«Зажалі жыта, спела саломка…». У Ляхавіцкім раёне зажынкамі пачалі жніво /фота/

Старшыня СВК «Ляхавіцкі» Аляксандр Вітко з удзельнікамі жніва.

Хлебароб дачакаўся вынікаў сваёй гадавой працы. Цяпер яго задача – беражліва сабраць кожнае зярнятка, каб атрымаўся багаты каравай. І па традыцыі пачынаецца адказнейшая ўборачная кампанія зажынкамі.

…Падлескія спявачкі апрануліся ў прыгожыя нацыянальныя касцюмы, узброіліся сярпамі і завіталі на русінавіцкую сенажаць у СВК “Ляхавіцкі”, дзе адбывалася раённае свята. Ох і шчыра спявалі жанчыны пра тое, як “пасылала мяне маці яравое жыта жаці”, а пасля дарылі традыцыйныя снапы з каласоў новага ўраджаю гаспадарам –  кіраўніку раёна Вячаславу Сельмановічу і старшыні сельгаскааператыва Аляксандру Вітко.
Пачатак жніва – падзея для кожнага чалавека, а для таго, хто выбраў прафесію хлебароба, – асаблівая, падкрэсліў старшыня райвыканкама і пажадаў хлебаробам добрага надвор’я, трывалай тэхнікі, поўных засекаў збожжа.
У добры шлях благаславіў экіпажы збожжаўборачных камбайнаў “Ляхавіцкага”, а ў іх асобах усіх камбайнераў раёна айцец Максім.
І жніво пачалося. Якім яно будзе сёлета, на што трэба звярнуць асаблівую ўвагу? Аляксандр Вітко расказаў пра ўборачныя планы сельгаскааператыва.  “Ляхавіцкаму” належыць убраць 1450 гектараў збожжавых і зернебабовых культур. У поўнай гатоўнасці 8 камбайнаў. Аляксандр Іванавіч перакананы: у нашых умовах гаспадарання перавагу трэба аддаваць іменна азімым збожжавым. У гаспадарцы іх пасеялі 800 гектараў: да засухі колас паспеў наліцца.
У “Ляхавіцкім” разлічваюць намалаціць не менш за  40 цэнтнераў на круг, чакаюць добры ўраджай кукурузы, не прагадалі і з бульбай. З году ў год дабівацца вытворчых поспехаў тут ужо традыцыя.
Перадуборачныя рэкамендацыі кіраўнікам і спецыялістам гаспадаркі выказаў начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Вашчук. Ён засяродзіў увагу на гаспадарскім падыхо-дзе да кампаніі і эканомным расходаванні  паліва. Для буйных сельгаспрадпрыемстваў (такіх як СВК “Шлях новы”, “Жарабковічы”, райаграсэрвіс) рацыянальна арганізаваць палявыя станы, каб не ганяць камбайны і аўтамабілі на вялікія адлегласці. Там жа павінны быць аварыйныя рамонтныя брыгады, заправачная тэхніка і ўсё неабходнае для безаварыйнай работы збожжаўборачнага атраду. Мэтазгодна пераводзіць на мясцовыя віды паліва  збожжасушыльныя ўстаноўкі. Ніяк нельга адкладваць уборку саломы. Захаванне тэхнікі бяспекі на жніве – аксіёма.
…Ячменнае 80-гектарнае поле, што пад Русінавічамі, на вачах мяняла свой выгляд: там, дзе яшчэ з паўгадзіны назад хваляваліся пад ветрам тугія каласы, засталося ржышча з рулонамі саломы. Праз некаторы час і іх там не застанецца – уборку ў ”Ляхавіцкім” вядуць комплексна.
А падляшанкі і перад ад’ездам падарылі хлебаробам песню, якая,здаецца, доўга лунала над нівай: “Зажалі жыта, спела саломка…”
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “«Зажалі жыта, спела саломка…». У Ляхавіцкім раёне зажынкамі пачалі жніво /фота/

  • 20/07/2016 в 14:45
    Permalink

    Поехали! Пусть поля порадуют урожаем. Комбайнёрам желаю солнечной погоды.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *