За пяцігодку – не пяцёрка

Мэтай дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця вёскі на 2011- 2015 гады было вызначана стварэнне ўмоў для прыярытэтнага сацыяльна-эканамічнага развіцця вёскі, павышэння эфектыўнасці работы аграпрамысловага комплексу краіны. Усё гэта ў тым ліку і за кошт трансфармацыі сістэмы дзяржпадтрымкі з улікам міжнароднага вопыту, развіцця перапрацоўчай прамысловасці і знешнеэканамічнай дзейнасці, прыняцця дадатковых мер па развіцці сацыяльнай сферы, адукацыі, культуры, фізкультуры і спорту, па будаўніцтве жылля, іншае. Але спачатку эканоміка, у якой, нібы ў люстэрку, адбіваецца і ўся “сацыялка”.

Гэтаму пытанню і было прысвечана сакавіцкае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, дзе справаздачу аб ходзе рэалізацыі праграмы ў Ляхавіцкім раёне трымаў начальнік райсельгасхарчу Сяргей Баргамон.

Па шэрагу вытворча-эканамічных пазіцый мінулы год выдаўся менш “ураджайным” у супастаўленні з 2014-м.   Сельскагаспадарчай прадукцыі атрымана на меншую суму. Адсталі і тэмпы росту вытворчасці прадукцыі раслінаводства. Жывёлагадоўля прадэманстравала больш як 3-працэнтны рост, але ў цэлым па АПК выйсці на базавы ўзровень не атрымалася. Нягледзячы на пастаянны рух у накірунку зніжэння ўласных вытворчых выдаткаў, сабекошт прадукцыі знізіць не атрымалася. Па словах дакладчыка, прычына ў тым, што на апераджальны рост цэн на матэрыяльна-тэхнічныя рэсурсы – паліва, удабрэнні, сродкі аховы раслін, механізмы і машыны – адказаць паралельна аграрыі не маглі. Прычына – сацыяльная значнасць пладоў сельскагаспадарчай працы.

Толькі 3 аграрныя прадпрыемствы раёна выйшлі летась на прагнозныя лічбы. Аграрыі ДП “Нача” прыбавілі за год на 5,7 працэнта, ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” – 8,8, ЗАТ “Белпрампрыбор” – 9,5.

З прыбаўкай спрацавалі СВК “Жарабковічы” і “Ляхавіцкі”, Ляхавіцкі аграрны каледж, ЗТАА “БелДан”: харчовы вал названых прадпрыемстваў перавысіў аналагічны паказчык 2014 года, чаго, аднак, аказалася недастаткова для выканання даведзенага задання. Астатнія – у мінусе. У якасці прычыны зніжэння паказчыкаў работы раслінаводчага цэха АПК раёна начальнік райсельгасхарчу назваў неспрыяльныя ўмовы надвор’я сезона 2014-2015.

Што тычыцца пяцігадовага тэрміну дзеяння дзяржпраграмы, з даведзеным у яе рамках заданнем справіліся таксама толькі 3 нашы аграпрадпрыемствы. Але расклад ужо іншы: СВК “Ляхавіцкі”, “Жарабковічы”, ЗТАА “БелДан”.

У мінулым годзе сельгаспрадпрыемствы раёна атрымалі больш як 51 тысячу тон малочнай прадукцыі, што на 4,5 працэнта вышэй узроўню 2014 года. Пры гэтым паказчык удойнасці “сярэдняй” раённай кароўкі за год пад-рос на 198 кілаграмаў, дасягнуў узроўню 4853 кілаграмы. Праўда, з пяцігадовым заданнем справіліся толькі малочнікі “Ляхавіцкага”. Астатнія не дабралі.

Адной з прычын адставання малочнай галіны раёна ад праграмных паказчыкаў дакладчык назваў той факт, што колькасць уведзеных у эксплуатацыю малочнатаварных фермаў аказалася меншай, чым планавалася. Штогод аб’ёмы фінансавання зніжаліся. Па шляху змяншэння колькасці вялося і будаўніцтва аб’ектаў жывёлагадоўлі.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч з падобнай высновай не пагадзіўся:

– Дзе ёсць парадак, там прысутнічае і вынік. Не будынак фермы галоўнае. І нават не яго напоўненасць. Галоўнае – людзі: іх адносіны да працы, адказнасць за яе вынікі. Кармы, работа па ўзнаўленні статка з’яўляюцца важнейшымі кампанентамі выніковай работы.

У якасці прыкладу старшыня райвыканкама назваў ЗАТ “Белпрампрыбор”. МТФ “Галаўнінцы” з’яўляецца не самай новай, не самай сучаснай і перадавой у плане тэхналагічнай аснасткі. Пры гэтым, у рабоце дэманструе экстра-вынікі. І ў пераносным, і ў самым прамым сэнсе слова: кожны атрыманы на ферме літр малака адпавядае патрабаванням гатунку экстра, а літраў гэтых “набягае” па 21 і больш у дзень на карову.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *