Правільны матацыкл

Гэтымі днямі праходзіць рэспубліканская прафілактычная акцыя па папярэджанні дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам двухколавых транспартных сродкаў. “Колаў менш – небяспекі больш”.
Па віне матацыклістаў штогод учыняецца амаль кожнае дзясятае ДТЗ. Не заўсёды ўладальнікі “жалезных коней” маюць на іх дакументы і права кіравання. Хаця іх атрыманне – не складаная працэдура. Вадзіцельскае пасведчанне катэгорый “А, А1, АМ” можна атрымаць у экзаменацыйным падраздзяленні ДАІ. Для рэгістрацыі матацыкла неабходна даставіць яго ў рэгістрацыйнае падраздзяленне ДАІ (для зверкі нумарных агрэгатаў), таксама спатрэбіцца пасведчанне аб рэгістрацыі транспартнага сродку на папярэдняга ўладальніка з адзнакай аб зняцці яго з уліку, пашпарт, даведка-рахунак ці дагавор куплі-продажу транспартнага сродку. Заключыць дагавор абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальніка транспартнага сродку можна ў страхавой кампаніі.

Матацыклы, з моманту выпуску якіх прайшло 10 і больш гадоў, праходзяць тэхагляд раз у год, менш за 10 гадоў – раз у 2 гады.
Двухколавы – адзін з найбольш небяспечных транспартных сродкаў, асабліва ў руках парушальнікаў. Па статыстыцы найбольш аварыйны перыяд з мая па верасень, напярэдадні выхадных і падчас іх. Асноўная прычына ДТЗ з удзелам матацыклаў – ігнараванне правілаў дарожнага руху, перавышэнне дапушчальнай скорасці, няспраўнае светлавое абсталяванне ва ўмовах недастатковай бачнасці, няправільнае манеўраванне і іншае.
Супрацоўнікі ДАІ пастаянна выяўляюць парушальнікаў ПДР, якія ствараюць небяспеку і для навакольных. Складваецца ўражанне, што міліцыянеры клапоцяцца пра жыццё і здароўе матацыклістаў больш, чым самі вадзіцелі мотатранспарту. Да апошніх хочацца звярнуцца яшчэ раз: будзьце за рулём уважлівыя і разважлівыя, строга выконвайце правілы дарожнага руху.
Андрэй ПЕРАХОД,
выконваючы абавязкі
начальніка АДАІ РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *