ПРАШУ СЛОВА! Насустрач Усебеларускаму народнаму сходу
Беларусы жадаюць і далей жыць у міры, цвёрда стаяць на нагах
у эканамічным плане, каб забяспечыць сабе і сваёй сям’і шчаслівае жыццё. Сёння на гэта нацэлена Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бліжэйшую пяцігодку.
Яе прыярытэты накіраваны на пераход да новай якасці жыцця кожнага беларуса. Гэта тлумачыць актыўнае абмеркаванне праекта праграмы. Дакумент жывы, можна сказаць, народны і адказвае на ўсе выклікі і пытанні сучаснасці, пры гэтым фарміруе вобраз краіны будучыні. Ляхавічане дзеляцца сваімі чаканнямі ад другога пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу, падводзяць вынікі шостай пяцігодкі.

Таццяна РАВІНСКАЯ, дырэктар ТЦСАН:
– Сярод сямі асноўных прыярытэтаў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на бліжэйшую пяцігодку – захаванне насельніцтва, умацаванне здароўя нацыі і падтрымка сям’і. Усё гэта – складнікі нацыянальнай дэмаграфічнай бяспекі. Як прадстаўнік сацыяльнай службы адзначу, што ў Беларусі асаблівы акцэнт робіцца на ўмацаванне інстытута сям’і, удасканаленне гарантый сацыяльнай абароны, садзейнічанне эфектыўнай занятасці. Згодна з Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на бліжэйшыя пяць гадоў, па-ранейшаму у цэнтры ўвагі – чалавек і якасць яго жыцця.
На Ляхавіччыне пражывае 356 мнагадзетных сем’яў. Рэалізуецца праграма сямейнага капіталу, якая, дарэчы, з 1 студзеня 2025 года прадоўжана.
З 2020 года прынята 309 рашэнняў аб датэрміновым распараджэнні
сямейным капіталам. У поўным аб’ёме прадастаўляецца аднаразовая матэрыяльная дапамога да новага навучальнага года (сёлета яе атрымалі 332 сям’і на 105 789 рублёў). Аказваецца і дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога для малазабяспечаных сем’яў.
Калі гаварыць пра планы на 2026–2030 гады, то адносна занятасці насельніцтва стаіць задача далейшага забеспячэння роўных магчымасцей працаўладкавання ў кожным куточку краіны за кошт развіцця патэнцыялаў рэгіёнаў, стварэння новых працоўных месцаў, развіцця камунальнай інфраструктуры.
Важна, што на сёмую пяцігодку сацыяльныя гарантыі і дяржаўная падтрымка сем’ям будуць захаваны. Што ў чарговы раз пацвярджае: Беларусь – сацыяльна арыентаваная дзяржава.

