Выберы свой шлях
Удзельнікі гэтага конкурсу цвёрда выбралі свой шлях – жыццё без наркотыкаў.
Ва ўпраўленні ўнутраных спраў аблвыканкама былі падведзены вынікі конкурсу агітацыйна-прафілактычных матэрыялаў “Скажы не наркотыкам!”. Ён сабраў больш за 50 работ, геаграфія якіх прадстаўляе практычна ўсю вобласць. Актыўны ўдзел у акцыі прынялі школьнікі, навучэнцы каледжаў, працоўная моладзь.
Журы конкурсу вызначыла лепшыя работы па заяўленых намінацыях. Начальнік УУС Брэсцкага аблвыканкама генерал-маёр міліцыі Уладзімір Сычэўскі выканаў сваю першую ў новым спецыяльным званні публічную місію – на сходзе асабовага саставу УУС уручыў дыпломы і каштоўныя падарункі лаўрэатам. Такія акцыі пацвярджаюць, што ў нас шмат таленавітых маладых людзей з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, неабыякавых да праблем сучаснага грамадства. Гэта адзначыў кіраўнік праваахоўнай службы вобласці на цырымоніі ўзнагароджання.
Конкурс абавязкова атрымае працяг, у гэтым перакананы яго галоўныя арганізатары – супрацоўнікі ўпраўлення наркакантролю УУС. Па словах яго начальніка Андрэя Ярошыка, актыўны ўдзел насельніцтва, а тым больш моладзі ў падобных мерапрыемствах – адна з самых дзейсных формаў прафілактыкі наркаманіі.
З матэрыяламі, дасланымі на конкурс, і інфармацыяй пра яго пераможцаў можна азнаёміцца на афіцыйным сайце УУС Брэсцкага аблвыканкама.
Прэс-служба УУС аблвыканкама