Другое нараджэнне школы мастацтваў г.Ляхавічы /фота/

Здаецца, у райцэнтры адно свята — выпускны баль — плаўна перайшло ў другое — урачыстае адкрыццё пасля капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў. Гэта чарговы «дажыначны » аб’ект, а дата 12 чэрвеня 2013 года будзе назаўсёды ўпісана ў багатую творчую гісторыю ўстановы. Літаральна тры з паловай месяцы спатрэбілася Іванаўскай будаўнічай фірме, каб «храм мастацтва» паўстаў перад сваімі выхаванцамі, педагогамі і гасцямі ў новым абліччы — памаладзеўшым і абноўленым. За гэты час у памяшканні былі заменены вокны, дзверы, падлога, зроблены рамонт вучэбных кабінетаў, санвузлоў, праведзена мадэрнізацыя актавай залы. На рамонт школы мастацтваў выдаткаваны 1 мільярд 662 мільёны рублёў бюджэтных сродкаў. Купілі і музычныя інструменты. Да ацяпляльнага сезону ў кацельні ўстаноўлены новы кацёл.
— Сёння нас тут сабрала добрая і значная падзея. Падзея, якую нельга назваць проста адкрыццём установы пасля капітальнага рамонту. Гэта другое нараджэнне школы мастацтваў. Яна змянілася не толькі звонку, але і ўнутры. Зроблена многа для таго, каб педагогі ў камфорт-ных умовах далучалі дзяцей да света мастацтва, удасканальвалі сваю работу, захаплялі і вялі за сабой юных землякоў. І гэта здорава, што, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, мы маем магчымасць адкрываць установы культуры для нашых дзяцей. А дзеці — не толькі наша сёння, але і будучыня, — адзначыў старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук падчас адкрыцця абноўленай школы мастацтваў.
Кіраўнік раёна выказаў падзяку калектыву СПМК 7 г. Іванава і непасрэдна начальніку арганізацыі Васілію Бабічу за тое, што іванаўцы ўклалі ў работу не только прафесійнае майстэрства, але і часцінку сваёй душы.
Старшыня райвыканкама пажадаў, каб хлопчыкі і дзяўчынкі ішлі ў абноўленую школу з вялікім задавальненнем і жаданнем, а вярталіся з заняткаў з імкненнем расказаць сваім блізкім пра раскрыццё ў сабе новага таленту.
Дырэктару школы мастацтваў Уладзіміру Круку быў уручаны традыцыйны пры наваселлі сімвалічны ключ і падарунак ад іванаўскіх будаўнікоў — апарат для нагрэву і ахалоджвання пітной бутэляванай вады. Кіраўнік школы мастацтваў у сваю чаргу запэўніў, што педагогі і вучні будуць цаніць, берагчы «абноўкі», прымаць удзел у творчых конкурсах, вывучаць нацыянальную і сусветную культуру, радаваць землякоў сваімі выступленнямі і выставамі.
Дарэчы, 37 педагогаў школы мастацтваў і яе філіялаў і 335 іх выхаванцаў — сапраўдны творчы саюз, які прапагандуе мастацтва ў раёне, яго прадстаўнікі з’яўляюцца дыпламантамі шматлікіх творчых конкурсаў і фестываляў.
І вось самы ўрачысты момант — цырымонія перарэзвання чырвонай стужкі. Гэта права пад акампанемент апладысментаў прысутных было дадзена кіраўніку раёна Дзімітрыю Бурдуку, начальніку СПМК-7 г. Іванава Васілію Бабічу і дырэктару дзіцячай школы мастацтваў Уладзіміру Круку .
Кульмінацыяй свята стаў канцэрт у абноўленай актавай зале, дзе кожны музычны нумар быў прысвячэннем і шчырай падзякай усім, хто прыклаў душу і руку да такой важкай і значнай падзеі — наваселля дзіцячай школы мастацтваў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *