МАЗу быць!

Інфаграфіка БЕЛТА

Інвестыцыі ў машынабудаванне будуць выдзяляцца толькі пад канкрэтныя рынкі збыту. Аб гэтым 7 красавіка заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь  Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання ААТ «Мінскі аўтамабільны завод» – кіруючая кампанія холдынга «БелаўтаМАЗ».

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці і перспектывах развіцця прадпрыемства. Як адзначыў Прэзідэнт, у час наведвання МАЗа яму таксама прапаноўвалі правесці нараду па пытаннях стратэгіі развіцця айчыннага машынабудавання ў цэлым. На гэтым мерапрыемстве ў тым ліку планавалася абмеркаваць пытанне размеркавання крэдытных рэсурсаў, што прадастаўляюцца Беларусі Кітаем.    Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што гэта нарада пройдзе пазней і ў іншым фармаце. Пры гэтым ён падкрэсліў, што любыя фінансавыя рэсурсы, асабліва крэдытныя, прадпрыемствы змогуць атрымаць толькі пасля дакладнага падліку патэнцыяльных рынкаў збыту новай прадукцыі.

«Таму вы павінны дакладна разумець, што калі бераце грошы пад нейкі прадукт, то павінны даказаць, што, вырабіўшы яго, заўтра прадасце», – дадаў беларускі лідар.  Гаворачы аб асваенні новых рынкаў збыту, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ўжо даўно і настойліва ставіць адпаведную задачу. «Я ад вас гэтага патрабую. А то не паспеў я сюды прыйсці, як вы мне пачалі расказваць пра Расію (расійскі рынак. – Заўвага БЕЛТА). Мы ўжо 25 гадоў як незалежная дзяржава. У Расіі свае праблемы, – адзначыў Прэзідэнт. – Так, там рынак, які вы здалі. Сёння гэты рынак вельмі лёгка адваяваць. Але туды трэба прадаць якасную, прыгожую, надзейную тэхніку па канкурэнтнай цане».

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу, каб пры замежных пастаўках не выкарыстоўваліся нейкія сумніўныя схемы і пасрэдніцкія структуры, у выніку чаго ўзнікнуць праблемы з вяртаннем грошай за прададзеную тэхніку. А такія прыклады, на жаль, ёсць.

«Вы – дзяржаўнае прадпрыемства. Ад вас мінімум што просяць – захаваць працоўныя калектывы, плаціць зарплату, вырабляць доб-ры тавар і прадаваць яго», – сказаў Прэзідэнт.

Падчас размовы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву прадпрыемства Аляксандр Лукашэнка  заявіў, што МАЗ, таксама як і іншыя вядомыя беларускія брэнды, неабходна захаваць. Гэта ў першую чаргу задача ўсяго працоўнага калектыву. «Калі вы, кожны на сваім рабочым месцы, не зоймецеся якасцю, мы не вытрымаем канкурэнцыі, – сказаў Прэзідэнт. – Мы павінны захаваць гэты завод і павысіць якасць».

«МАЗ, як і БелАЗ, і мотавелазавод – гэта твар нашай краіны. Мы ні ў якім разе не можам і не маем права ўгробіць гэтыя прадпрыемствы. Таму, адказваючы скептыкам і тым, хто сёння не верыць у гэта: МАЗу быць, быць заўсёды, і пры мне, і пасля мяне», – заявіў Кіраўнік дзяржавы. Захаванне гэтых і іншых прадпрыемстваў, падкрэсліў Прэзідэнт, гэта справа не толькі яго гонару, але і захаванне эканамічнай базы, рабочых месцаў для будучых пакаленняў. «Наша шчасце тут, на гэтай зямлі. І мы павінны думаць аб тым, як захаваць рабочае месца для нашых дзяцей», –
дадаў Аляксандр Лукашэнка.
У час наведвання МАЗа быў таксама арганізаваны своеасаблівы агляд асноўных прадпрыемстваў беларускага машынабудавання. Аб перспектыўных планах і распрацоўках Прэзідэнту далажылі кіраўнікі БелАЗа, «Амкадора», «Гомсельмаша», МТЗ, «БелДжы». Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з выстаўкай найноўшых узораў тэхнікі гэтых прадпрыемстваў, выстаўкай дэталей, вузлоў і аўтаагрэгатаў. Акрамя неабходнасці забеспячэння высокай якасці прадукцыі, размова тут вялася і аб рабоце па імпартазамяшчэнні, зніжэнні выдаткаў на вытворчасці, аб павелічэнні долі айчынных камплектуючых.
На аўтамабілі беларускай вытворчасці ў перспектыве перасядзе і большасць чыноўнікаў. Такое даручэнне Кіраўнік дзяржавы даў, азнаёміўшыся з легкавым аўтамабілем прадстаўніцкага класа, вытворчасць якога СЗАТ «БелДжы» плануе пачаць у Беларусі ўжо ў трэцім квартале бягучага года.
Кіраўнік дзяржавы таксама адказаў на некалькі пытанняў работнікаў МАЗа, што датычылі захавання льгот у адносінах узросту выхаду на пенсію для тых, хто заняты на шкодных вытворчасцях, магчымасцяў аказання падтрымкі ў вырашэнні жыллёвых пытанняў.
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што Беларусь пераадолее эканамічныя цяжкасці, захаваўшы мір і спакой у краіне. «У нас галоўная праблема – эканоміка. Калі мы перажывём гэты цяжкі час – а ён рана ці позна скончыцца, нам тады ніхто не страшны. Мы гэта пераадолеем, мы моцныя людзі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Па матэрыялах БЕЛТА.

Інфаграфіка БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *