Не падзялілі кавалера…

Адразу нават цяжка паверыць, што васемнаццацігадовыя студэнткі здольныя на такі ганебны ўчынак. Адной з іх спадабаўся хлопец, а яму – школьніца. Студэнткі вырашылі правучыць саперніцу. На працягу двух дзён, якія папярэднічалі вечару сустрэчы з выпускнікамі, яны пасылалі ёй на ма-більны тэлефон эсэмэс-пагрозы самымі непрыстойнымі словамі. Пасля, як і абяцалі, перайшлі ў наступленне. У той суботні вечар спынілі старшакласніцу ў школе і пачалі расправу. Цягалі за валасы, білі… Найбольш старалася сама “саперніца”, якая была выпіўшай.
Потым зразумелі, што давядзецца адказваць за свае ўчынкі, і зноў пайшлі ў “наступленне”: закідалі міліцыю заявамі, у якіх скардзіліся на вучаніцу, маўляў, яна ўчыніла “разборкі”. Матэрыялы былі накіраваны на разгляд у камісію па справах непаўналетніх райвыканкама. Адна студэнтка панесла адказнасць па двух артыкулах: за хуліганства і распіццё спіртных напіткаў – штраф 385 тысяч рублёў, другая саўдзельніца гэтай хуліганскай выхадкі – 350 тысяч рублёў. Зразумела, пра ўсё гэта камісія паведаміла ў навучальныя ўстановы – у БарДУ і Баранавіцкі каледж сферы абслугоўвання.
Другі сюжэт таксама пра любоў, толькі ўзнікае пытанне: да дзяўчыны ці да спіртнога? Старшакласнік адной са школ раёна завітаў у госці да ляхавічанкі. Пілі піва, пасля гарэлку. Ён не памятае, як аказаўся ля магазіна “Верас”, дзе і падабралі яго работнікі міліцыі. На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх з юнаком адбылася сур’ёзная размова.
Разглядалі і пытанне, якое датычыць “складанага” шасцікласніка. Ён прызвычаіўся красці. Спачатку пакутавалі аднакласнікі – то пенал прападзе, то новая ручка – за гэта ён ужо трапляў аднойчы на пасяджэнне камісіі. Далей – болей: залез у чужую хату, украў DVD-дыск. Навучыцца добраму ў сям’і, дзе бацькі любяць гарэлку, а старэйшых траіх дзяцей ужо аднойчы забіралі ў прытулак, вельмі складана. Прэтэнзіі камісіі – да бацькоў у першую чаргу. Яны вымушаны будуць заплаціць штраф. Камісія разглядае пытанне аб накіраванні малалеткі на выхаванне ў школу закрытага тыпу.
Эмацыянальна праходзіць разгляд спраў, якія датычаць выхавання дзяцей у сем’ях, дзе бацькі п’юць гарэлку, не працуюць. Малыя тут без віны вінаватыя, пакутуюць ад голаду і холаду, пры жывых бацьках не бачаць ад іх ні ласкі, ні клопату. На гэты раз на пасяджэнне камісіі былі выкліканы бацькі дзвюх сем’яў, дзе выхоўваюцца чацвёра і двое дзяцей. У першай аднойчы ўжо забіралі дзяцей пад апеку дзяржавы, а перад бацькамі ставіліся ўмовы: кінуць піць спіртное і працаўладкавацца. Бацькі ўсвядомілі, што яны могуць страціць самае дарагое ў жыцці – сваіх дзяцей. Выканалі патрабаванні, і сям’я зноў стала поўнай і, здавалася, шчаслівай. Але да пары да часу: праблемы паўтараюцца. Цяпер, калі папярэджанні камісіі праігнаруюцца, будуць рыхтавацца дакументы на пазбаўленне бацькоўскіх правоў. Аналагічныя патрабаванні вынесены і ў адносінах другой сям’і, якая выхоўвае дваіх дзяцей.
Разлучаць дзяцей з бацькамі заўсёды балюча, але іншы раз пакідаць іх у тых умовах, у якіх яны аказваюцца, – немагчыма. Таму ўсё ж вынесена рашэнне забраць дваіх малых з сям’і, якая пражывае ў вёсцы Задвор’е. Дакладней, тут жыве бацька, а маці, забраўшы малых, з’ехала у Бенькаўцы да бабулі. Нідзе не працуе, п’е гарэлку. Дзеці? Яны там нікому не патрэбныя. Гэты выпадак таксама рэцыдыўны: дзяцей ужо аднойчы забіралі з гэтай сям’і. Што будзе цяпер, залежыць ад гора-маці, якая пакуль што не зрабіла цвёрдага выбару – яе родныя дзеці ці гарэлка.
Былі на пасяджэнні камісіі і прыемныя хвіліны: 5 месяцаў двое дзяцей знаходзіліся пад дзяржаўнай апекай у прытулку. Бацькі іх нарэшце ўсвядомілі, каго з-за гарэлкі яны губляюць. Больш не п’юць, уладкаваліся на работу, навялі парадак дома і сям’я зноў у зборы.
Юрый НЕСЦЯРОВІЧ, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *