Зроблена. Наколькі якасна? Чарговая тэма апаратнай нарады ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама тычылася навядзення чысціні і добраўпарадкавання сельскіх населеных пунктаў

Чарговая тэма апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама тычылася навядзення чысціні і добраўпарадкавання сельскіх населеных пунктаў. Аналізуючы праведзеную прадпрыемствамі і арганізацыямі, сельвыканкамам работу над памылкамі па навядзенні парадку на землях Крывошынскага сельсавета, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна Віталій Ціханаў рэзюмаваў, што ўсе бягучыя праблемныя моманты практычна выпраўлены – падкошана, міні-звалкі адходаў ліквідаваны, наведзены парадак на прылягаючых да прадпрыемстваў тэрыторыях і месцах агульнага карыстання.

Сваю задачу па добраўпарадкаванні выканалі камунгас, райпо, сельвыканкам. Пакуль ёсць праблемныя моманты ў Свяціцы, але і яны вырашаюцца. Вялікі ўчастак работы зроблены ў сёлетняй сталіцы раённых «Дажынак» – Галаўнінцах.
Справаздачу аб убачаным пасля кантрольных выездаў на аб’екты Конькаўскага сельсавета трымалі санітарная, землеўпарадкавальная і прыродаахоўная службы, сельвыканкам. Сярод станоўчых момантаў Віталій Ціханаў адзначыў утрыманне ў парадку тэрыторый воінскіх пахаванняў у Турках, Дараве, Дрэках, Малым Падлессі. Няма пытанняў да добраўпарадкавання тэрыторый Конькаўскага і Дараўскага ДС–СШ, прыбрана мінулагодняе лісце і скошана трава ў парку ў вёсцы Літва. Падтрымліваецца належны стан малых архітэктурных формаў, кантэйнерных пляцовак каля ракі Шчары ў Дараве, аператыўна падкошваецца тэрыторыя могілак, рамантуецца агароджа старых могілак у Літве, высякаецца драўнінна-хмызняковая расліннасць на прыдарожнай паласе – гэта пра зробленае КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».
Асноўныя недапрацоўкі, выяўленыя спецыялістамі райЦГіЭ, тычацца тэрыторый ААТ «Шлях новы»: не ўпарадкавана захоўванне металалому і зношаных шын, паламана і засмечана кантэйнерная пляцоўка на тэрыторыі МТФ «Галавачы», пасля зносу гаспадарчых пабудоў доўгі час не прыбіраюцца будаўнічыя адходы, несвоечасова падкошваюцца зарослыя ўчасткі, з МТФ у Малым Падлессі нерэгулярны вываз угнаення і іншыя. Ёсць парушэнні і ў санітарным стане аб’ектаў райпо – не прыбраны адходы паліўнага матэрыялу на ўнутрыдваровай тэрыторыі магазіна ў Літве, не абкошваецца тэрыторыя каля магазіна ў Федзюках, каля гандлёвай кропкі ў Коньках разбураны бардзюры. Са знакам мінус выконваюць абавязкі па касьбе пустазелля прыдарожных палос ДРБУ-200, ДЭУ-24. Ёсць пытанні ў плане навядзення парадку і да прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці – фермерскай гаспадаркі «Вялікае Падлессе-Агра», ПВГУП «БелГранітСэрвіс», ТАА «Фабрыка святлопразрыстых вырабаў» і іншых. Далёка да парадку і тэрыторыі гаражнага кааператыва «Савецкі аўтамабіліст» у вёсцы Дарава-Чыж: на прылягаючых участках, большасць з якіх не абкошана, складзіраваны будаўнічыя адходы, запчасткі.
У Конькаўскім сельсавеце запатрабаваны ўчасткі для вядзення падсобнай гаспадаркі, пра што сведчыць чарга грамадзян, узятых на ўлік для атрымання зямельных участкаў пад будаўніцтва жылога дома. Начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Наталля Крымская расказала, што сёлета пецярым грамадзянам прадастаўлены ўчасткі агульнай плошчай 14,37 гектара для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, яшчэ двое грамадзян чакаюць афармлення.
Старшыня Конькаўскага сельвыканкама Мікалай Прыхач спыніўся на
зробленым і агучыў асноўныя задачы на перспектыву.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз указаў на неабходнасць правядзення пасяджэнняў, сесій сельвыканкама з запрашэннем на іх кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета. Тады адназначна будзе менш зваротаў ад грамадзян у вышэйстаячыя інстанцыі па той ці іншай праблеме, якую можна вырашыць на месцы.
Выяўленыя рознымі кантрольнымі службамі раёна парушэнні ў асноўным адразу выпраўляюцца, па больш маштабных праводзіцца работа. На гэта звярнуў увагу дырэктар ААТ «Шлях новы» Андрэй Коктыш падчас аналізу праведзенай гаспадаркай работы па навядзенні парадку на сваіх тэрыторыях.
Кіраўнік раёна адзначыў, што ў плане навядзення парадку не прымаюцца адгаворкі накшталт «не паспелі», «не хапае сродкаў» і г. д. Добраўпарадкаванне – справа агульнай важнасці, неабходна выкарыстоўваць усе рэсурсы, каб у нашым агульным доме было чыста і ўтульна.

Галіна КАНЬКО.