Вышыванка на добрую памяць

Далікатнае, даволі тонкае, але моцнае, чуць адбеленае палатно – лён-лянок. Па гарлавіне і рукавах неверагодна прыгожы і адначасова вытанчана просты ўзор крыжыкам, шчымліва дарагі воку і сэрцу. Больш за паўстагоддзя вышыванцы, якую падношу да твару і, здаецца, адчуваю той, з дзяцінства, пах шчасця. Татава кашуля, якую ён апранаў на выступленні галасістага хору калгаса “Беларусь”. Дакладна такія былі ва ўсёй мужчынскай паловы харыстаў. Мой тата не вызначаўся музычнасцю, але на маміна “ты на сцэне надта голас не падавай” ён па-маладзецку прыгладжваў свае хвалістыя валасы, хітра падміргваў і здзіўляўся: якія ж спевы без старшыні?! І апранаў Пётр Бычкоў, як сёння б сказалі, эксклюзіў ручной работы, і станавіўся з харыстамі на сцэну Жарабковіцкага СДК (дарэчы, у гэтым будынку дасёння размяшчаецца тутэйшая ўстанова культуры – толькі не сельская, а аграгарадская), і лілася песня мілагучная, народная… Тую вышыванку, цудоўную сваёй прастатою, простую геніяльнай гарманічнасцю, дарагую бясцэннымі ўспамінамі, трымаю ў руках бы філасофію жыцця. І чытаю гэту філасофію сэрцам, розумам, вачамі, любоўю. Пра многае расказваюць узоры Ляхавіцкага строю – шывок чырвоны, шывок зялёны, і валошкавы, і незабудкавы, і рамонкавы, і канюшынавы. А яшчэ шыпшынавы і ажынавы, ільняны і жытнёвы, крынічны і гарлачыкавы… Угледзішся, услухаешся – і, здаецца, чуецца песня салаўіная, стракатанне конікаў і празрыста-хрустальныя пералівы ракі, што зліваюцца з ветрам і атрымліваецца казка-быль. У сюжэце яе дзяўчаты-прыгажуні, хлопцы-асілкі, мудры люд, працавіты і справядлівы, які зямлю сваю любіць усім сэрцам і за яе свабоду любога ворага пераможа.
Мой родны Ляхавіцкі строй, самабытны і ў нечым тыповы. Убранне зручнае і прыгожае, андаракі-камізэлькі – хоць сёння на паказ высокай моды, ручнікі-абрусы-даматканыя коўдры – бы ілюстрацыя з падручніка па эстэтыцы. У старым куфары вытканае-вышытае некалькі пакаленняў назад.  У кожнай  рэчы свая гісторыя, з імі звязаны лёсы нашых продкаў. І як жа добра, што ў гэтым імправізаваным вернісажы з’яўляюцца новыя гладдзю і крыжыкам у мулінэ аздобленыя рэчы, а яшчэ сплеценыя з саломы і галінак вярбы, з лёну і лыка, зробленыя з гліны на ганчарным крузе ці з металу, што пабываў на накавальні і над якім пачаравалі моцныя і ўмелыя рукі майстра.
Дзівіцца не налюбавацца на такую прыгажосць, чытаць і да бясконцасці засвойваць гэту жыццёвую філасофію. У цэнтры Еўропы  “паміж Польшай і Расіяй полька беларуская, між Літвой і Украінай полька беларуская”! І часткай гэтага прыгожага ёмкага вобразу, яго дамінантай сёння становіцца беларуская вышыванка. БЕЛТА паведаміла пра нараджэнне новай традыцыі – правядзенне напярэдадні Дня Незалежнасці маладзёжнага свята “Дзень вышыванкі”. Якраз  2 ліпеня, у Мінску ля Палаца спорту яна ў цэнтры ўвагі як “візітоўка беларусаў і своеасаблівы  сімвал-абярэг нацыі”. У Год культуры, у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь ваш выхад,  спадарыня-вышыванка!
…Абавязкова пакажу татаву вышытую крыжыкам кашулю яго праўнучкам і раскажу казку-быль, у якой іх прадзед і прабабуля маладыя, пра вайну і мір, пра песні і пасаджаны сад, мары і справы, пра тое, што жыццё цудоўнае, жыццё працягваецца і што нічога не знікае бясследна.
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *