Парк ажэшкінскага перыяду /фота/

Зацвітуць бегоніі і ружы. А ў рознааддаленым суседстве з агеньчыкавымі, каралеўскімі і іншымі кветкамі гучанне флер’яноўскай флоры ўзмацнілі фруктовыя і ягадныя дрэвы, вінаградная лаза, кусты бэзу. “Скажыце флер’яноўскім бэзам, каб да майго прыезду не адквітнелі!” – іранізавала ў адным з лістоў Эліза Ажэшка.
Так, у шэрагу размешчаных на тэрыторыі Ляхавіччыны палацава-паркавых ансамбляў, за флер’яноўскім “цягнецца” яшчэ і літаратурны флёр. Захапляючыся гарманічнай прыгажосцю тутэйшых мясцін, вядомая пісьменніца і грамадскі дзеяч таго часу гаварыла аб вёсцы з вялікай любоўю, у крыштале пахучага тутэйшага паветра знаходзіла натхненне для напісання сваіх твораў.
Незадоўга да 175-годдзя з дня нараджэння літаратаркі па ініцыятыве мінскіх ЗАТ   “ГД Фермент”, ТАА “Цалкам” і размешчанага ў Заслаўі УП “АРТ-Ландшафт” у вёсцы прайшла грамадская акцыя “Адраджэнне сада Флер’янова”. Перспектыўная мэта праекта – рэканструяваць паркавую частку знакамітай, арыгінальнай і некалі адмыслова прыгожай сядзібы. Вярнуць поўную аўтэнтычнасць наўрад ці магчыма, а вось наблізіцца да арыгінальных матываў цалкам рэальна. Чаму рухавікамі праекта выступілі названыя кампаніі? Адказ знаходзіцца ў літаральным сэнсе зусім блізка: за пару соцень метраў ад сядзібы размешчана адна з вытворчых структур “Фермента” аднаіменнае таварыства з абмежаванай адказнасцю.
Праект стартаваў 26 мая. Супрацоўнікі кампаній у суполцы з навучэнцамі Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа высадзілі дрэвы і кустоўе, кветкі, займаліся аздабленнем флер’яноўскіх газонаў.
Адзін з бакоў перыметра сядзібы абмежаваны далёкай ад аўтэнтыкі бетоннай агароджай. З мэтай надаць элементу паркавае гучанне, было вырашана закрыць бетонную шэрасць за зяленівам вінаграднай лазы. Вясна-лета – насычаны ізумруд. Пазней, з паспяваннем сакавітых ягад агароджа ажывіцца новымі фарбамі.
Галоўная ўвага – галоўнаму фасаду, твару не толькі сядзібы, але і ўсёй вёскі. На сумежнай з ім тэрыторыі ўладарыць будзе ружа. Як і павінна, у прыбліжэнні да легендарнага флер’яноўскага ружоўніка. Як удакладніла каардынатар праекта, намеснік дырэктара “Фермента” Ірына Крамінкіна, ружы сорту “фларыбунда” уражваюць тонкасцю водару. Невысокія, каб не “забраць” на сябе эстэтыку фасаднай архітэктуры, заплеценыя ў кветкі далікатныя бардова-шызыя пялёсткі будуць радаваць на працягу тыдняў. У гэты момант хочацца яшчэ раз узгадаць Элізу Ажэшка, дакладней, яе завядзёнку ўпрыгожваць, аздабляць свае пісьмовыя пасланні пялёсткамі флер’яноўскіх ружаў. Але ж не толькі: і эстэтычна, і гістарычна ў паркавую канцэпт-клумбу ўпішуцца касачы, хосты, незабудкі …  І гэта, мяркуецца, толькі пачатак.
Нагадаем, што ў раёне таксама распрацавана праграма па адраджэнні, развіцці турыстычнай цікавасці да размешчаных на нашай тэрыторыі палацава-паркавых ансамбляў: Рэпіхава, Грушаўка і, канешне, Флер’янова. Пры гэтым, як адзначыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Мікалай Дабрыянец, кіраўніцтва раёна ўдзячна ўсім, хто аказвае падтрымку ў справе аднаўлення-адраджэння культурна-гістарычных каштоўнасцей Ляхавіччыны.
А завяршыць флер’яноўскі экскурс хочацца канкрэтным напамінам: некалькі гадоў назад іменна рэдакцыя “Ляхавіцкага весніка” ініцыявала і стала адным з удзельнікам пасадкі ў Флер’янове маладой дубравы, так бы мовіць, у працяг старога ажэшкінскага дуба. Разам з намі тады шчыравалі навучэнцы каледжа, працаўнікі СВК “Шлях новы”, лясгаса, ветэраны.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

У    ТЭМУ

І хаця сам будынак, у якім некалі жылі Бохвіцы, сёння з’яўляецца прыватнай уласнасцю нашага земляка Генрыха Траццяка, а зямельны ўчастак ім жа арандуецца, іх гістарычная значнасць для ляхавічан і наогул для людзей, якія шануюць сваю гістарычную спадчыну, ніколькі не зменшылася. Зацікаўленасць у адраджэнні былой сядзібы Бохвіцаў – яскравае сведчанне гэтага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *