ДП «Нача». Сакрэт фермы

Загадчыца МТФ "Цэнтр" ДП "Нача" Людміла Чарапавіцкая

У бягучым годзе ў рабоце малочнатаварнай фермы ДП “Нача”   адбыўся якасны скачок. Гэты прыклад – іншым навука і пацвярджэнне таго, што для вытворчасці малака гатунку экстра зусім не абавязкова мець на ўзбраенні экстрасучаснае даільнае абсталяванне. Куды больш важным крытэрыем з’яўляецца тэхналогія, памножаная на дысцыпліну.
Але спачатку было слова. Была і, магчыма, не адна гутарка на тэму неабходнасці, матэрыяльнай выгады працаваць у фармаце экстра-класа. Узгадваўся, напрыклад, той факт, што здаровая карова, апрыёры, не можа даваць малако вышэйшага, першага ці, тым больш, другога гатункаў. Паніжэнне гатунковасці – цалкам   “заслуга” людзей.
І вось многія ўжо месяцы каля 40 працэнтаў начаўскага малака адпавядае патрабаванням максімальнай якасці. Адзін кароўнік поўнасцю працуе ў фармаце экстра-класа, другі – прыкладна напалову, трэці – да экстры хоць некалькі і не дацягвае, настойліва імкнецца выйсці на адпаведны параметр якасці.
Як можна зрабіць выснову, сакрэт МТФ “Цэнтр” – у адсутнасці сакрэтаў. Ну які сакрэт у тэхналагічнай дакладнасці, дысцыпліне?
Канешне, поспех у жывёлагадоўлі ў значнай ступені трымаецца на паспяховасці раслінаводчай галіны. Узаемасувязь відавочная, і ўраджайнасць начаўскай нівы, як уяўляецца, напрамую пасадзейнічала рабоце жывёлаводаў.
Як і наадварот, і што тут першаснае – можна спрачацца. Напрыклад, адным са складальнікаў добрага ўраджаю зерневых дырэктар прадпрыемства Мікалай Тарлюк лічыць тое, што сёлета палі атрымалі дастатковую колькасць арганікі. А гэта як-ніяк другасны “прадукт” жывёлагадоўчых ферм.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *