Рэцэпт «другога хлеба». У СВК «Ляхавіцкі» ведаюць калі не свой рэцэпт, то, бясспрэчна, нейкія адмысловыя да яго папраўкі

Брыгадзір брыгады № 1 СВК «Ляхавіцкі» Іван Юнік

«Нядрэнна зарадзіла. Каб яшчэ пару дожджыкаў, бульба  была б выдатнай», – лічыць брыгадзір брыгады № 1 СВК «Ляхавіцкі» Іван Юнік .

Як з’яўленне першай “сівізны” на дрэвах, як ранішняя прахалода і дзённая неласкавасць надвор’я, так і ўборка бульбы – беспамылковая прыкмета надыходу восені. Знойдзецца ў бульбяной справе і месца рамантызму – асабліва калі займацца ёй не часта, не працяглы час, калі добры ўраджай і такая ж кампанія. Але ж, у першую чаргу, гэта нялёгкая, да ламаты ва ўсім целе, напружаная праца. Выкапаць бульбу – зусім не тое, што перайсці бульбяное поле. Ды і сама ўборка з’яўляецца ўсяго толькі фінішным акордам на шляху высокіх ураджаяў ”другога хлеба”. Неабходна ўмела пасадзіць, своечасова і тэхналагічна выканаць шэраг міжрадавых апрацовак, абараніць ад хвароб і шкоднікаў, не дапусціць распаўсюджання пустазелля. У якасці папраўчага каэфіцыента да прыведзенага рэцэпта высокага ўраджаю клубняў неабходна аднесці і сезонную спрыяльнасць надвор’я.

Здаецца, у СВК “Ляхавіцкі” ведаюць калі не свой рэцэпт, то, бясспрэчна, нейкія адмысловыя да яго папраўкі. Чым інакш растлумачыць ураджайнасць тутэйшага бульбянога гектара: што летась, што два гады таму, так і зараз. Сёлетнія значна за 300 цэнтнераў клубняў з адзінкі плошчы для некага могуць служыць у якасці арыенціра, для “Ляхавіцкага” ж – базавы, “ранні” ўраджай. Масавасці на палетках пакуль не назіраецца: капаюць раннюю “рэд скарлет” і пад канкрэтнага пакупніка-заказчыка. Працуюць, можна сказаць, з колаў на колы. У прамым сэнсе, чырвоны ўраджай з бункера ўборачнага камбайна трапляе ў кузаў аўтамабіля. Адна-другая выгрузка, і чарговы ГАЗ адпраўляецца на сартавальны пункт. Хоць, збоку гледзячы, узнікае шчырае адчуванне, што ў аперацыі дзялення клубняў на фракцыі неабходнасць адсутнічае: ці не адзін у адзін усе яны буйныя, роўныя, гладкія. Кожная з трох рассартаваных па якасці груп бульбы атрымоўвае сваё прызначэнне. Дробныя і пашкоджаныя клубняплоды папаўняюць і робяць больш разнастайным рацыён жывёлы, насенная закладваецца на захоўванне, з наступным выкарыстаннем па прамым прызначэнні. Харчовая ж, а яе доля ў агульным аб’ёме з’яўляецца абсалютна прыярытэтнай, дадаткова “ўпакоўваецца” і ў такім завершаным таварным выглядзе аказваецца ў кузаве аўтамабіля-пакупніка. У дзень, калі мы наведалі гаспадарку, пад пагрузкай і ў чарзе на яе заўважылі дзве шматтонныя “фуры” з немясцовымі рэгістрацыйнымі нумарамі. І гэта яшчэ адно пацвярджэнне таму, што русінавіцкая бульба прыйшлася па смаку, у тым ліку, і далёка ад месца, дзе расла. І, нягледзячы на засушлівасць года, нядрэнна вырасла. Брыгадзір Іван Юнік з гэтай нагоды выказаўся так: “Нядрэнна зарадзіла. Каб яшчэ пару дожджыкаў, бульба была б наогул выдатнай”.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

”Памочнікі” машыніста бульбаўборачнага камбайна Галіна Баўтрукевіч, Аксана Парус, Ірына Дунчык, Галіна Грыкель.

Будаўнік Алег Маляр часова перакваліфікаваўся ў грузчыка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *