Ветэранская алея. У Ляхавічах урачыста адкрыўся памятны знак у гонар 75-годдзя з дня ўтварэння мясцовага РАУС /фота/

У мінулы аўторак каля будынка РАУС было надзвычай мнагалюдна. У адным страі – ветэраны органаў унутраных спраў і сённяшнія міліцыянеры, сярод гасцей – прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх арганізацый, духавенства. У гэты дзень урачыста адкрываўся памятны знак у гонар 75-годдзя з дня ўтварэння Ляхавіцкага РАУС – алея ветэранаў.

Першыя дубкі, бярозкі, таполі пасаджаны яшчэ вясной, цяпер жа працяг – дрэўцы пасадзілі ўдзельнікі ўрачыстасці. Гонару адкрыць памятны знак на алеі ветэранаў былі ўдастоены падпалкоўнік міліцыі запасу, былы першы намеснік начальніка райаддзела Генадзій Савасцюк і старшыня ветэранскай арганізацыі былых супрацоўнікаў аддзела маёр запасу Іосіф Зубік.

Шмат цёплых слоў у адрас тых, хто ў розныя гады служыў у падраздзяленнях міліцыі, і тых, хто сёння прадаўжае іх слаўныя традыцыі, сказалі намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень, начальнік РАУС Эльдар Вільчкоўскі, яго намеснік Сяргей Пажога. Протаіерэй Георгій Жытко асвяціў алею і памятны знак, правёў малебен.

У актавай зале РАУС адбыўся канцэрт-ушанаванне. Начальнік РАУС уручыў юбілейны медаль ”70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне” Іосіфу Зубіку. Канцэрт для землякоў падрыхтаваў народны ансамбль народнай песні “Крыніца” ГДК.

Больш за паўстагоддзя  10 лістапада быў пазначаны ў календары як Дзень савецкай міліцыі. Цяпер на варце законных правоў і інтарэсаў грамадзян нашай суверэннай краіны стаіць беларуская міліцыя, якая адзначае свой дзень нараджэння 4 сакавіка. А ў дзясяты дзень лістапада ўшаноўваюць ветэранаў органаў унутраных спраў і ўспамінаюць тых, каго ўжо няма.

Супрацоўнікі райаддзела ўсклалі вянкі і кветкі на магілы былых саслужыўцаў, павіншавалі ветэранаў, якія цяпер на заслужаным адпачынку. Вопыт іх бясцэнны –таму яны частыя госці ў РАУС.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *