Наваселле арэнднае і па дзяржзаказе

У нашым раёне на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў па стане на  20 лістапада знаходзіцца 1086 чалавек, у тым ліку 104 мнагадзетныя сям’і, 142 чаргавікі маюць права на сацыяльнае жыллё (дзеці-сіроты, інваліды, адзінокія пенсіянеры).

Будаўнічы бум, які назіраўся некалькі гадоў назад і вызначыўся ўзвядзеннем новага мікрараёна па вуліцы Інтэрнацыянальнай у райцэнтры, пачаў заціхаць. На змену ЖБСК і ЖБК прыйшло арэнднае жыллё і тое, што будуецца па дзяржзаказе.

Нормы Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 563 “Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін” накіраваны на развіццё фонду жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду. Атрымаць у карыстанне камерцыйнае дзяржаўнае жыллё можа любы грамадзянін, аднак першачарговае права дадзена пэўным катэгорыям.

Арэнднае жыллё выклікае вялікі інтарэс асабліва ў людзей, якія не падпадаюць пад ільготныя катэгорыі грамадзян: не могуць атрымаць дзяржпадтрымку на будаўніцтва, прэтэндаваць на сацыяльнае жыллё. Важны нюанс: такія жылыя памяшканні не падлягаюць прыватызацыі, абмену, раздзелу, продажу і здачы па дагаворы паднайму. Грамадзяне, якім выдзяляецца камерцыйнае жыллё, выключаюцца з чаргі маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Як нагадала галоўны спецыяліст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Святлана Кабяшова, з 1 красавіка 2014 года ў разрад арэнднага перайшло і так званае службовае жыллё. Усяго ў раёне размеркавана 45 камерцыйных кватэр: у райцэнтры, аграгарадках Русінавічы, Тальмінавічы, вёсках Тухавічы, Грушаўка, Літва, Дарава-Чыж.

Сёлета напачатку мая ўладальнікамі арэнднага жылля сталі шасцёра маладых спецыялістаў, якія атрымалі ключы ад кватэр у рэканструяваным 14-кватэрным доме № 56 па вуліцы Леніна ў райцэнтры. У чэрвені і астатнія  8 арэндных кватэр гэтага дома: 4 двухпакаёвыя, 2 аднапакаёвыя, столькі ж трохпакаёвых набылі гаспадароў. Камісія па жыллёвых пытаннях пры райвыканкаме выбрала іх з 72 прэтэндэнтаў. Перавагу мелі тыя, хто стаяў на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, прычым, улічвалася дата пастаноўкі на такі ўлік. Падавалі заяўку на арэнднае жыллё людзі розных узростаў і статуса, у тым ліку і пенсіянеры, адзінока пражываючыя, інваліды, мнагадзетныя сем’і. Сярод тых, хто атрымаў ордэры, – сірата, які стаяў на ўліку на паляпшэнне жыллёвых умоў з 1994 года, мнагадзетная сям’я з аграгарадка Востраў і іншыя.

Дарэчы, кошт арэнды квадратнага метра камерцыйнага жылля – 10800 рублёў у месяц. Напрыклад, арэнда аднапакаёвай кватэры плошчай 35,7 квадратнага метра ў Тальмінавічах абыходзіцца яе часоваму гаспадару ў 385560 рублёў штомесяц, а двухпакаёвая плошчай 42,3 квадратнага метра ў Русінавічах – 456840 рублёў. Гэта без аплаты камунальных паслуг.

Райвыканкам прыняў рашэнне аб рэканструкцыі яшчэ аднаго шматкватэрніка – дома № 54 па вуліцы Леніна (былы інтэрнат агракаледжа), якому таксама будзе нададзены статус арэнднага. Вырашаецца пытанне з фінансаваннем гэтага праекта.

Арэнднае жыллё – не адзіная магчымасць стаць навасельцам. У мінулым годзе ў райцэнтры па вуліцы Інтэрнацыянальнай, 35 здадзены ў эксплуатацыю 40-кватэрны дом, пабудаваны па дзяржзаказе сіламі ПМК-13. Як расказала эканаміст упраўлення капітальнага будаўніцтва Людміла Маслоўская, такое жыллё будуецца для грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і маюць права на дзяржаўную падтрымку. Пры будаўніцтве па дзяржзаказе чалавеку прапануецца гатовая кватэра з канкрэтным коштам і сумай плацяжоў па крэдыце.

Пакуль дом узводзіўся за кошт крэдытаў, выдзеленых упраўленню капітальнага будаўніцтва, райвыканкам фарміраваў спісы чаргавікоў, якія маюць права атрымаць такое жыллё. Пасля здачы дома ў эксплуатацыю людзям прапанавалі набываць кватэры па дагаворах куплі-продажу з УКБ. Каб зрабіць гэта з дзяржаўнай падтрымкай, трэба звяртацца ў Беларусбанк за льготным крэдытам. Ён, дарэчы, увесь кошт кватэры не пакрые, частку грамадзянін аплачвае ўласнымі сродкамі.

Усе 40 кватэр знайшлі сваіх уладальнікаў. Адна перададзена гораду ў якасці сацыяльнага жылля. Улічваючы пажаданні грамадзян, райвыканкам прыняў рашэнне аб будаўніцтве чарговага дома па дзяржзаказе. Зараз праходзіць карэкціроўку праектна-каштарысная дакументацыя на 40-кватэрнік па вуліцы Інтэрнацыянальнай. У ім будзе ўжо дзве сацыяльныя кватэры.

Дарэчы, у аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама паведамілі, што з 1 ліпеня 2016 года непрыватызаванае жыллё будзе пераведзена ў разрад арэнднага. Калі цяперашніх уладальнікаў такіх кватэр ці дамоў не задавальняе перспектыва жыць на арэндных метрах, варта паспяшацца з прыватызацыяй.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Наваселле арэнднае і па дзяржзаказе

  • 25/11/2015 в 12:16
    Permalink

    В Ляховичах надо внедрять в практику: при строительстве домов отводить хотя бы несколько квартир молодым специалистам. Глядишь, потянутся высококвалифицированные специалисты именно в наш городок.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *