Правілы безаварыйнай дарогі

З вуліцы Леніна на Арлоўскага, потым на Юбілейную, потым у цэнтр горада – па такім маршруце ў мінулы чацвер праходзіў сумесны рэйд “ЛВ” і супрацоўнікаў АДАІ – старшага дзяржаўтаінспектара Мікалая Дылеўскага і інспектара Аляксандра Анікевіча. Пад самай пільнай увагай – выкананне правілаў дарожнага руху пешаходамі і вадзіцелямі. На жаль, нашы землякі не надта дысцыплінаваныя на дарозе: па стане на 27 лістапада інспектары АДАІ за бягучы год зафіксавалі 7616 парушэнняў ПДР, 90 вадзіцеляў кіравалі транспартам у стане алкагольнага ап’янення (7 – паўторна на працягу года), 2064 – перавышалі скорасныя рэжымы, 1472 разы правілы парушалі пешаходы.

Сярод пешаходаў самае распаўсюджанае парушэнне – адсутнасць на верхнім адзенні ці сумках флікераў. Святлоадбівальныя элементы дапамагаюць вадзіцелю здалёк убачыць чалавека на дарозе, своечасова збавіць скорасць. Іншы раз гэтых секунд хапае, каб зберагчы чыёсьці здароўе, а то і жыццё. Апошнім часам павялічылася і колькасць нецвярозых пешаходаў – гэта яшчэ большая рызыка трапіць пад колы. Правакуе аварыйныя сітуацыі і пераход дарогі ў неўстаноўленых месцах, – расказвае Мікалай Дылеўскі.

Нядаўна, нарэшце, выкладзена пліткай пешаходная дарожка ўздоўж вуліцы Арлоўскага ад вуліцы Леніна. Але, як адзначаюць у АДАІ, многія гараджане па-ранейшаму ходзяць па праезнай частцы дарогі. За данае парушэнне прадугледжаны папярэджанне ці штраф ад 1 да 3 базавых велічынь, а калі пешаход п’яны – ад 3 да 5 БВ. Паўторнае на працягу года такое парушэнне абыдзецца яшчэ даражэй.

…Ну і нахабны! Інакш не скажаш пра ўладальніка аўто, які паставіў машыну на пешаходным пераходзе каля інтэрната № 4 ЛДАКа ад вуліцы Юбілейнай. І гэта пры тым, што стаянка дазваляецца на адлегласці не менш за 15 метраў ад “зебры”. Хто ўладальнік машыны, на месцы высвятліць не ўдалося. Але гэта не праблема: па рэгістрацыйных нумарах у спецыяльнай базе можна “прабіць” гаспадара. Хаця не заўсёды менавіта ён сам кіруе машынай. Прыклады? Калі ласка!

Напэўна, вельмі давярала жыхарка аграгарадка Жарабковічы свайму знаёмаму, бо аддала яму ключы ад сваёй новенькай, купленай у салоне, іншамаркі. А той, без вадзіцельскіх правоў, нецвярозым сеў за руль і паехаў катацца. Да аварыі справа не дайшла – спынілі дзяржаўтаінспектары. Аўтамабіль забралі і паставілі на штрафстаянку ў РАУС. Праз месяц дамоў вярнулася гаспадыня машыны.Цяпер, перш чым забраць свой аўтамабіль са штрафстаянкі, ёй давядзецца заплаціць па 20 тысяч рублёў за кожныя суткі яго знаходжання там і штраф.

А вось парушэнне іншага кшталту. Вадзіцель службовага аўтамабіля адной з дзяржаўных устаноў ад інспектара Аляксандра Анікевіча атрымаў папярэджанне за няправіль-ную паркоўку. На наступны раз, калі такое здарыцца, давядзецца раскашэліцца на штраф.

Арэйд прадаўжаецца. Сітуацыя на дарозе спакойная, ліхачоў не відаць, аўтамабілі ў сустрэчным накірунку рухаюцца ў межах дазволенай скорасці.  Каля цэнтральнай аптэкі спыніліся. Мэта – выбарачная праверка ў вадзіцеляў неабходных дакументаў.Па словах Мікалая Дылеўскага, за тыдзень затрымалі  5 грамадзян, якія кіравалі аўтамабілямі, не маючы вадзіцельскага пасведчання. Аўто парушальнікаў адправіліся на штрафстаянку.

Першай у поле зроку трапляе “Аўдзі” з прычэпам. З дакументамі ўсё ў парадку. Інспектар вяртае іх уладальніку і жадае шчаслівай дарогі. Не было ніякіх праблем і ў пяці наступных спыненых вадзіцеляў. Недалёка ад аптэкі пешаходны пераход. За кароткі час па ім прайшлі некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку школьнікі і навучэнцы каледжа. Як заўважыў Мікалай Дылеўскі, ні адзін з іх нават на секунду не спыніўся перад “зебрай”, каб ацаніць дарожную абстаноўку. А як жа добра вядомае многім пакаленням: паглядзі налева, направа, пераканайся, што няма машын – толькі тады ідзі. Супрацоўнікі АДАІ, выступаючы ў школах, нагадваюць рабятам гэта важнае правіла, невыкананне якога можа закончыцца трагічна. Хаця бывае, што вадзіцель не прапускае пешаходаў і тым самым парушае правілы дарожнага руху (за дэкаду такіх зафіксавана 16).

Чарговая “Аўдзі” з’ехала па ўказанні інспектара з дарогі на абочыну. З дакументамі ўсё добра. А вось адзін з пасажыраў на заднім сядзенні аказаўся не прышпіленым рамянём бяспекі. Гэта ўжо парушэнне і вадзіцельскае, і пасажырскае. Інспектар устанаўлівае па базе даных, ці не было аналагічных парушэнняў у іх на працягу года, складае пратакол, абодвум парушальнікам пра-пануе на месцы заплаціць па квітанцыі штраф – па палове базавай велічыні. Пасажыр адмаўляецца, маўляў, забыўся прышпіліцца. Але ад адказнасці гэта яго не вызваліць.

У зоне пільнай увагі інспектараў АДАІ – «абутак» машын. І калі да 1 снежня вадзіцеляў, якія не замянілі летнюю рызіну на зімовую, толькі папярэджвалі, то з 1 снежня па 1 сакавіка за гэта прадугледжаны штраф да 1 БВ (паўторна на працягу года – ад 2 да 5 БВ). Пакаранне рублём – важкі аргумент для многіх парушальнікаў. Хаця самае важнае – бяспека руху. У складаных зімовых умовах надвор’я нават самаму заўзятаму аўтамабілісту іншы раз нялёгка справіцца з надзвычайнай сітуацыяй на дарозе, ускладненай, напрыклад, галаледзіцай ці завірухай.

У час рэйду веласіпедыстка, убачыўшы міліцэйска-журналісцкі дэсант, паспяшалася з пытаннем да старшага дзяржаўтаінспектара: як павінен рухацца веласіпедыст, калі толькі з аднаго боку праезнай часткі ёсць тратуар? Адказ адназначны: незалежна ад таго, у якім накірунку едзе веласіпедыст, рух дазваляецца толькі па тратуары альбо па дарозе на адлегласці не больш за метр ад яго.

Пад асобым кантролем ДАІ і рух сельскагаспадарчай тэхнікі з прычапнымі агрэгатамі. Літаральна на днях да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута службовая асоба ЗАТ “Белпрампрыбор”, якая дапусціла выезд тэхнікі без уключаных задніх асвятляльных фар. Давядзецца заплаціць штраф і трактарысту, які кіраваў транспартным сродкам.

А палове сямнаццатай гадзіны аўтамабіль ДАІ пад’ехаў да пешаходнага ўчастка вуліцы 17 Верасня ў райцэнтры. У “ЛВ” № 90 за 21 ліста-пада сярод іншых быў змешчаны фотаздымак, на якім на недазволеным для стаянкі месцы некалькі аўтамабіляў. У рэдакцыю патэлефанаваў адзін з уладальнікаў прыпаркаваных там аўто. Ён не назваўся, але абураўся: не маеце права, я кансультаваўся ў ДАІ. Старшы дзяржаўтаінспектар, часова выконваючы абавязкі начальніка АДАІ Мікалай Дылеўскі быў катэгарычны: стаянка любога аўтатранспарту нават на некалькі хвілін на пешаходным участку забараняецца. Уладальнікі аўтамабіляў, якія жывуць у суседніх з магазінам дамах павінны ставіць свае машыны на ўладкаванай стаянцы ці ў дварах.

Здавалася б, усё зразумела. Аднак, і ў час рэйду тут стаялі 4 аўтамабілі. Гаспадары дзвюх машын папрасілі прабачэнне і за некалькі мінут абяцалі сітуацыю выправіць. Мікалай Дылеўскі папярэдзіў, што ў адваротным выпадку за іх гэта зробіць эвакуатар…

Што датычыць астатніх, то іх, па запэўніванні старшага дзяржаўтаінспектара, выявяць праз базу даных (па нумары аўто) і выклічуць для прыняцця мер. Мікалай Дылеўскі нагадаў, што па правілах дарожнага руху за стаянку ў недазволеных месцах прадугледжаны папярэджанне ці штраф у памеры базавай велічыні, паўторна – 2 БВ. А ў выхадныя карціна, на жаль, паўтарылася…

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *