Мы памятаем! Мы ганарымся! Ляхавіччына адзначыла Дзень Перамогі /фота/

Перамога… Слова, якое кранае душу, будзіць успаміны, напаўняе   свядомасць болем і радасцю   адначасова. Боль за тых, хто паклаў   на алтар Перамогі сваё жыццё, з дзесяцігоддзямі не становіцца менш вострым, а радасць кожнага  новага мірнага дня суседнічае  з бяскрайняй удзячнасцю пакаленню пераможцаў. Ім – наша лепшая песня, паклон да зямлі, самыя  прыгожыя кветкі і яркія фарбы мая.
Мы памятаем! Мы ганарымся!

Урачыста, светла, сонечна адзначыла 71-ю гадавіну Вялікай Перамогі Ляхавіччына. З традыцыйным настроем, аднак у нетрадыцыйным фармаце.

Узведзены ў гонар абаронцаў ляхавіцкай зямлі Курган Славы быў, ёсць, будзе святым месцам для кожнага земляка, месцам   пакланення неўміручаму салдацкаму подзвігу. 8 мая а дзясятай гадзіне сонечную цішыню старога лесу напоўнілі мелодыі. Песні ваеннага часу шчымлівым рэхам аддаваліся ў высокіх кронах разгалістых хвояў. Побач ажыўленая шаша: кожны аўтамабіліст скідваў скорасць, бясшумна рухаючыся, нібыта салютаваў вялікаму подзвігу, яго творцам – салдатам Вялікай Айчыннай. Ля падножжа Кургана застыла ганаровая варта: на тварах маладых салдат і юных піянераў чытаецца важнасць і адказнасць моманту. Сённяшнія армейцы ўскладаюць да падножжа Кургана зялёныя гірлянды. Схіл Кургана запаўняюць вянкі памяці: ад ветэранаў вайны, кіраўніцтва раёна, працоўных калектываў Ляхавіччыны, грамадскіх аб’яднанняў… Залпы  жалобнага салюту.   Мінута маўчання.

Асноўныя ўрачыстасці, прымеркаваныя да Дня Вялікай Перамогі, адбыліся ў Ляхавічах. Народнае шэсце, што стартавала ад гарадскога стадыёна, расцягнулася на сотні метраў. Святочную калону ўзначалілі бойкія барабаншчыцы. Далей – духавы аркестр, страявыя каробкі воінаў Узброеных Сіл краіны, кіраўніцтва раёна, ужо нешматлікія, на жаль, сведкі той вайны – ветэраны. Побач – моладзь, прадстаўнікі працоўных калектываў горада і раёна, юныя спартсмены, у ліку якіх і строй веласіпедыстаў. Гучным ровам магутных матораў “салютавалі” 71-й гадавіне Вялікай Перамогі матацыклісты.
“Плацдармам” афіцыйных урачыстасцяў стала плошча Перамогі. Запеўным акордам прагучала “Фронтовики, наденьте ордена!” у выкананні хору народнага клуба ветэранаў вайны і працы “Сівізна”.
Надзець баявыя і працоўныя ўзнагароды і прыйсці на сваё галоўнае свята змаглі ўжо вельмі і вельмі нешматлікія салдаты Перамогі. Хапіла і дзясятка месцаў, каб з гонарам і пашанай размясціць самых галоўных і самых паважаных землякоў. Кветкі, песні, словы ўдзячнасці, прызнанні – ім.
Да помніка воінам, якія загінулі ў баях за вызваленне Ляхавіччыны ад фашызму, ляглі традыцыйныя гірлянды, вянкі, кветкі. Ушанаваць памяць загінуўшых на той вайне, пакланіцца вялікаму подзвігу разам з жыхарамі раёна прыйшлі і госці, у тым ліку дэлегацыя Лэнчненскага павета Люблінскага ваяводства Рэспублікі Польшча. Стараста павета Раман Халева ад душы павіншаваў ляхавічан і падкрэсліў, што вельмі рады сустракаць 71-ю гадавіну Перамогі на гасціннай беларускай зямлі.
Са святам Вялікай Перамогі жыхароў раёна, гасцей Ляхавіччыны віншаваў старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч. Становіцца ўжо традыцыяй 9 мая ўручаць маладым людзям павесткі аб прызыве на тэрміновую вайсковую службу. Так было і на гэты раз: прызыўнікі – ураджэнцы горада і раёна – атрымалі з рук вопытных вайскоўцаў “пуцёўкі” ў новае жыццё – вайсковае.
Апладысментаў публікі ўдастоіліся барабаншчыцы: іх плац-канцэрт стаў яркім упрыгожаннем святочных мерапрыемстваў.
Парадныя каробкі вайскоўцаў чаканным крокам адсалютавалі мужным абаронцам Айчыны. Мітынг-рэквіем “Паклон табе, Вялікая Перамога!” завяршыўся.
Свята ж мела працяг там, дзе і пачыналася. На стадыёне “Колас” былі наладжаны шматлікія творчыя выставы, працавалі атракцыёны, праводзіліся спартыўныя спаборніцтвы. Тэатралізаваны канцэрт “Пра мінулае памяць захаваем…” прадоўжыўся канцэртам самадзейных артыстаў “Песня далёкая і блізкая”. Кожны жадаючы мог пакаштаваць кашу, прыгатаваную ў палявой армейскай кухні. Ну і гандлёвым радам людзі таксама былі рады. Панаваў выдатны настрой.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Пракапенка.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *