Здаровы баланс

Аднойчы ў чарзе да педыятра ў паліклініцы  пачула, як вопытны ўрач настаўляла маладую маці па правільным харчаванні дзіцяці. Было вельмі цікава і павучальна. Медыкі лічаць, што прывіваць прынцыпы здаровага харчавання   неабходна з самага дзяцінства. Закладзеныя ў раннім узросце правілы стануць звычкай, ладам  жыцця. І тады, як і ў  дзіцячым садзе, і  школе,  дома будуць у пашане сырнікі ці каша, а не  піца, чыпсы ці іншыя падобныя “прысмакі”.
Значную частку дня малышы  знаходзяцца ў дашкольнай установе,  і  ім  вельмі  важна  атрымліваць максімальна разнастайнае  харчаванне, якое забяспечыць арганізм  неабходнымі для росту і развіцця рэчывамі.

Загадчыца дзіцячага сада   № 4 райцэнтра Ларыса Бобер расказвае, што меню ў дашкалят даволі разнастайнае і багатае на вітаміны. Салаты з агародніны, мясныя стравы ў розных варыяцыях, рыба, кашы, супы і многае іншае – усё свежапрыгатаванае. Прыкладнае меню на 10 дзён распрацоўваецца не асобна кожным садком. Тэхнолаг службы харчавання аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ў адпаведнасці са спецыяльнымі тэхналагічнымі картамі складае яго для ўстаноў адукацыі раёна, а тыя неадступна кіруюцца гэтым меню. Электронныя праграмы “МАП”, “Малютка” дакладна падлічваюць каларыйнасць страў, падсумоўваюць неабходную колькасць прадуктаў і г.д.

У мінулым годзе харчаблок сада абнавіўся: на сцены пакладзена плітка, адрамантавана падлога, устаноўлены ўмывальнікі, зроблена выцяжная вентыляцыя і многае іншае. А майстэрства повараў і сучаснае абсталяванне дазваляюць гатаваць так, каб і дзецям падабалася, і ў бацькоў не было нараканняў на якасць сняданкаў, абедаў і падвячоркаў. Тым больш, цяперашнія падвячоркі, адзначае загадчыца ўстановы, не тыя, што гадоў 10 назад. Вечарам рабяты са смакам ядуць лянівыя галубцы, мясную запяканку, катлеты і іншае.

Трэба бачыць, з якім натхненнем дзяжурныя хлопчыкі і дзяўчынкі з сярэдняй і старэйшай груп пад кіраўніцтвам памочніка выхавальніка раскладваюць сталовыя прыборы. Відэльцы даюць дзецям ужо ў малодшай групе, у старэйшай групе вучаць правільна карыстацца і нажом. Зыходзячы з гэтага, сервіруюць сталы: спачатку выкладваюцца сурвэткі – як папяровыя, так і цыратовыя, затым чарга вілак, лыжак, фарфоравага посуду, хлебніц, нажоў і г.д. Гэты штодзённы рытуал стаў у дашкалят любімым і чаканым момантам. Яны ж тады галоўныя ў групе!  Дарэчы, калі б такая традыцыя мела працяг у школе, то, напэўна, дапамагла б многім у іх дарослым жыцці не разгубіцца ў рэстаране ці за званым абедам.

Арганізацыі дзіцячага харчавання аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама надае самую вялікую ўвагу. Усе пытанні цэнтралізаванага забеспячэння харчаблокаў садоў і школ вырашае служба харчавання аддзела.  На прадпрыемствах-вытворцах закупляюць прадукты, якія развозяцца па школах і дзіцячых садах у трох аўтамабілях з ахаладжальным кузавам (адзін набыты сёлета). Хуткапсавальныя прадукты (малочныя, мясныя, хлеб) у гарадскія ўстановы адукацыі, заўважае інжынер-тэхнолаг аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяна Жывіцкая, дастаўляюцца штодзень, у сельскія – 2 разы на тыдзень. Асаблівы кантроль за станам халадзільнага і тэхнічнага абсталявання харчаблокаў, якое правяраецца і абнаўляецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі  СанПіНа.

Рабяты з Тальмінавіцкай СШ адзначаюць, што з новай мэбляй у абедзеннай зале стала намнога ўтульней, а повары ацанілі новы халадзільнік. Бюджэтныя сродкі накіроўваюцца і на рамонт і паверку вагавага і тэхналагічнага абсталявання (на гэта сёлета было затрачана больш за 4000 дэнамінаваных рублёў), і на харчаванне дашкалят з сем’яў, якім належыць ільгота па яго аплаце. Так, па стане на кастрычнік у раёне 6 дашкалят бясплатна атрымліваюць сняданак, абед і падвячорак, 218 –  за палову кошту, бацькі 72 аплач-ваюць толькі 30 працэнтаў. Плата за харчаванне дзяцей у дзіцячых садах зніжаецца на 30 працэнтаў для сем’яў з двума дзецьмі, якія наведваюць дзіцячы сад; на 50 працэнтаў – для сем’яў з трыма і больш дзецьмі да 18 гадоў. Памер платы за харчаванне ў дзіцячых садах складае 2 рублі 26 капеек у дзень, трохі менш у яслях. Здаецца, на такую суму мала што можна купіць, каб сытна паесці. А ў садках яе ўмела размяркоўваюць на тры разы. На харчаванне школьнікаў з раённага бюджэту сёлета запланавана больш за 523 тысячы рублёў.

Якасць прыгатаванай ежы для дзяцей пад пільным наглядам раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Урач-гігіеніст райЦГіЭ Валянцін Скарына адзначае, што ўсе школьнікі раёна ахоплены гарачым харчаваннем, перавага якога ў тым, што яно мае дыетычны характар. Прыкладнае меню пакрывае да 30 працэнтаў сутачнай патрэбы рабят у неабходных калорыях і рэчывах. Але спецыяліста хвалююць абыякавыя адносіны падлеткаў да яды. А канкрэтна – не пустыя бачкі адходаў у сталовых. У садах, адзначае спецыяліст, з’ява гэта не так распаўсюджана. Пэўна, у такой сітуацыі не апошняя роля бацькоў, якія пагаджаюцца з тым, што іх школьнік можа перакусіць на хаду булачкай ці пячэннем з газіроўкай, а на суп і мяса не застаецца ні месца, ні часу, ні жадання.

Ёсць заўвагі ў Валянціна Скарыны і па тэмпературным рэжыме страў. У вялікіх школах, дзе за перапынак харчуецца больш за 200 чалавек, вытрымаць яго няпроста. Але кіраўнікі ўстаноў шукаюць прымальныя варыянты.

Маюцца некаторыя недахопы і ў арганізацыі харчавання ў дашкольных установах (напрыклад, не заўсёды выконваецца патрабаванне чарговасці страў).

Дзіцячае харчаванне – тэма, ад якой у прапарцыянальнай залежнасці знаходзіцца здароўе дзяцей, стан іх імунітэту і, адпаведна, паспяховае развіццё. У школах і садках гэта выдатна разумеюць і прытрымліваюцца здаровага і карыснага меню. Добра было б, каб на гэты арыенцір кіраваліся і бацькі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Сервіроўка стала – абавязак дзяжурных.

У дзіцячым садзе № 4 гатуе для рабят повар Аляксандр Халадзінскі. Дапамае яму памочнік повара Алена Біль.

Смачна есці, дашкаляты!


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *