Ахова працы – абавязковы дарадца. У мінулую пятніцу на Ляхавіччыне прайшоў усераённы Дзень аховы працы

У мінулую пятніцу прайшоў усераённы Дзень аховы працы. Згодна з рашэннем Міністэрства працы і сацыяльнай абароны 2023 год аб’яўлены «Годам бяспечнай працы ў прамысловасці». Таму месцам збору профільных і не толькі спецыялістаў стала ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» – адзін з лепшых прадстаўнікоў раённага прамсектара эканомікі.

Усё пачалося з экскурсіі. Удзельнікі мерапрыемства, якое ўзначальваў намеснік старшыні райвыканкама – старшыня раённай камісіі па ахове працы Андрэй Навагран, азнаёміліся з працай завадчан, умовамі санітарна-бытавога забеспячэння. Прайшліся па гардэробных, душавых, пакоях для прыёму ежы. Усюды ўбачылі чысціню і парадак, неабходны функцыянал, забяспечанасць мэбляй, абсталяваннем і бытавымі прыладамі. Як расказаў дырэктар акцыянернага таварыства Дзмітрый
Скакун, штодзённа заводскай бытоўкай карыстаецца значная колькасць работнікаў, каб падтрымліваць памяшканні ў пастаянным належным парадку, патрабуюцца дастатковыя намаганні. Але гэта для людзей, а значыць, і для вытворчасці.
Сама вытворчасць ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» уяўляе сабой хоць і сумежныя, але ўсё ж тры асобныя вытворчасці.
Асноўнай вытворчасцю з’яўляецца перапрацоўка льнотрасты ў ільновалакно. З завода яно выходзіць двух відаў – кароткае і доўгае, а віды адрозніваюцца па якасці і цане продажу. Кароткае валакно ідзе на выраб шпагатаў-канатаў, брызентаў-мешкавіны. Для тканіны больш далікатных спажывецкіх характарыстык асновай служыць «доўгі» від ільнозаводскай прадукцыі.
На прыкладзе работы мясцовага завода лён падыходзіць пад вызначэнне безадходнай сельскагаспадарчай культуры. Яго насенне тут перапрацоўваюць на алей, а кастрыца гандлюецца на аналагічныя мэты іншым. Часткова россыпам, часткова ў выглядзе спрасаваных брыкетаў. Гэты прадукт перапрацоўкі льну знаходзіць ужытак у жывёлагадоўлі ў якасці падсцілачнага матэрыялу ў конегадоўлі.
Інжынер па ахове працы ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» Крысціна Маслоўская расказала пра арганізацыю работы прадпрыемства ў пытаннях аховы працы і стварэння належных умоў на працоўных месцах. Як прагучала, з больш як 200 чалавек персаналу 111 заняты на работах са шкоднымі ўмовамі працы. За пяць першых месяцаў года няшчасных выпадкаў у арганізацыі не адбывалася. Летась было зарэгістравана дарожна-транспартнае здарэнне: вадзіцель не справіўся з кіраваннем транспартным сродкам. Наступствы здарэння былі кваліфікаваны як лёгкія.
Сёлета толькі на забеспячэнне работнікаў спецадзеннем завод зрасходаваў каля 16,5 тысячы рублёў. Выдзяляюцца сродкі на набыццё рознага адмысловага інвентару, прадметаў гігіены, на бонусы за работу ў шкодных умовах.
З мэтай захавання ўзорнай працоўнай дысцыпліны да парушальнікаў прымяняюцца меры пакарання.
Вадзіцелі аўтамабіляў і трактарысты прадпрыемства праходзяць штодзённы перадрэйсавы алкатэст, які праводзіць інжынер па АП.
Таксама падымаліся тэмы абавязковых медыцынскіх аглядаў, выканання заканадаўства аб пажарнай бяспецы на аб’ектах прамысловасці. Намеснік начальніка Баранавіцкага міжраённага аддзела абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржінспекцыі працы Ала Данілава засяродзіла ўвагу на найбольш характэрных парушэннях АП і ТБ, якія выяўляюцца ў ходзе маніторынгаў, якія на рэгулярнай аснове праводзяцца названым ведамствам. Да чаго могуць прывесці парушэнні АП і ТБ, было прадэманстравана адпаведным відэарадам.
Пра работу профільных спецыялістаў раёна расказаў галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалай Бурбуць. Ключавы тэзіс выступлення – за квартал бягучага года няшчасных выпадкаў на вытворчасці раёна не зарэгістравана.
Па традыцыі лепшыя арганізацыі раёна ў пытаннях АП за 2022 год былі ўзнагароджаны дыпломамі. У сваіх намінацыях імі сталі Ляхавіц-кая ЦРБ, якая заваявала абласное першынство,
ТАА «Бляшаначны завод «Інтэрлак», СААТ «Ляха-віцкі малочны завод».

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.