Распачала кампанію вясна

Хоць іншы раз падмарозіць і заснежыць, але хлебароб ведае дакладна: пара распачынаць палявыя работы. Найперш – падкормку сенакосаў і пашы, рапсу, азімых зерневых. СВК “Шлях новы”, дзе ёсць спецыяльны агрэгат “Раса”, першым у раёне ўзяўся за гэта. Сёння ў гаспадарцы поўнасцю падкормлены азімыя зерневыя, прызначаныя на зялёны корм грамадскаму статку.
У СВК “Жарабковічы” выбарачна, на ўзгорках, дзе глеба падсохла, вядуць падкормку рапсу, азімай пшаніцы. Прыступілі да веснавых палявых работ у КСУП “Востраў-Агра”.
Мінулая восень давала земляробам магчымасць заараць землі, прызначаныя пад пасевы яравых. Многія гаспадаркі яе выкарысталі і сёння намаганні сканцэнтравалі на іншых работах, у тым ліку на апошніх прыгатаваннях да сяўбы. А КСУП “Тальмінавічы”, “Ліпнянка”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, ЗТАА“БелДан” вымушаны весці ворыва цяпер.
Ужо ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна распачаты вясновыя клопаты, накіраваныя на тое, каб неўзабаве зарунелі 19480 гектараў яравых збожжавых і зернебабовых культур, 1600 – кукурузы, 1700 – цукровых буракоў, 350 – бульбы, 1950 гектараў ільну.
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *