Выбар. Правільны! Час пацвердзіў!

16 жніўня 2020 года на плошчы Незалежнасці ў сталіцу з’язджаліся патрыёты, для якіх мір, спакой і бяспека нашай Беларусі былі галоўнымі жыццёвымі прыярытэтамі. Два гады мінулі з той яскравай падзеі, а жаданне берагчы і абараняць Беларусь стала толькі мацней. Сёння сваімі ўспамінамі дзеляцца ўдзельнікі патрыятычнага мітынгу.


Юрый ЧАРАНКЕВІЧ, старшыня Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў:
– 9 жніўня 2020-га зрабіў свой выбар. На жаль, былі і тыя, хто сваімі памкненнямі імкнуўся зламаць мірны шлях нашай Беларусі, хто заяўляў пра разлад народа, хто туманіў розум беларусаў. Таму той патрыятычны мітынг, куды з’ехаліся патрыёты з усёй краіны – паказалі, што сілу духа беларускага народа не зламаць! Лёс краіны не вырашаецца на вуліцах, пытанні дзяржаўнай важнасці не вырашыць у сутычках і варварскіх праявах. Таму тая падзея, што аб’яднала нас 16 жніўня, дазволіла захаваць краіну. Гэта быў унікальны ў сваім родзе дзень: калі з’язджаліся прадстаўнікі розных арганізацый і прадпрыемстваў, калі ўзроставы зрэз быў самы шырокі, калі ўсе нераўнадушна скандзіравалі “За Беларусь!”.
А чаго варта тая атмасфера! Менавіта яна, у пэўным сэнсе, дала старт такой вялікай патрыятычнай сіле, што актывізавалася пасля і сёння, праз два гады, не адпускае беларусаў. І што паказаў час, чаму навучыў! Нават тыя, хто ні ў якім разе не хацеў прымаць наш цывілізаваны шлях развіцця, сёння на горкім вопыце суседніх краін пераканаўся: менавіта дзякуючы таму, што краіну два гады назад захавалі, сёння на карце ёсць Беларусь. Мірная і незалежная, няскораная і свабодная! А нашы дзяржаўныя сімвалы сталі нечым большым, з разраду роднага і самага дарагога! Дзякуй кожнаму патрыёту, які ў складаны час застаўся верным сваёй краіне!