсцкай ДЮСШ займалася валейболам і паралельна бегала ў секцыю па настольным тэнісе. Потым нават выступала за зборную працоўных калектываў Брэста. Па адукацыі я выхавальнік дашкольнай адукацыі. У 90-х гадах мінулага стагоддзя пераехалі на малую радзіму мужа – у вёску Набярэжная. У садках месца выхавальніка не было, таму перавучылася і пайшла сакратаром ў сельгаспрадпрыемства «Ганчароўскі», – перагортвае старонкі сваёй біяграфіі Людміла Тарлюк.
Паралельна з асваеннем новай прафесіі па-ранейшаму актыўна займалася любімым спортам.
– Неабходна было арганізаваць валейбольную каманду гаспадаркі для выступлення на раённай спартакіядзе. Знайшлося нямала тых, хто ўмее гуляць у валейбол. Каманда была створана, і мы выступілі пераможна. Пра гэта нават пісалі ў раённай газеце, – расказвае зямлячка.
Потым была каманда «Ганчароўскага» ў настольным тэнісе. І зноў Людміла Тарлюк – актыўная ўдзельніца каманды і пераможца ў асабістых заліках. З таго часу яна паспяхова выступала за працоўныя калектывы лясгаса, камунгаса ў розных відах спорту. Яе актыўнасць і ініцыятыўнасць былі заўважаны, і неўзабаве зямлячцы прапанавалі ўзначаліць Русінавіцкі фізкультурна-аздараўленчы клуб, дзе яна і па сёння працуе інструктарам-метадыстам.
Паступова наш клуб папаўняўся ўсё новым спартыўным абсталяваннем. Значна папрыгажэў ён летась перад раённым святам «Дажынкі», што праводзілася ў Русінавічах. Значную падтрымку і ў набыцці абсталявання, і ў рамонце аказвае СВК «Ляхавіцкі», за што вялікі дзякуй, – гаворыць Людміла Тарлюк.
У вопытнай спартсменкі даволі багатая скарбонка спартыўных узнагарод. А яшчэ штогод сям’я Тарлюк праводзіць уласныя калядныя турніры па шашках. І сярод дарослых (мужа і двух сыноў) лепш за іншых у свой любімы від спорту гуляе менавіта Людміла Мікалаеўна.
Увогуле гэта жанчына – крыніца невычарпальнай энергіі, энтузіязму і натхнення. Акрамя любімага спорту, яна знаходзіць час для грамадскай работы – з’яўляецца старшынёй ветэранскай арганізацыі работнікаў фізкультуры і спорту.

Галіна КАНЬКО.