Старшынства ў АДКБ перайшло Беларусі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 кастрычніка прыняў удзел у саміце Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ў Ерэване. Сесія Савета калектыўнай бяспекі АДКБ прайшла ў вузкім і пашыраным складах. Старшынства ў арганізацыі перайшло да Беларусі.

Па выніках саміту кіраўнікі дзяржаў зацвердзілі стратэгію калектыўнай бяспекі АДКБ на перыяд да 2025 года. Падпісаны пакет дакументаў у сферы процідзеяння міжнароднаму тэрарызму і экстрэмізму, прыняты заявы па шэрагу праблемных міжнародных пытанняў, а таксама іншыя рашэнні аб дзейнасці арганізацыі і яе органаў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў ходзе працяглых перагавораў лідараў дзяржаў АДКБ у вузкім складзе бакі абмеркавалі шырокі комплекс тэм і правялі прынцыповы аналіз праблемных пытанняў у свеце.

«Прытым па перыметры ўсіх граніц – і на заходнім напрамку, і ў Цэнтральнай Азіі, у раёне Афганістана. Абмеркавалі канфлікты і нявырашаныя праблемы, – адзначыў беларускі лідар. – Шчыра прызнаюся, што тыя падрыхтаваныя матэрыялы па прыярытэтах нашага старшынства крыху не цягнуць на той узровень абмеркавання, на які мы выйшлі ў вузкім коле».

Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, бакі дамовіліся, што пры ўдзеле генеральнага сакратара АДКБ Мікалая Бардзюжы будзе вызначана група ваенных і спецыялістаў у іншых галінах. «Прыцягнем да гэтага спецыялістаў перш за ўсё з Расійскай Федэрацыі і іншых дзяржаў. І трэба сфармуляваць добрыя прыярытэты, каб наша арганізацыя выйшла на даволі сур’ёзны ўзровень. Каб яе не баяліся, але паважалі, і мы нікога не ўгаворвалі, каб нас прызнавалі», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прыярытэты маючага адбыцца беларускага старшынства ў АДКБ будуць грунтоўна прапрацаваны і даведзены да кіраўнікоў у краінах арганізацыі, дадаў беларускі лідар. «Лічу, мы штосьці добрае можам прапанаваць нашай арганізацыі ў плане адзінства і паважання з боку контрпартнёраў», – рэзюмаваў ён.

Прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян шчыра пажадаў поспехаў Кіраўніку беларускай дзяржавы Аляксандру Лукашэнку і Беларусі ў цэлым у рэалізацыі старшынства і прынятых у ходзе гэтага саміту рашэнняў. Ён адзначыў, што ў тым ліку ў 2017 годзе маюць адбыцца юбілейныя мерапрыемствы, прысвечаныя 25-годдзю падпісання Дагавора аб калектыўнай бяспецы і 15-годдзю АДКБ. «Гатовы аказаць усямернае садзейнічанне», – сказаў ён.

Па матэрыялах БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *