Для 272 выпускнікоў Ляхавіцкага раёна прагучаў апошні школьны вальс /фота/

Старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук уручыў залатыя медалі 17 выпускнікам школ раёна, у тым ліку Антону Дорушу з СШ № 2.

Раённы выпускны баль — асаблівы і па добрай традыцыі  праводзіцца на галоўнай плошчы Ляхавіч — Леніна. Сёлета яна сустракала выпускнікоў не проста прыгожай, а абноўленай, па сутнасці, новай. Нават шкада было ступаць на рознакаляровую плітку. Пастараліся будаўнікі да прызначанага тэрміну абнавіць убор плошчы — працавалі нават у выхадныя дні. Камунгаснікі аформілі клумбы, пасадзілі кветкі. Атрымалася ўсё на славу. Як і свята — яно двайное: з абноўкай, горад, і з чарговым выпускным, раён! Менавіта па новай плошчы выпускнікі зрабілі першыя крокі ў дарослае жыццё.
…Вось і здарылася тое, чаго чакалі такія доўгія і такія хуткаплынныя 11 гадоў. Менавіта столькі сённяшнія выпускнікі былі школьнікамі. Здаралася, прыдумвалі, як не пайсці на кантрольную, сарамліва выслухоўвалі ад класнага кіраўніка натацыі, малявалі насценгазеты, удзельнічалі ў конкурсах і алімпіядах, падказвалі таму, хто «плаваў» ля дошкі, хадзілі ў паходы….

На баль «Не паўтараецца такое ніколі» юнакі прыйшлі ў строгіх касцюмах, дзяўчаты — у шыкоўных сукенках. Галоўныя героі дня, яны прамяніліся гонарам і задавальненнем ад таго, што завяршылі важны этап у сваім жыцці. Але да радасці так настойліва і відавочна далучалася нотка смутку — ад развітання з сябрамі, настаўнікамі, школай.
Загучалі фанфары, і пачалося апошняе свята дзяцінства для 272 нашых юных землякоў у статусе «Выпускнік-2013». Плошча шчырымі апладысментамі сустракала гарадскіх выпускнікоў, дэлегацыі школ раёна. З рабятамі, іх настаўнікамі і бацькамі свята раздзялілі старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук, старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч, члены райвыканкама.
Па добрай традыцыі першае віншаванне — ад кіраўніка раёна. Дзмітрый Бурдук павіншаваў выпускнікоў, іх бацькоў, настаўнікаў са знакавай падзеяй. Адзначыў, як многа ў нашай краіне робіцца для падтрымкі моладзі, выказаў упэўненасць у тым, што асабістыя поспехі юнакоў і дзяўчат будуць спрыяць далейшаму развіццю роднага краю, што маладыя знойдуць сваё месца ў жыцці і стануць дастойнымі грамадзянамі Беларусі.
Віншаванні і добрыя пажаданні адрасаваў рабятам, іх бацькам, настаўнікам начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Леанід Калбаса.
Хвалююча і ўзрушана вітаў і бласлаўляў у добры шлях выпускнікоў благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі пратаіерэй Георгій Жытко.
Асаблівы момант: залатыя медалі і грашовыя прэміі райвыканкама ўручаны 17 выпускнікам: 4 — з СШ № 1, 3 — з СШ № 2, па 2 — з гімназіі, Крывошынскай і Мядзведзіцкай СШ, па 1 — з Жарабковіцкай, Ліпскай, Альхоўскай і Тальмінавіцкай сярэдніх школ.
Яшчэ адна традыцыя — самым актыўным, творчым, спартыўным, вынаходлівым — мяккія цацкі ў падарунак.
А потым над горадам паплыла чароўная мелодыя нестарэючага і вечнага вальса. Закружыліся ў прыгожым танцы пары яшчэ нядаўна гарэзлівых хлопчыкоў і сарамлівых дзяўчынак, а сёння грацыёзных дзяўчат і галантных кавалераў.
Словы клятвы выпускнікоў — і над плошчай узняліся ў блакітнае неба рознакаляровыя паветраныя шары: абавязкова збывайцеся, мары! А потым — зноў апладысменты: па плошчы ішлі юныя і прыгожыя героі свята. Разам з настаўнікамі і бацькамі яны ўсклалі кветкі да помніка загінуўшым воінам на плошчы Перамогі.
Далей выпускны баль прадоўжыўся ў кожнай навучальнай установе па сваім сцэнарыі — шчырым, добрым, але развітальным.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

Выпускнікі Мядзведзіцкай СШ з дырэктарам Уладзімірам Рачкоўскім.

Уладальнікі залатых медалёў з СШ №1

Выпускнікі з СШ №2

Выпускнікі гімназіі

Выпускнікі СШ №1

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *