Неспакойнае сэрца

Як жа хутка бяжыць час, і чым старэйшым становішся, тым больш гэта заўважаеш. Многія нашы землякі памятаюць Мяфодзія Пабягайлу камсамольскім лідарам, энергічным, ініцыятыўным – яму вельмі пасавала і адпавядала душэўным памкненням пасада першага сакратара райкама камсамола.
Выпускнік Брэсцкага педінстытута з дыпломам настаўніка фізікі па спецыяльнасці працаваў у Ліпскай школе з 1960 года, адкуль і быў вылучаны на камсамольскую работу. І тады, і пазней – на пасадзе сакратара райкама партыі, дырэктара саўгаса-тэхнікума, выхавальніка ўстановы, Мяфодзій Мікалаевіч вельмі трапятліва, сардэчна ставіўся да пытання патрыятычнага выхавання. Ды і хіба магло быць інакш у сына загінуўшага пад Кёнігсбергам напрыканцы Вялікай Айчыннай удзельніка разгрому фашыстаў, аднаго з тых, хто набліжаў Перамогу?.. ”Памяць пра бацьку я праношу праз усё жыццё і заўсёды хачу, каб моладзь, нашчадкі ведалі пра герояў, якія не скарыліся акупантам і адстаялі сваю незалежнасць. Каб ведалі, які цяжар вытрымалі нашы людзі ў той вайне, колькі было загублена жыццяў”, – напісаў у дасланым у рэдакцыю лісце пару гадоў таму Мяфодзій Пабягайла. Напісаў шчыра, з болем – як заўсёды, нераўнадушна.

Ён узгадвае паходы з моладдзю па месцах былых стаянак партызан, сустрэчу з Героем Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы былым камандзірам партызанскага атраду ”Сокалы”, што дыслакаваўся ў Машукоўскім лесе, Кірылам Арлоўскім, які пабываў на Ляхавіччыне з нагоды 20-годдзя вызвалення раёна ад фашыстаў.
Мяфодзій Мікалаевіч можа расказаць, як узводзілі Курган Славы ля Завіння, і што хутка гэтаму святому месцу-збудаванню будзе паўстагоддзя. Гісторыю з’яўлення яшчэ аднаго помніка – ля ракі Ведзьма па вуліцы Леніна ў райцэнтры – ён таксама ведае не па чутках, а як удзельнік вялікай работы, што гучыць удзячнымі словамі ”ніхто не забыты, нішто не забыта”.
Помнік загінуўшым жыхарам вёсак Зубелевічы і Патапавічы быў устаноўлены ў 1984 годзе, калі Пабягайла ўзначальваў саўгас-тэхнікум. Цёпла ўспамінае патрыятычную работу былога партызана, выкладчыка гісторыі Мікалая Жукава. Называе на той час выхавальніка ўстановы Мікалая Куліцкага, які не шкадаваў ні часу, ні сіл дзеля стварэння і папаўнення матэрыяламі музея баявой і працоўнай славы, экспазіцыя якога з’явілася ў адным з інтэрнатаў установы. Выдатнае пачынанне, бясцэнная ініцыятыва.
Мяфодзій Мікалаевіч ахвотна расказвае, як рыхтавалася да выдання кніга-хроніка ”Памяць. Ляхавіцкі раён”, як многа зрабілі дзеля таго, каб яна з’явілася, тагачасны кіраўнік раёна Аляксандр Цупрык, рэдактар ”Будаўніка камунізму” Вікенцій Шталь, гісторык Віталь Скалабан і многія іншыя нашы землякі.
Час выбірае сваіх герояў. Не згубіўся ў ім, не адседжваўся без спраў, ніколі не быў раўнадушным да людзей наш зямляк Мяфодзій Пабягайла. Натура ў яго такая, ды і спадарожніца жыцця Валянціна Іванаўна – асоба творчая, актыўная, чыя ”хата не з краю”. Яны прыгожа будуюць сваё жыццё, выхавалі дастойных дзяцей, шчаслівыя ўнукамі. А важкі юбілей галавы сям’і – падстава, каб выказаць любоў, павагу і ўдзячнасць дарагому чалавеку.
”Веснікаўцы” далучаюцца да юбілейных віншаванняў.
Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *