Жыллё ва ўласнасць: выгадны разлік

1 ліпеня гэтага года завяршаецца працэс прыватызацыі жылых памяшканняў, што адносяцца да дзяржаўнага жыллёвага фонду. Пасля ўказанай даты непрыватызаванае жыллё набудзе статус камерцыйнага (яго наймальнікам давядзецца штомесяц аплачваць не толькі камунальныя паслугі, але і ўносіць плату за карыстанне жыллём). Таму тым, хто свае квадратныя метры яшчэ не аформіў ва ўласнасць, але жадае гэта зрабіць, трэба паспяшацца: звярнуцца з адпаведнай заявай да згаданай даты ва ўпаўнаважаны дзяржаўны орган.

У выпадку, калі жылое памяшканне адносіцца да гарадской ці раённай камунальнай уласнасці, заява падаецца ў гарадскі ці раённы выканаўчы камітэт або арганізацыю, упаўнаважаную ім на прыём заяў аб прыватызацыі (у нашым раёне КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” – заўвага рэдакцыі); калі жылое памяшканне адносіцца да абласной камунальнай ці рэспубліканскай уласнасці – у дзяржаўную арганізацыю, у распараджэнні якой знаходзіцца жылое памяшканне.

Самым актуальным пытаннем, якое пастаянна ўздымаецца ў працэсе прыватызацыі, з’яўляецца кошт аб’екта прыватызацыі. Разлік ацэначнага кошту ажыццяўляецца на падставе палажэння аб вызначэнні кошту аб’ектаў прыватызацыі, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 421 ад 28 мая 2013 года. У адпаведнасці з дакументам, ацэначны кошт вызначаецца зыходзячы з першапачатковага кошту жылога дома, плошчы жылога памяшкання і шэрагу каэфіцыентаў, якія ўлічваюць змяненне цэнаў у будаўніцтве і спажывецкія якасці жылля.

У асобных выпадках вызначаны па данай методыцы ацэначны кошт аб’екта прыватызацыі перавышае рыначны кошт жылога памяшкання. Так бывае ў сельскай мясцовасці, дзе часта выдаткі на будаўніцтва большыя, чым у вялікіх гарадах, а рыначны кошт ніжэйшы.

Для вырашэння данай праблемы сёлета ўнесены змяненні ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 лістапада 2014 года № 524 “Аб прыватызацыі жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду”. Яны прадугледжваюць прадастаўленне грамадзяніну магчымасці самастойна звярнуцца ў спецыялізаваную дзяржаўную арганізацыю, якая ажыццяўляе ацэначную дзейнасць, за правя-дзеннем за свой кошт незалежнай ацэнкі рыначнага кошту жылога памяшкання, што прыватызуецца (напрыклад, у адно з рэгіянальных падраздзяленняў РУП “Брэсцкае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры”).

Прыватызацыя жылога памяшкання адбываецца па найменшым кошце: ацэначным, вызначаным дзяржаўным органам, які прыняў заяву аб прыватызацыі, або рыначным, вызначаным спецыялізаванай арганізацыяй.

Перш чым скарыстацца данай магчымасцю, неабходна звярнуць увагу на наступныя моманты:

– даным правам можна скарыстацца ў перыяд разгляду заявы аб прыватызацыі або ў выпадку, калі тэрмін дзеяння прынятага ўжо рашэння аб прыватызацыі яшчэ не мінуў (ён складае 1 год), а дагавор куплі-продажу гэтага памяшкання натарыяльна не засведчаны;

– паслугі па правядзенні незалежнай ацэнкі рыначнага кошту жылога памяшкання ажыццяўляюцца за кошт сродкаў грамадзяніна. Пры гэтым у выпадку прыватызацыі жылога памяшкання па рыначным кошце, на суму затрат па правядзенні ацэнкі змяншаецца кошт жылля; кампенсацыя панесеных выдаткаў у выпадку прыватызацыі па ацэначным кошце не праводзіцца.

Разгледзім алгарытм дзеянняў у дзвюх магчымых сітуацыях, звязаных з прыватызацыяй.

Сітуацыя першая. Грамадзянін звярнуўся ў дзяржаўны орган з заявай аб прыватызацыі, рашэнне аб прыватызацыі не прынята.

Першы крок. Праз 10-15 дзён з дня падачы заявы неабходна звярнуцца ў дзяржаўны орган, які прыняў заяву, і пазнаёміцца з разлічаным ацэначным коштам жылога памяшкання.

Другі крок. У выпадку нязгоды з ацэначным коштам – звярнуцца ў дзяржаўную арганізацыю, якая ажыццяўляе ацэначную дзейнасць, і заключыць дагавор на аказанне паслуг па правядзенні незалежнай ацэнкі рыначнага кошту жылога памяшкання.

Трэці крок. На працягу 5 дзён з дня заключэння дагавора, але не пазней за 25 дзён з дня падачы заявы аб прыватызацыі прадаставіць копію данага дагавора ў дзяржаўны орган, што прыняў заяву аб прыватызацыі. На падставе данага дакумента тэрмін разгляду заявы аб прыватызацыі будзе падоўжаны з аднаго да двух месяцаў.

Чацвёрты крок. Калі рыначны кошт, вызначаны спецыялізаванай арганізацыяй, будзе меншы за ацэначны, не пазней чым за 10 дзён да заканчэння тэрміну разгляду заявы аб прыватызацыі (2 месяцы) прадаставіць заключэнне аб ацэнцы ў дзяржаўны орган, які прыняў заяву аб прыватызацыі. На аснове данага заключэння прыватызацыя будзе праводзіцца па рыначным кошце.

Сітуацыя другая. Грамадзянін звярнуўся ў дзяржаўны орган з заявай аб прыватызацыі, рашэнне аб прыватызацыі прынята з продажам жылога памяшкання па ацэначным кошце, тэрмін дзеяння рашэння не мінуў, дагавор куплі-продажу жылога памяшкання натарыяльна не засведчаны.

Крок першы. У выпадку нязгоды з коштам жылога памяшкання, указанага ў рашэнні аб прыватызацыі, звярнуцца ў дзяржаўную арга-нізацыю, якая ажыццяўляе ацэначную дзейнасць і заключыць дагавор на аказанне паслуг па правядзенні незалежнай ацэнкі рыначнага кошту жылога памяшкання.

Другі крок. Калі вызначаны рыначны кошт будзе меншы за кошт жылога памяшкання, указанага ў рашэнні аб прыватызацыі, неабходна звярнуцца з заявай у дзяржаўны орган, які прыняў рашэнне аб прыватызацыі, аб унясенні змяненняў у рашэнне аб прыватызацыі жылога памяшкання ў частцы кошту аб’екта прыватызацыі.

У выпадку нязгоды з коштам жылых памяшканняў камунальнага жыллёвага фонду ў працэсе прыватызацыі грамадзяне могуць звярнуцца ў аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі Брэсцкага аблвыканкама.

Аляксей МАРТЫСЮК,

начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі

Брэсцкага аблвыканкама.

Выкарыстана ілюстрацыя.

У Ляхавіцкім раёне па стане на пачатак года з фонду жылля, якое знаходзіцца на балансе камунгаса, не прыватызавана 77 кватэр у горадзе (з іх 15 знаходзяцца ў працэсе прыватызацыі) і 311 у сельскай мясцовасці (падалі заявы на прыватызацыю гаспадары 19). Чэргаў каля кабінета № 15, у якім афармляюць дакументы на прыватызацыю, па словах бухгалтара КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Аляксандры Багеша, не назіраецца.
Нагадаем, для падачы заявы аб прыватызацыі неабходна згода ўсіх паўналетніх членаў сям’і, на непаўналетніх прадастаўляецца пасведчанне аб нараджэнні. Прыватызацыя жылых памяшканняў ажыццяўляецца ў растэрміноўку на 40 гадоў з першапачатковым узносам не меней 10 працэнтаў ад ацэначнага кошту.
Дарэчы, жыхар нашага раёна ўжо скарыстаўся правам правядзення незалежнай ацэнкі рыначнага кошту жылога памяшкання. У выніку пра-цэдуры кошт 4-пакаёвай кватэры ў а/г Ліпск зменшыўся амаль у 2 разы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *