Лячэнне “Адрэналінам”

Чэмпіянат вобласці на міні-футболе, удзельнікам якога з’яўляецца наш “Меліяратар”, узяў святочны тайм-аўт: навагодне-калядныя дні – час хутчэй фестывальны, чым футбольны. Але перад тым, як адправіцца на невялікія канікулы, каманды правялі па дзве гульні ў рамках 10-га і 11-га кваліфікацыйных тураў. Спачатку “меліяратарам” супрацьстаяла баранавіцкая каманда “Адрэналін”. Назва красамоўная, лёгка паддаецца расшыфроўцы: так назвала сябе міні-футбольная дружына, якая прадстаўляе медыцынскія ўстановы горада. “Медыкі”, якія на гэтым адрэзку спаборніцтваў з’яўляюцца сераднякамі турнірнай табліцы, далі аднаму з лідараў сапраўдны бой. Яшчэ за пару хвілін да свістка аб заканчэнні матча “Меліяратар” вёў з перавагай у 2 галы. Але, як расказаў дырэктар Ляхавіцкага ПМС Сяргей Юшкевіч, не дацярпелі, расслабіліся. І практычна пад фінальную трэль свістка прапусцілі 2 галы. У выніку – нічыя 5:5. Нечакана і недзе нават крыўдна. Яшчэ і таму, што ў гэтай гульні за “Меліяратар” выступаў дуэт зорных форвардаў у асобах Рамана Васілюка і Сяргея Кавалюка, які адзначыўся двума галявымі ўдарамі.

Наступны матч уяўляў сабой супрацьлегласць папярэдняму. Абсалютная тэрытарыяльная і гульнявая перавага “меліяратараў” трансфармавалася ў 10 забітых імі галоў у вароты футбалістаў каманды Баранавіцкага дарожна-будаўнічага ўпраўлення. Галоў у адказ не здарылася – 10:0.

Пасля 11-ці тураў у пасіве “Меліяратара” дзве нічыі. З 29 набранымі ачкамі каманда трымаецца за другі радок турнірнай табліцы. Лідарскую пазіцыю займае міні-футбольны клуб “Баранавічы”, які пакуль не страціў ні аднаго ачка.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *