Адрас дзяцінства. Крывошынская школа прымае віншаванні са 150-годдзем

Сённяшні педкалектыў Крывошынскай СШ.

Ёсць на зямлі месца, дзе кожны, незалежна ад узросту і характару, пасады і становішча адчувае  сябе звычайным хлопчыкам ці дзяўчынкай. Гэта машына  часу – школа. Яркімі вобразамі ў памяці выпускнікоў застаюцца  настаўнікі, аднакласнікі і сябры, надзеі, падзеі, урокі. Не забыць званкі на перапынак і імклівы рух у сталовую, нават колер сцен і ўбранне кожнага кабінета, месца за партай і адчуванне, калі чакаеш выкліку да дошкі.  А школа працягвае  сваё  адметнае  і  непаўторнае  жыццё, якое ніколі не запавольваецца,  і зноў напаўняецца звонкімі дзіцячымі галасамі…

У адной са старэйшых навучальных устаноў  раёна – Крывошынскай СШ – ужо каторы час пануе  святочнае ажыўленне: школа імянінніца. Ды якая – 150 гадоў! Паўтара стагоддзя, пятнаццаць дзясяткаў, без паўсотні дзвесце – як ні паглядзі – важкі і круглы юбілей, эпоха.
Адлік юбілярка  вядзе з 1866 года ад царкоўна-прыходскай школы, якая затым стала  народным  вучылішчам. Гістарычныя дакументы сведчаць: “На ўтрыманне вучылішча адпускаўся 131 рубель  з дзяржаўнай казны і 94 рублі 12 капеек  ад мясцовай сялянскай суполкі”. Навучалася тут 30 хлопчыкаў і 18 дзяўчынак. Першымі настаўнікамі  былі браты Бараноўскія. Антон  выкладаў свецкія навукі,  Аляксандр – свяшчэннік Крывошынскай царквы –  закон Божы. З кастрычніка 1896 па 1909 год кіраваў вучылішчам і навучаў дзяцей  гісторыі і мовазнаўству  Фама Барзуноў, пасля яго дырэктарстваваў       Сямён Мар’янскі.  У верасні 1915 года немцы захапілі вёску, і школа была зачынена. Толькі праз 6 гадоў яна адкрылася ў  статусе пачатковай, грамату хлопчыкі і дзяўчынкі спасцігалі на польскай мове. У 1939 школа стала сямігодкай. На заняткі  хадзілі рабяты не толькі з Крывошына.  Нястача, голад, цяжкая сялянская праца не пазбаўлялі  жадання вучыцца. Вяскоўцы верылі: заўтра будзе святлейшым і  лепшым. Мары і спадзяванні перакрэсліла Вялікая Айчынная вайна.  Зімой 1944 года здарылася трагедыя: у клас уварваўся   п’яны фашыст і пачаў  страляць па дзецях…
У мірны час школа зноў з вучнямі. Больш за паўвека яна  мае статус сярэдняй. Першы выпуск адбыўся 65 гадоў назад. Тады развітваўся  з роднай установай, каб потым вярнуцца  сюды настаўнікам, і Леанід Чаранкевіч.  Спачатку выкладаў  фізкультуру і ваенную  падрыхтоўку, а затым гісторыю. Леанід Вікенцьевіч  натхняльнік і кіраўнік  школьнага  гісторыка-краязнаўчага  музея, пра які ведалі далёка за межамі раёна. З  дзецьмі і калегамі  збіралі каштоўнейшы краязнаўчы матэрыял, хадзілі ў паходы па родным краі. Энтузіяст, нераўнадушны чалавек змог аб’яднаць пошукавай работай рабят, выклікаць жывы інтарэс да гісторыі.
У насычанай на падзеі  школьнай біяграфіі 1967 год асаблівы. Школа, можна сказаць, перажыла другое нараджэнне. На ўзвядзенні новага будынка  шчыравалі поруч бацькі і настаўнікі, дапамагалі дзеці.
З таго часу сельская ўстанова дала пуцёўку  ў дарослае  жыццё 1275  выпускнікам, сярод якіх  49 медалістаў.
Мноства дастойных людзей выйшла са сцен Крывошынскай СШ. Яе выпускнікі сталі ваеннымі, урачамі, будаўнікамі, настаўнікамі, працуюць у сельскай гаспадарцы, праваахоўных органах і іншых сферах. Школа памятае кожнага свайго вучня, кожным ганарыцца. А яны пры магчымасці  завітваюць у госці. І назаўсёды ў іх памяці  мудрыя, строгія і ўлюбёныя ў справу настаўнікі, якія  выхоўвалі сэрцам, не шкадавалі для сваіх выхаванцаў добрых і мудрых парад, вучылі заўсёды заставацца людзьмі.
Былыя вучні – цудоўны прыклад для сённяшніх. З першых школьных крокаў дзецям расказваюць пра мужных землякоў:  Героя  Савецкага Саюза генерал-маёра  Гаўрыіла Здановіча (яго імем названа вуліца, на якой стаіць школа) і Сяргея Свянтэцкага, чый подзвіг бессмяротны. У свой час  скончылі ўстанову  кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч, знакаміты кампазітар – прафесар Маскоўскай кансерваторыі Анатолій Санько, старшыня СВК “Ляхавіцкі” Аляксандр Вітко, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК  Мікалай Вайцешык і многія  іншыя. Удастоены звання  майстра спорту Сняжана Зубко, Максім Чаранкевіч, Мікалай Зубік, Валерый Кендыш (настаўнік фізкультуры Дараўскай СШ). Прыемна, што амаль трэць цяперашняга  калектыву – выпускнікі школы. Гэта Людміла Саўчык, Вольга Дыдышка, Таццяна Навікевіч, Наталля Філіповіч, Ігар Вітко, Галіна Зыранава, Кацярына Гачко, Ларыса  Малочка.
Усе гады Крывошынская СШ трымае высокую планку і займае дастойнае месца ў сістэме адукацыі  раёна. Тут ствараюць новыя і прымнажаюць  слаўныя традыцыі. За гісторыю існавання ў школе змянілася толькі 10 кіраўнікоў. Усе – прафесіяналы.  15 гадоў дырэктарстваваў Казімір Плюцінскі, амаль столькі ж  Аліна Дыдышка. Юрыя Чаранкевіча на пасту змяніла Ала Гуліцкая, для якой школа ўжо чвэрць стагоддзя адзінае месца працы. Больш за 25 гадоў з вучнямі настаўнік рускай мовы і літаратуры Сяргей Турчанка, намеснік дырэктара  Людміла Саўчык, настаўніца пачатковых класаў Святлана Дзядзечка. Кожны  з педагогаў, якія тут працавалі ці працуюць, варты  самых высокіх слоў прызнання і ўдзячнасці за адданасць справе. Высокакваліфікаваныя, адказныя, крэатыўныя, лічаць, што настаўнік не мае права спыняцца ў самаўдасканаленні, імкнуцца разнастаіць адукацыйны і выхаваўчы працэс, зрабіць максімальна эфектыўным. Школа – удзельніца рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі суправа-джэння інтэлектуальна адоранай моладзі ў працэсе яе прафесійнага станаўлення”, тут адкрыты профілі па матэматыцы і рускай мове. З 22 педагогаў  10 маюць вышэйшую  і 7 першую кваліфікацыйныя катэгорыі.
Кожную раніцу ў Крывошынскую СШ спяшаюцца 114 хлопчыкаў і дзяўчынак.  Для настаўнікаў кожны з  іх – унікальная асоба. Вучні – прызёры і ўдзельнікі конкурсаў, алімпіяд і  спаборніцтваў рознага ўзроўню. А яшчэ выдатныя экскурсаводы – цікава вядуць аповяд пра экспазіцыі гісторыка-краязнаўчага і літаратурна-этнаграфічнага музеяў (іх узначальваюць педагогі Андрэй Сініца і Галіна Зыранава), раскрываюць таямніцы экалагічнай сцежкі “Парк ”Рэпіхава”.
…Сёння школа імянінніца. Нягледзячы на сталы ўзрост, яна заўсёды маладая і мудрая. Няхай дзіцячыя галасы гучаць тут цудоўнай музыкай, і ўжо сваіх дачок і сыноў  праз некаторы час прывядуць у школу яе выпускнікі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва школы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *