Мы. Сто радкоў ад рэдактара

Множны лік займенніка я. Мы –  гучыць трывала і ўпэўнена, дружалюбна і надзейна, моцна і з’яднана. Мы пасуе разам. Мы, беларусы – мірныя людзі, сэрцам адданыя роднай зямлі. Простыя і ўзнёслыя словы нашага гімна быццам і падказаны сэрцам.

Яно поўніцца любоўю. Да жыцця, да чалавека, да сям’і, да прывычных воку мілых краявідаў, да кусціка шыпшыны ў старым садзе, да нашых даволі “дарослых” Ляхавічаў (праз год ім споўніцца 525), да непаўторна зялёных вулачак і плошчаў амаль тысячагадовага Брэста і зусім трохі маладзейшай сталіцы – шыкоўнага Мінска…

Якое бесклапотна шчаслівае дзяцінства, якое прыгожае, поўнае натхнення, мараў і па-добраму дзёрзкіх планаў юнацтва, якія шчодрыя на стваральнасць маладосць, сталасць, які дагледжаны, у клопаце родных і дзяржавы самы паважаны ўзрост, што называюць залатым… Гэта наша данасць – з бестэрміновай гарантыяй, і ад таго яшчэ больш каштоўная. Проста іншы раз не зважаем на тое, што даўно стала прывычным і звычайным. А гэта прывычнае і звычайнае – рукастваральнае, заваяванае, адбудаванае. І ў аснове яго – мір. Пра вялікія выпрабаванні ў Вялікай Айчыннай і пра шлях да Вялікай Перамогі мы, шчасліўчыкі, яшчэ можам пачуць нават ад саміх ветэранаў – іх нямнога засталося, на жаль. А праўнукі герояў сёння стаяць на варце міру і вельмі стараюцца быць дастойнымі пакалення пераможцаў. Атрымліваецца!

Мы будуем моцную і квітнеючую краіну. Мы. Будуем. На трывалым падмурку моцныя сцены, новыя паверхі, светлыя вокны, у якія свеціць сонца. Краіна, дзе хочацца жыць. Наша Радзіма. Словы гэтыя шчырыя, як наша агульнае памкненне да шчасця. Мы – я, ты, ён, яна: кладу сваю цаглінку – пішу рэпартаж з месца падзеі, ты кладзеш сваю – урок за ўрокам вучыш хлопчыкаў і дзяўчынак, ён кладзе цаглінку –  руплівец палёў і фермаў, яна – шануе і прымнажае культуру народную, рамяство ўзнімае да ступені люкс, да віртуознасці, да мастацтва.

І мы, толькі мы вырашаем свой лёс, сённяшні і заўтрашні. З адчуваннем адказнасці найвялікшай, таму што ад нашых думак, перакананняў, поглядаў, крокаў, спраў залежыць будучыня, галоўнымі дзеючымі асобамі якой стануць у свой час дзеці, унукі, праўнукі землякоў – маленькія ляхавічане, што сёння непасрэдна і радасна, як могуць толькі малышы, усміхаюцца з калясак і з маміных-татавых рук.

11 верасня – дзень выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Свой выбар павінен зрабіць кожны. Мудры выбар, прадуманы, правільны. Аддаць голас за чалавека, якому можна даверыць адказнейшую місію – прадстаўляць нашы інтарэсы, наша мы ў парламенце. Якога ведаеш, паважаеш, які даказаў сваю вартасць. Асабіста я зрабіла гэта датэрмінова, таму што заўтра разам з калегамі буду працаваць над рэпартажам з выбарчых участкаў.

Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *