Абскарджанне судовых пастаноў

Грамадзяне не заўсёды бываюць згодныя з прынятымі судом рашэннямі. У іх ёсць права абскарджання вынесеных судом пастаноў па крымінальных, грамадзянскіх і адміністрацыйных справах. На апошніх спынімся больш падрабязна.

Пастанова па справе аб  адміністрацыйным правапарушэнні можа быць абскарджана асобай, у адносінах якой яна вынесена, пацярпелым, іх прадстаўнікамі, абаронцам.

Па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні могуць быць абскарджаны не  ўступіўшыя ў законную сілу: пастанова адміністрацыйнай камісіі, камісіі па справах непаўналетніх, пастанова сельскага (пасялковага) выканаўчага камітэта – у раённы выканаўчы камітэт або ў суд; пастанова іншага органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, — у вышэйстаячы орган  або ў суд; пастанова суда – у вышэйстаячы суд.

Скарга накіроўваецца ў суд, орган, які вынес пастанову па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Са скаргаў, якія падаюцца ў суд на пастанову па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, спаганяецца дзяржаўная пошліна.

Скарга на пастанову па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні можа быць пададзена на працягу 10 сутак з дня атрымання асобай, у адносінах якой вядзецца адміністрацыйны працэс, копіі пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні, а пры яе вынясенні ў прысутнасці асобы, у адносінах якой вядзецца адміністрацыйны працэс, — не пазней 10 сутак з дня яе  аб’яўлення. За выключэннем скаргі на пастанову аб накладанні адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе адміністрацыйнага арышту альбо дэпартацыі, якая можа быць пададзена на працягу 5  сутак.

У выпадку пропуску па ўважлівых прычынах тэрміну абскарджвання або апратэставання пастановы асобы, якія маюць права на падачу скаргі або прынясення пратэсту, могуць хадайнічаць перад судом, службовай асобай, упаўнаважанай разглядаць скаргу, аб аднаўленні прапушчанага тэрміну.

Уступіўшая ў законную сілу пастанова па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні можа быць перагледжана  па скарзе асобы, у адносінах якой яна вынесена, пацярпелага, іх прадстаўнікоў, абаронцаў, калі яна абскарджвалася да ўступлення яе ў законную сілу.

Скарга на ўступіўшую ў законную сілу пастанову па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні можа быць пададзена на працягу 6 месяцаў з дня ўступлення ў законную сілу пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні.

В. НОВІК,  старшыня суда  Жабінкаўскага раёна

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *