Вас чакае дэкларацыя

1 сакавіка сыходзіць тэрмін падачы падатковай дэкларацыі па падаходным падатку з фізічных асоб за 2015 год. Хто яе павінен прадстаўляць і выплачваць падаходны падатак, а хто вызваляецца ад такога абавязку?  Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на наступныя выпадкі.

Продаж  транспартных сродкаў

Неабходна запоўніць падатковую дэкларацыю, калі на працягу 2015 года вы атрымалі даходы ад продажу ці іншага выплатнага адчужэння (мена, рэнта) другога і больш аўтамабіля з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 3500 кг і колькасцю сядзячых месцаў, акрамя сядзення вадзіцеля, не больш за 8 ці іншага механічнага транспартнага сродку.

Абавязкова запаўняць дэкларацыю давядзецца ў выпадку, калі тэхнічна дапушчальная агульная маса прададзенага аўтамабіля перавышае 3500 кг (напрыклад, грузавая машына) ці колькасць сядзячых месцаў без уліку вадзіцельскага больш за 8 (напрыклад, аўтобус).

Даходы, атрыманыя ад выплатнага адчужэння атрыманых у спадчыну транспартных сродкаў, вызваляюцца ад падаходнага падатку незалежна ад перыядычнасці іх адчужэння на працягу каляндарнага года.

Продаж аб’ектаў  нерухомасці

Не забудзьцеся пра дэкларацыю, калі на працягу пяці апошніх гадоў (2011-2015) атрымлівалі даходы ад продажу ці іншага выплатнага адчужэння больш як адной кватэры, жылога дома, дачы, садовага доміка, гаража, машына-месца, зямельнага ўчастка, што належалі вам на праве ўласнасці ці долі ў праве ўласнасці на згаданую маёмасць.

Пры атрыманні на працягу згаданага часу даходаў ад продажу аднаго наймення аб’екта нерухомасці, напрыклад, у 2011 годзе – адной кватэры, а ў 2015 годзе – аднаго жылога дома, фізічная асоба вызваляецца ад прадстаўлення падатковай дэкларацыі, бо такія даходы вызваляюцца ад падаходнага падатку з фізічных асоб.

Даходы, атрыманыя ад выплатнага адчужэння атрыманых у спадчыну аб’ектаў нерухомасці, вызваляюцца ад падаходнага падатку незалежна ад перыядычнасці іх адчужэння на працягу пяцігадовага перыяду.

Продаж ці іншае выплатнае адчужэнне долі (пая, часткі долі ці пая) у статутным фондзе арганізацыі іншай фізічнай асобе – падстава для запаўнення падатковай дэкларацыі.

Даходы ў выглядзе дарэння

Пры атрыманні на працягу года ў падарунак ад фізічных асоб (не ІП) грашовых сродкаў і (ці) іншай маёмасці, у тым ліку нерухомай, на суму больш як 43 660 000 рублёў, давядзецца задэклараваць гэтыя даходы. Сума, што перавышае згаданую, падлягае падаткаабкладанню падаходным падаткам.

Выключэнне складаюць выпадкі атрымання даходаў ад блізкіх сваякоў (бацькі, усынавіцелі, дзеці, у тым ліку ўсыноўленыя і ўдачароныя, родныя сёстры і браты, дзед, бабка, унукі, прадзед, прабабка, праўнукі, муж і жонка), а таксама блізкіх сваякоў мужа ці жонкі (у тым ліку памершых). Такія даходы вызваляюцца ад падаходнага падатку незалежна ад памеру.

Здача ўнаём памяшканняў

Калі вы атрымалі на працягу года ад іншых фізічных асоб, якія не з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, даходы ад здачы ўнаём жылых і нежылых памяшканняў на агульную суму больш за 43 660 000 рублёў – вашу дэкларацыю чакаюць у падатковай інспекцыі.

Згаданыя вышэй даходы абкладаюцца падаходным падаткам па стаўцы 13 працэнтаў. Пры гэтым фіксіраваныя сумы падаходнага падатку, выплачаныя за 2015 год, залічваюцца пры вылічэнні падатку па стаўцы 13 працэнтаў.

Даходы, атрыманыя з-за мяжы

Падатковую дэкларацыю абавязаны прадстаўляць фізічныя асобы, прызнаныя ў 2015 го-дзе падатковымі рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь (якія на працягу 2015 года больш за 183 дні фактычна знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі), калі атрымалі даходы з-за мяжы ці за мяжой. Напрыклад, ад работы па найме (кантракце); ад продажу акцый ці іншых каштоўных папер; ад продажу доляў у статутных фондах замежных арганізацый; у выглядзе працэнтаў па рахунках (укладах) у замежных банках; атрыманыя ў падарунак ад замежных грамадзян і г.д.

Фактычна выплачаныя ў адпаведнасці з заканадаўствам замежнай дзяржавы сумы падатку з даходаў, атрыманых у гэтай дзяржаве (акрамя даходаў з афшорных зон), залічваюцца пры вызначэнні сумы падаходнага падатку на падставе адпаведных дакументаў, пацверджаных падатковым ці іншым кампетэнтным органам замежнай дзяржавы. Такое пацвярджэнне неабходна падаць разам з падатковай дэкларацыяй ці на працягу аднаго года з дня падачы заявы аб правядзенні заліку ўплачанага ў бюджэт замежнай дзяржавы падатку.

Анатолій ЖАБІК,

начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках

і зборах па Ляхавіцкім раёне.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *