Дапамога як прафесія. Ляхавіцкі раён у 2015 годзе сярод раёнаў Брэсцкай вобласці па сацыяльным абслугоўванні насельніцтва заняў першае месца

Дапамога пенсіянерам і інвалідам, маламаёмасным, прызначэнне і выплата пенсій і дапамог, абслугоўванне адзінокіх састарэлых грамадзян, што страцілі здольнасць да самаабслугоўвання, – толькі некаторыя задачы, якія выконваюць супрацоўнікі сістэмы сацыяльнай абароны раёна.
У раёне на 1 снежня 2015 года налічвалася 8 858 пенсіянераў і атрымальнікаў дапамог. За 2015 год выплачана пенсій і сацыяльных дапамог на суму амаль 260 млрд. руб.
Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама два сектары з пяці непасрэдна займаюцца пытаннямі сацыяльнай абароны: сектар прызначэння пенсій і дапамог і сектар сацыяльнай падтрымкі.
За дапамогай па розных пытаннях   звяртаецца вялікая колькасць людзей, таму прыём грамадзян не абмяжоўваецца толькі афіцыйна вызначаным часам, а вядзецца на працягу ўсяго рабочага дня. Акрамя таго, ва ўпраўленні наладжана дзяжурства па суботах (з 9 да 13 гадзін).
Сучаснае пенсійнае заканадаўства даволі складанае, таму спецыялістам сектара пенсій даводзіцца шмат працаваць над павышэннем прафесійнага ўзроўню, вывучаць пенсійнае заканадаўства іншых краін, з якімі ўзнікае неабходнасць весці дзелавую перапіску.
Дарэчы, трэба адзначыць, што памылкі пры прызначэнні ці пераразліку пенсіі практычна выключаны па прычыне трайнога кантролю, поўнай аўтаматызацыі працэсу і вялікай адказнасці супрацоўнікаў упраўлення.
Разам з сацыяльнай абаронай важнае месца ў жыцці людзей займаюць такія пытанні, як працаўладкаванне, ахова працы, узровень і своечасовасць     выплаты зарплаты.  З гэтага года для сем’яў, у якіх нарадзілася трэцяе і наступнае дзіця, прадугледжаны такі від дзяржаўнай дапамогі як сямейны капітал. Гэтымі і іншымі пытаннямі займаюцца сектары занятасці і працоўных адносін.
Своечасовасць атрымання жыхарамі раёна пенсій і сацыяльных дапамог залежыць ад зладжанай работы сектара бухгалтарскага ўліку і справаздачы.
У апошнія гады прыкметна ўзрасла роля тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Ляхавіцкі ТЦСАН з дня яго заснавання ў студзені 2002 года ўзначальвае Галіна Пішч. Яна падабрала каманду вельмі творчых, самаадданых і неабыякавых супрацоўнікаў. Сёлета яны ўвялі ў практыку такія інавацыйныя і эфектыўныя формы работы як дом сумеснага пражывання для пажылых людзей, працоўная майстэрня, гасцініца выхаднога дня для інвалідаў, прыёмная сям’я, гасцявая сям’я.
Асабліва хочацца адзначыць важнасць работы сацыяльных работнікаў ТЦСАН, якія непасрэдна абслугоўваюць пажылых грамадзян і інвалідаў па месцы жыхарства. Менавіта ад іх спагады, душэўнай цеплыні, дабрыні ў многім залежыць фізічны і маральны стан людзей, якім патрэбна дапамога.
Напярэдадні прафесійнага свята жадаю работнікам і ветэранам упраўлення па  працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама моцнага здароўя, шчасця, поспехаў ва ўсіх справах, добрага настрою і аптымізму.
Леанід КАЛБАСА,
начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне  райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *