Скошанаму верыць. Гаспадаркі Ляхавіцкага раёна завяршылі першую касьбу траў

Што стала спадарожнікам такога ўдалага ходу і дастаткова ранняга фінішу работ на касавічным полі? З упэўненасцю можна сказаць, што галоўным фактарам з’явілася руплівасць удзельнікаў зялёнага жніва. Добра праведзеная кампанія па падрыхтоўцы занятай на травастойных палетках тэхнікі, ёмістасцяў для прыёму сянажнай масы, належная арганізацыя комплексу корманарыхтоўчых работ дазволілі раёну справіцца з касавічным падрадам істотна раней, чым летась.

У адпаведнасці з аператыўнай статыстыкай упраў-лення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, у мінулым годзе на 13 чэрвеня ў раёне было скошана каля 70 працэнтаў запланаваных плошчаў. Сённяшняя лічба перавышае стапрацэнтны абсалют. Ставіць косы на ўмоўную паўзу маюць права ўсе сем сельскагаспадарчых арганізацый раёна.
Яшчэ адным ключавым момантам сёлетняга зялёнага жніва стала спрыяльнае надвор’е. А панядзелкавы дождж быў доўгачаканым, пайшоў на вялікую карысць сельскагаспадарчым палеткам.
Але ж скасіць не азначае завяршыць корманарыхтоўку. Трава павінна падсохнуць да сянажнага паказчыка вільготнасці, быць убрана ў траншэю ці ўпакавана ў рулоны, што з году ў год практыкуе
ЗАТ «Белпрампрыбор».
Траваўборачныя работы ў раёне адстаюць ад касавічных у сярэднім на
10 працэнтаў. У СВК «Ляхавіцкі» ўбралі ўсё, што скасілі. У боль-шасці сельгасарганізацый суадносіны ўбраных плошчаў да скошаных складаюць каля 95 працэнтаў. А гэта азначае тое, што першая ў бягучым годзе корманарыхтоўчая кампанія гатова фінішаваць.
Пакуль з запланаваных гаспадаркамі раёна 88,1 тысячы тон сенажу нарыхтавана больш за 43 тысячы. Фактычна палова ад неабходнага. Найбольш высокія аб’ёмы закладак паказваюць ААТ «Нача», ЗАТ «Белпрампрыбор», ААТ «Шлях новы», СВК «Ляхавіцкі».
Іван КАВАЛЕНКА.