Прапанова ад камунальнікаў. 27 сакавіка – Дзень работнікаў бытавога абслугоўвання і жыллёва-камунальнай гаспадаркі

Гонар камунгаса – яго працаўнікі. Сяргей Дашын, Вольга Гатоўчыц, Святлана Дуброўка, Васілій Майсюк – сярод іх.

Калі ўсё нармальна, пра іх звычайна не ўспамінаюць, і з дакладнасцю да наадварот – калі збой у водазабеспячэнні, праблемы з падачай цяпла, не пасыпаныя ў галаледзіцу дарожкі і тратуары, замок на лазні, пытанні з сумамі ў жыроўках. Размова пра камунальнікаў, чый уплыў на якасць быту гараджан і вяскоўцаў надзвычай важкі і адчувальны. Вельмі ўжо шырокае кола іх адказнасці. Стан дваровых тэрыторый, вуліц, сквераў, прыпынкаў гарадскога транспарту, пад’ездаў – іх клопат. Якія кветкі і колькі на клумбах з вясны да позняй восені, якая галоўная навагодняя ёлка раёна, наколькі камфортныя зоны адпачынку і што прапануе гасцям двухзоркавая гасцініца “Эдэльвейс” – таксама ў камунальным раскладзе. А яшчэ якасць пітной вады, работа па зборы смецця і бытавых адходаў, рытуальныя прапановы, стан могілак і многае іншае. У тым ліку – бытоўка, што стала вытворчым падраздзяленнем КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”.
Для паўнаты карціны і дзеля аб’ектыўнасці варта дадаць, што пэўны аб’ём бытавых і камунальных паслуг узялі на сябе індывідуальныя прадпрымальнікі, дзякуючы якім можна і гадзіннік адрамантаваць, і бытавую тэхніку, атрымаць даволі поўны набор цырульніцкіх паслуг. А ў арганізацыі рытуальных яны і ўвогуле стварылі сур’ёзную канкурэнцыю камунгасу.
Справа, калі ёю займаюцца адказныя, сумленныя працаўнікі, заўсёды ладзіцца, нават самая складаная і нерастыражыраваная. Шмат гадоў рабочы па добраўпарадкаванні населенных пунктаў участка “Саначыстка” Сяргей Дашын даказвае гэта пераканаўча і поўна. Павага калег, аўтарытэт у калектыве ў Сяргея Васільевіча заслужаныя: ён надзейны і працаўнік, і таварыш. Калі бярэцца за справу, даводзіць яе да канца. Невыпадкова да прафесійнага свята ўзнагароджаны Граматай райвыканкама. Дарэчы, загадчыца фізіка-хімічнай лабараторыі ачышчальных збудаванняў Вольга Гатоўчыц за стаўленне да службовых абавязкаў, прафесіяналізм адзначана Падзячным пісьмом райвыканкама.
Шмат добрых слоў чуе ў свой адрас тэхнік-тэхнолаг участка “Бытавое абслугоўванне” Святлана Дуброўка, якая ўзнагароджана Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў. А Падзячнае пісьмо райсавета накіравана электраманцёру па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання ачышчальных збудаванняў Васілію Майсюку.
Намеснік дырэктара па ідэалогіі Вячаслаў Кучэйка і рабочая ўчастка “Лазні” Надзея Болтуць адзначаны ганаровымі граматамі Брэсцкага абласнога ўнітарнага прадпрыемства “Упраўленне ЖКГ”. А нагруднага знака “Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі” Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўдастоены дырэктар камунгаса Аляксандр Мядзвецкі, чый партрэт другі год запар на раённай Галерэі славы.
Пашана за працу, ацэнка і выніковасць намаганняў, работа над памылкамі, бачанне перспектыў, удасканаленне якасці і асартыменту паслуг – усё гэта ўзаемазвязана, узаемазалежна. І прыкметна: новаўвядзенні заўважаюцца адразу. Напрыклад, хто не адзначыў: ля прыпынку гарадскога аўтобуса ля аўтастанцыі, у двары шматкватэрніка па вул. Леніна з’явіліся не прывычныя воку ладныя кантэйнеры для смецця. Мусіць, тыя, доўгачаканыя – для па-асобнага збору.
У свята, канешне, належыць гаварыць пра здабыткі. Ёсць яны, і даволі важкія, у мясцовых камунальнікаў. Але ёсць і праблемы, над якімі трэба працаваць сур’ёзна і штодня. Каб адпавядаць патрабаванням часу і жыхароў рэгіёна, якія карыстаюцца камунальнай прапановай.

Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *