Форма адзення — будатрадаўская

У вялікіх гарадах  маладым прапануюць разнастайную работу ў якасці прыбіральшчыкаў, распаўсюджвальнікаў рэкламы,  пасудамыйшчыц, нянек, будаўнікоў, падсобных рабочых і г.д. Многія студэнты педагагічных ВНУ і ССНУ працуюць у аздараўленчых лагерах важатымі, выхавальнікамі, фізрукамі і плаўрукамі.  Па-ранейшаму папулярнасцю карыстаюцца і будаўнічыя студэнцкія атрады.

А як справы з другаснай занятасцю школьнікаў і навучэнцаў на Ляхавіччыне?  З гэтым пытаннем “ЛВ” звярнуўся ў сектар занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.  Як адзначыла галоўны спецыяліст упраўлення  Алена Астапенка, сёлета маладых людзей, хто жадае папрацаваць летам у свабодны ад вучобы час, як заўжды значна больш, чым прапаноўваемых месцаў. Многія прадпрыемствы  адмаўляюцца ад часовых работнікаў такога ўзросту. Вось і атрымліваецца, што юнакі і дзяўчаты працаваць хочуць, а няма дзе. Праўда, некаторыя самастойна знаходзяць прымяненне сваім сілам і энергіі: адпраўляюцца ў лес за ягадамі, якія потым здаюць нарыхтоўшчыкам ці прадаюць на рынку, бяруцца і за часовую работу, напрыклад – прадаўцамі рознічнага гандлю ці квасу.

У рамках праграмы другаснай занятасці моладзі на канікулах старшакласнікі дзвюх навучальных устаноў працуюць на базе сваіх школ у так званай пятай працоўнай чвэрці.

Сёлета пашанцавала наконт другаснай занятасці вучням Пранчакоўскай і Крывошынскай  сярэдніх  агульнаадукацыйных школ. Паміж аддзелам адукацыі і ўпраўленнем па працы, занятасці  і сацыяльнай абароне райвыканкама заключаны дагавор, згодна якога  49 хлопчыкаў і дзяўчынак з гэтых школ  выконваюць пэўны пералік работ, а за працу атрымаюць заработную плату. Для залічэння ў атрад, як звычайна, патрабуюцца пісьмовы дазвол ад бацькоў і  медыцынская даведка аб стане здароўя. Юныя працаўнікі забяспечаны спецадзеннем. Неад’емны элемент — інструктаж па техніцы бяспекі.

Вучні Крывошынскай САШ з 16 чэрвеня  шчыруюць на добраўпарадкаванні  тэрыторыі  паркавага ансамбля Рэпіхава. Акрамя таго, рабяты наводзяць парадак на магілах салдат, за-гінуўшых у гады Першай сусветнай вайны,  рамантуюць школьную мэблю, калідоры, спартыўную і актавую залы, даводзяць да ладу агароджу вакол школы.

Плённа працуюць на добраўпарадкаванні тэрыторыі сваёй навучальнай установы і збіраюць мэблю  25 хлопчыкаў і дзяўчынак з Пранчакоўскай САШ. У іх працоўная чвэрць пачалася з першых дзён  чэрвеня. Рабяты шчыруюць з задавальненнем і натхненнем. Трапіць у працоўны дэсант змаглі толькі  самыя лепшыя, працавітыя, ініцыятыўныя і актыўныя вучні.  Многія ўжо нават вырашаюць, на што патрацяць заробленыя грошы.

На летняе працаўладкаванне мясцовых рабят выдаткавана 14,9 мільёна рублёў, з іх 7,2 мільёна — са сродкаў фонду сацыяльнай абароны. Грошы пайшлі на закупку неабходных матэрыялаў, а таксама на заработную плату .

У час жніва дапамога юных таксама спатрэбіцца, а восенню старшакласнікі выйдуць на палеткі гаспадарак раёна і будуць дапамагаць на ўборцы бульбы, ільну, яблыкаў.

Лета — гэта яшчэ і будатрадаўскі рух.  Восьмы год запар у Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы ў ліпені  таксама высаджваецца працоўны дэсант. Сёлета да работы прыступіў толькі адзін атрад “Флагман”. Статус будатрадаўца атрымалі 7 навучэнцаў каледжа  з 45 жадаючых. Трэцякурснікі агранамічнага аддзялення  Сяргей Грыгаровіч,  Андрэй Карабкоў, Таццяна Саўчук,  Іна Бярозка,  Вольга Петран, Таццяна Захарчук і камандзір атрада Рыгор Брэзін з 4 па 20 ліпеня  займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторый, рамонтам у 3 і 4 інтэрнатах каледжа. За сваю штодзённую (акрамя выхадных) працу рабяты будуць атрымліваць зарплату. Дарэчы, абавязковай умовай для залічэння ў будатрад сталі паспяховая вучоба,  актыўны ўдзел у культурна-масавай рабоце, не менш як 18-гадовы ўзрост каляджан, адсутнасць медыцынскіх супрацьпаказанняў для такой работы і нараканняў на дысцыпліну. У свабодны ад работы час будатрадаўцаў чакае цікавая і насычаная праграма адпачынку: гульні, конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы, вечары адпачынку і дыскатэкі — у каледжы ўмеюць спалучаць прыемнае з карысным.

4 ліпеня адбылося ўрачыстае адкрыццё працоўнага семестра ў ЛДАКу: першая ліней-ка, падняцце сцяга, пажаданні добрай працы і цікавага адпачынку  ад намесніка дырэктара  ўстановы Мікалая Дабрыянца і  сакратара райкама ГА БРСМ Тамары Пракап’юк. Пасля святочнага пастраення ў юнакоў і дзяўчат пачаліся працоўныя будні.

Галіна КАНЬКО
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *