Школьныя зборы

Летнія канікулы пралятаюць хутка. Пакуль рабяты з задавальненнем цешацца доўгачаканым адпачынкам,  навучальныя ўстановы і дарослыя рыхтуюцца да чарговай сустрэчы са школьнікамі.  Надышоў час здаваць экзамен на падрыхтаванасць да новага навучальнага года прадпрыемствам, якія выпускаюць тавары для дзяцей і школьнікаў, і прадпрыемствам гандлю. Дарослыя прыкладаюць пошукавыя і фінансавыя намаганні, каб адпра-віць дзяцей у школу ў “поўным узбраенні”.

Сучасная і на розныя густы школьная форма, камфортны абутак, пісьмовыя прыналежнасці, партфелі і многае іншае, што спатрэбіцца  і першакласнікам, і выпускнікам, у вялікім асартыменце паступае ў буйныя  спецыялізаваныя  гандлёвыя цэнтры, магазіны і, безумоўна, на школьныя кірмашы, якія па ўсёй краіне пачалі працаваць з 15 ліпеня.  Плануецца правесці 1,8 тысячы выставак-продажаў, 625 школьных базараў, у тым ліку 160  пастаянна дзеючых, акрамя таго, у магазінах адкрыецца 5 тысяч аддзелаў для школьніка. Цікавы факт: у зоне гандлёваг абслугоўвання арганізацый Белспажыўкааперацыі знаходзіцца 2813 школ з агульнай колькасцю 487 тысяч вучняў, з якіх 220 тысяч – з сельскай мясцовасці.

Як плануюць “пабазарыць” у Ляхавічах?  Па інфармацыі з аддзела эканомікі райвыканкама, з 20 ліпеня школьны базар пачне прымаць пакупнікоў на рыначнай плошчы ў райцэнтры. Асноўны наплыў школьнікаў і іх бацькоў чакаецца ў магазіне “Аліса” (з пачатку ліпеня  сюды завезены новыя партыі адзення і канцтавараў). Неабходны асартымент школьных тавараў, ад алоўка да касцюмаў, завозіцца ў магазіны аграгарадкоў і вёсак.

— Мама,  паглядзі, як класна! Я так у школу пайду? — звонкім голасам выказвае сваю радасць смяшлівая дзяўчынка, якая  прымярала школьную форму. Глянуўшы на дачку, жанчына зазначыла:

— Пашчасціла, дык пашчасціла – з першай прымеркі форма падышла. Не трэба ехаць у Баранавічы.

Размову накшталт гэтай можна даволі часта пачуць цяпер у спецыялізаваным дзіцячым магазіне “Аліса” райцэнтра. І сёлета яго паліцы прыемна ўражваюць разнастайнасцю і багаццем асартыменту. Хто з бацькоў пабываў тут, мяне, безумоўна, падтрымае.

— А чаго адкладваць зборы ў школу? Атрымалі зарплату —  і адразу сюды, да 1 верасня трэба сабраць  сына 5-класніка і дачку-выпускніцу,   —  адлічвае 100 сшыткаў клапатлівая мама. — Няхай усё будзе гатова загадзя, каб напрыканцы жніўня не бегаць па магазінах.

Па словах намесніка начальніка аддзела гандлю райпо Ларысы Залатухінай, ужо закуплена школьных тавараў  амаль на 200 мільёнаў  рублёў. Спецыялісты райпо адбіралі  асартымент з улікам  пажаданняў пакупнікоў (папярэдне ва ўсіх  вясковых крамах  і гарадскім магазіне “Аліса” вывучаўся попыт). Да таго ж былі складзены спісы, якія ўлічвалі ўзрост вучняў, памеры адзення і абутку.

Дарэчы, сёлета даецца магчымасць набыць тавары для школьнікаў з мнагадзетных сем’яў з гандлёвай надбаўкай усяго 10 працэнтаў. Ларыса Залатухіна запэўніла, што, акрамя “Алісы” і спецыялізаванага школьнага базару на рыначнай плошчы, у абавязковым парадку ў вясковых магазінах будуць арганізаваны куткі школьніка. У “Алісе” многія пакупнікі пачыналі шопінг з пошуку школьнай формы. Адназначна — выбар ёсць, і “інкубатара”, калі ўсе хадзілі ў аднолькавай школьнай форме, не будзе.  Дызайнеры папрацавалі на славу. Айчынныя вытворцы тавараў для дзяцей і школьнікаў прапануюць дастойны асартымент.   Ды і цэны прымальныя: пафарсіць у новым  касцюме  за 88-200 тысяч рублёў можна сабе дазволіць. Калі купляць паасобку, выйдзе прыкладна такі ж кошт: пінжак старшакласніка — 100-140 тысяч рублёў, камізэлька — 60-80, штаны – 60-80 тысяч рублёў. Тут можна падабраць і кашулю – на святы і на кожны дзень (якраз напрыканцы мінулага тыдня быў новы прывоз). А вось дзяўчынкам давядзецца пачакаць. Пакуль у продажы толькі некалькі касцюмаў для вучаніц малодшых класаў.

Аднак, як паабяцалі ў райпо, хутка чакаецца новая партыя адзення для дзяўчынак.

Невялікі выбар (па мадэлях і па фактуры) спартыўных касцюмаў. Адсутнічаюць спартыўныя касцюмы аднаго з галоўных  айчынных вытворцаў — ААТ “Палессе” (Пінская трыкатажная фабрыка).  Вісіць усяго некалькі экзэмпляраў тавару  Бабруйскай трыкатажнай фабрыкі.

А вось разнастайнасць канцылярскіх тавараў уражвае. Нават узнікае нейкая зайздрасць: у нашым дзяцінстве пра такое можна было толькі марыць. Праўда, раней  і цана была стабільна аднолькавай.  Цяпер у “Алісе” сшыткі  можна купіць за 190, 240, 330 і 770 рублёў за адзін.  Ёсць выбар алоўкаў, ручак, фламастараў і іншай дробязі.

Не трэба быць вялікім матэматыкам, каб падлічыць, што поўная экіпіроўка першакласніка “пацягне” на 600-700 тысяч рублёў. Са-браць старшакласніка ў школу можна  за 900 тысяч рублёў.

Аб тым, што продаж  у “Алісе” ідзе бойка, сведчыць такі факт: з пачатку ліпеня  магазін рэалізаваў школьных тавараў  больш як на 40 мільёнаў рублёў.

Дарэчы,  школьнымі таварамі, акрамя райпо, гандлююць у кіёсках “Саюздруку”, а таксама прадпрымальнікі. У пакупнікоў ёсць выбар.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *