Галоўны дзень. У мінулую суботу ў 8-й радыётэхнічнай брыгадзе салдаты асенняга прызыву далі клятву на вернасць беларускаму народу

У мінулую суботу ў 8-й радыётэхнічнай брыгадзе салдаты асенняга прызыву – больш за дзве сотні  ўчарашніх школьнікаў – далі клятву на вернасць беларускаму народу.

За паўгадзіны да пачатку мерапрыемства да кантрольна-прапускнога пункта асобнага радыётэхнічнага батальёна не прабіцца. Родныя і сябры маладых салдат літаральна акружылі падраздзяленне. Больш за ўсё іх – ля стэнда з інфармацыяй пра тое, дзе будуць праходзіць службу навабранцы. Для тых, хто не ведае, растлумачу: падраздзяленні брыгады дыслакуюцца ў пяці абласцях краіны і, адпаведна, трапіць можна ў любое з іх.
Самі ўдзельнікі ўрачыстасці ўжо стаяць у страі і рыхтуюцца прайсці адзін з самых важных рытуалаў у сваім жыцці – прыняцце воінскай прысягі.
Незабыўныя імгненні. Пачуцці перапаўняюць душу. Хвалююцца ўсе – і камандзір брыгады Ігар Філіпаў, і салдаты, і іх бацькі. Гучаць словы клятвы, якую даюць навабранцы. Родныя і сябры стараюцца сфатаграфаваць сваіх салдат на памяць.
Пасля завяршэння рытуала да прысягнутых на вернасць Радзіме звярнуліся старшыня ветэранскай арганізацыі брыгады падпалкоўнік запасу Віталій Бугаенка і свяшчэннік Свята-Пакроўскага сабора айцец Анатолій, маці аднаго з салдат.
Закончылася ўрачыстая частка страявым маршам пад гукі аркестра.
У гэты дзень бацькі скарысталіся магчымасцю задаць хвалюючыя іх пытанні камандзірам брыгады і батальёнаў, у якіх будуць служыць іх сыны. Родныя байцоў літаральна засыпалі афіцэраў пытаннямі. Самае папулярнае – ці можна адправіць сына служыць бліжэй да дому.
Такое жаданне бацькоў не новае. Згодна заканадаўства, ваеннаслужачыя могуць быць накіраваны для праходжання ваеннай службы бліжэй да дому толькі ў пэўных выпадках. Іх і агучыў палкоўнік Філіпаў.
…З расчыненых дзвярэй казармы з усмешкай выходзяць абаронцы Радзімы. Як жа радасна для любога салдата пасля месяца службы зноў абняць бацькоў! Нехта бярэ на рукі маленькага пляменніка. Вось ужо каму сапраўды цікава дакрануцца да “дзядзі ў форме”. Калі б з усмешак і эмоцый блізкіх можна было запаліць ліхтары, батальён убачылі б з космасу.
Бацькам, безумоўна, цікава азнаёміцца з бытам сваіх салдацікаў. У гэты дзень дзверы казармы расчынены для ўсіх. Экскурсію для іх праводзяць ваеннаслужачыя брыгады. Класы для заняткаў, спальныя памяшканні, пакоі адпачынку і інфармавання. Быт салдата просты, але акуратны.
– А тут  у нас “мамін пакой”, – жартуе адзін з прапаршчыкаў. Так армейцы называюць бытавое памяшканне, дзе салдаты прыводзяць у парадак сваю форму. – Вашы дзеці ўжо самі ўмеюць шыць, прасаваць і мыць.
– Мы іх не навучылі, дык вы навучыце! – гаворыць адна з матуль. Жанчына яўна задаволена ўбачаным.
У гэты час з класа самастойнай падрыхтоўкі даносіцца пах дамашняй ежы. Здаецца, што бацькі прывезлі з сабой месячны запас прадуктаў для сваіх сыночкаў.
А потым ваеннаслужачыя адправіліся ў доўгачаканае звальненне.
…Наперадзе ў маладых салдат амаль паўтара года службы. Пажадаем навабранцам поспехаў у гэтай нялёгкай справе і, канешне, мірнага неба!
Лейтэнант Дзмітрый БАНДАРОВІЧ.

One thought on “Галоўны дзень. У мінулую суботу ў 8-й радыётэхнічнай брыгадзе салдаты асенняга прызыву далі клятву на вернасць беларускаму народу

  • 21/12/2015 в 16:14
    Permalink

    Служите, мальчики! Чтоб наука военная легко вам давалась и время пролетело как одно мгновение

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *