А слова роднае найперш…

Дзесяці-дванаццацігадовай прага да ведаў прывяла мяне ў бібліятэку. Сам дух кніжнага царства прыводзіў у захапленне, асалоду адчувала ад дотыку да нязведаных яшчэ кніг. Нібыта з душнага пакоя ўваходзіла ў эпоху Адраджэння за глытком свежага паветра. Я добрасумленна пачала з літары «А». Чамусьці літара «А» аказалася на стэлажы з замежнай літаратурай. Усё ў нашым жыцці выпадкова. Том Сойер, Олівер Твіст завалодалі маім сэрцам. Потым паступова мая душа раскрылася насустрач «Пунсовым ветразям» А. Грына, задумлівай Джэйн Эйр Ш. Брантэ. Я разам з Наташай        Растовай трапятала перад яе першым балем, адстойвала права на каханне Ганны Карэнінай, спрачалася з Таццянай Ларынай…

А  беларуская літаратура заставалася неяк у баку ад мяне. Не хачу сказаць нічога благога пра сваю настаў-ніцу беларускай мовы і літаратуры. Мы з задавальненнем слухалі ў яе прачытанні «Новую зямлю» і «Сымона-музыку». Але яшчэ ў юнацтве патэнцыяльных аматараў беларускай літаратуры адштурхоўвала ад класікі школьная праграма: «Колькі можна пра тую вёску чытаць»… – пэўна, знаёмае ўсім нараканне былых    аднакласнікаў. Нават мой сын, калі вучыўся ў школе, казаў:   «Ну колькі можна пра адно і тое ж: паны жылі добра, сяляне жылі дрэнна»… Але многія творы ўсё ж чаплялі за душу, бо «Людзей на балоце» прачыталі амаль усе, ад «Каласоў…» Караткевіча таксама былі ў захапленні, вершы Багдановіча зачароўвалі юныя сэрцы…

Вучоба ў інстытуце, першыя крокі ў прафесіі, выхаванне дзяцей – усё гэта ішло побач з кнігай. Зараз на маёй паліцы ў асноўным слоўнікі, даведнікі, літаратура па дамаводстве і… беларускія кнігі. Вось які доўгі шлях быў да асэнсавання таго, што, каб жыць паўнавартасным жыццём, без роднай   мовы не абысціся. Без яе народ пера-твараецца ў насельніцтва. Беларуская мова з’яўляецца адной з самых мілагучных у свеце, нездарма Беларусь многія называюць краінай паэтаў. Хіба ж не гучыць?

«У любімай мове, роднай, наскай,
Ах, якія словы: «Калі ласка!..»

(П. Броўка)

«І ўсё мілагучна да слыху майго:
І звонкае «дзе» і густое «чаго».

(П. Панчанка)

Гэта і маё слова ў імя роднай  мовы.

Адкрыццё беларускай літаратуры ў мяне пачалося, мабыць, у далёкім дзя-цінстве з твораў Р. Сабаленкі «Лора» і «Незамужная ўдава». Вабіла стойкасць і цэльнасць характараў галоўных гераінь, недагаворанасць сюжэта. Потым былі  В. Быкаў, Г. Далідовіч, А. Жук.

Пасля мне давялося працаваць у аддзеле абслугоўвання бібліятэкі імя Я. Купалы. Бібліятэка заўсёды была месцам, дзе ветліва сустракаюць усіх чытачоў. Тут працуюць людзі неабыякавыя да літаратуры, адклікаюцца заўсёды, каб пагутарыць, пасля абмеркаваць уражанні  ад прачытанага. Спадзяюся, што бібліятэка доўга будзе мець добрую сваю славу.

Працуючы на абанеменце, заўсёды стараюся чытачам парэкамендаваць беларускую кнігу. Некаторыя адмаўляюцца, маўляў, цяжка чытаць, слаба разумею па-беларуску. Ад гэтага становіцца сумна і трывожна за нашых нашчадкаў, бо дарослых ужо цяжка пераканаць, але ўсё ж стараюся. Паспрабую расказаць пра кнігі, якія спадабаліся мне і якія ёсць у нашай бібліятэцы альбо друкаваліся ў беларускамоўных часопісах.

З’яўленне гістарычнай тэтралогіі   У. Гніламёдава «Уліс з Прускі» (2006), «Вяртанне» (2007), «Валошкі на  мяжы» (часопіс «Полымя».-2009, № 8-9; 2010, № 9-12; 2011, № 1-2) стала годным адказам на заканамернае пытанне пра наяўнасць у сучаснай беларускай літаратуры твораў, якія варта было б паставіць у адзін шэраг з творамі Коласа, Мележа, Чорнага. Большая частка рамана, тры яго першыя раздзелы, пры-свечаны жыццю палескай вёскі Пруска напачатку ХХ стагоддзя. Пачатак рамана нагадвае мележаўскую трылогію. Галоўны герой Лявон закахаўся ў прыгажуню Ганну. Аўтар апісвае рамантычную гісторыю кахання – з болем доўгага расставання, шчымлівымі лістамі, снамі і горыччу здрады Ганны, якая выйшла замуж за даўняга Лявонава непрыяцеля Трахіма. Чацвёртая і пятая часткі рамана расказваюць пра поўнае прыгод сямігадовае падарожжа беларуса Лявона Кужаля ў далёкую Амерыку па грошы і ўдачу. Гэта, безумоўна, самыя займальныя, лёгкія для ўспрымання часткі і напісаны на  абсалютна новым для нашай літаратуры фактычным матэрыяле. Раман У. Гніламёдава, я лічу, стаў значнай з’явай у беларускай літаратуры.

Добрае ўражанне пакідае таксама  «Зубрэвіцкая сага» Я. Сіпакова. Гэта раман у апавяданнях, у якім мінулыя эпохі суадносяцца з днём сённяшнім. Пачынаецца кніга з палявання нашых продкаў на мамантаў, а заканчваецца падзеямі Другой сусветнай вайны. А ў цэнтры ўсіх віроў гісторыі – звычайная беларуская вёска Зубрэвічы, малая радзіма аўтара.

Нядаўна я адкрыла для сябе цудоўную пісьменніцу З. Дудзюк. У № 3-4 часопіса «Полымя» за 2010 год надрукаваны яе раман «Слодыч і атрута». Уся інтрыга развіваецца ў любоўным трохкутніку. Дзве сястры, Зося і Каця Барэйшы, закаханыя ў маладога спрытнага вяскоўца Гардзея Рабуху. Малодшая з сясцёр Зося чакае ад яго дзіця, але Гардзей не хоча прызнаваць сваё бацькоўства. Старэйшая Каця намагаецца адбіць каханка ў сястры. Фонам рамана служаць няпростыя сацыяльныя ўмовы Заходняй Беларусі, палітычнае змаганне беларусаў за сваю долю пад польскім прыгнётам таго часу.

Аснова рамана Г. Марчука «Кветкі правінцыі» – юнацкае жыццё аўтара. Гэта споведзь – прызнанне ў  любві землякам, малой радзіме, Давыд-Гарадку. Сюжэт дэтэктыўны. Аўтар даследуе самагубства маладой жанчыны, расследаванне якога вядзе яе сын. Дакладна ствараецца партрэт правінцыяльнага гарадка і яго жыхароў.

Падзеі рамана «Забранае шчасце» адбываюцца на жыткавіцкім Палессі, радзіме ўжо другога беларускага аўтара У. Гаўрыловіча, у жахлівыя 30-я гады ХХ стагоддзя – час карэнных грамадзянскіх перамен, вялікай ломкі, якая вяла да трагічнай, непазбежнай пагібелі адных і, не менш страшнай, маральнай пагібелі іх. Згубленае шчасце, ка-                  ханне, надзея… Што стане галоўнай апорай у жыцці? Пошукі адказу на гэтае пытанне вядуцца на працягу ўсяго рамана.

Хочацца, каб зорка беларускай літаратуры гарэла ярка. Каб праз многа гадоў запатрабаванымі заставаліся кнігі Мележа, Шамякіна, Быкава. Каб сённяшнія таленавітыя маладыя аўтары сказалі сваё слова ў літаратуры. Каб чарговы твор кагосьці з іх стаў класікай, а яго аўтар – адным з самых папулярных літаратараў стагоддзя.

Рыма ПРЫТУЛЬЧЫК,
загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі
раённай бібліятэкі імя Я. Купалы.

У нашай мове музыка гучыць

Надзея ПАТАПЧЫК,
начальнік аздараўленчага лагера “Чайка”:

— Асабіста для мяне Дзень беларускага пісьменства – свята, якое з нецярпеннем чакаю з года ў год. Гэта адметная падзея ў культурным і грамадскім жыцці краіны з багатай гісторыяй і духоўнай спадчынай, у якой золатам упісаны імёны Францыска Скарыны,Кірылы Тураўскага, Сымона Буднага, Еўфрасінні Полацкай… Гэта свята і сучасных беларускіх асветнікаў, паэтаў, празаікаў, навукоўцаў, усіх, хто любіць, беражэ і захоўвае нашу мілагучную, напеўную беларускую мову. Свята мне вельмі блізкае па духу як для педагога па прафесіі,  як для чалавека, грамадзяніна і як для аматара не толькі класічнай беларускай літаратуры, але і твораў сучасных аўтараў.

Я хачу прызнацца ў любві да роднай беларускай мовы, кожнае слова якой – нібы песня. Я не толькі размаўляю на ёй, але і думаю, мару. І мары абавязкова становяцца рэальнасцю – вось такая яна чароўная, матчына мова!

Мне пашчасціла пабываць на святкаванні Дня пісьменства ў такіх старажытных беларускіх гарадах, як Тураў, Заслаўе, Мсціслаў, Барысаў, Каменец, Смаргонь. І заўжды здавалася, што лепш, чым на гэты раз, не будзе. Але штогод на святкаванні былі новыя сустрэчы з цікавымі людзьмі, знаёмства з навінкамі літаратуры, мастацтва, творчасці, багатая і насычаная  культурная праграма, пленэры мастакоў, выставы кніг, газет, часпопісаў… Дарэчы, заўсёды з радасцю назіраю, што стэндамі Брэстчыны цікавіцца шмат людзей.

А як запамінальна праходзяць рыцарскія турніры, вялікую цікавасць у шматлікіх гасцей  свята выклікаюць выставы работ народных  умельцаў, што з  пакалення ў пакаленне захоўваюць і перадаюць сакрэты  сапраўды нацыянальных  промыслаў сваім нашчадкам. Не абыходзіцца без заліхвацкіх беларускіх танцаў і песень.

Колькі ўспамінаў было ў школьнікаў Ляхавіччыны, якія ўдзельнічалі ў святкаванні Дня пісьменства ў Тураве! З нецярпеннем чакаю і сёлетняга святкавання, якое адбудзецца ў Ганцавічах, дзе, упэўнена, абавязкова сустрэнуся з такімі ж заўзятымі аматарамі трапяткога беларускага слова і знайду новых сяброў-аднадумцаў.

Алег ТРАЦЦЯК,
начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама:

— Пісьменнасць, літаратура для нас, беларусаў, заўсёды была і будзе асаблівай каштоўнасцю. Менавіта ў кнігах, у словах пісьменнікаў і паэтаў адлюстроўваецца гісторыя народа, яго слаўныя справы. І гэта, безумоўна, надзвычай важна для патрыятычнага выхавання моладзі.

Нашы асветнікі шырока вядомыя і за межамі краіны, яны — фігуры еўрапейскага маштабу. Фрэска з выявай Францыска Скарыны захоўваецца ў Падуанскім універсітэце, працы Сімяона Полацкага лічацца не толькі адной з крыніц беларускай літаратуры, але і пачаткам рускага верша. Імёны Кірылы Тураўскага і Еўфрасінні Полацкай годна гучаць не толькі на беларускай мове і шмат могуць сказаць не толькі беларусам.

Дзень беларускага пісьменства не выпадкова праходзіць у першыя дні новага навучальнага года. Бо адукацыя, інфармацыя і культура — гэта тое, што фарміруе інтэлектуальную эліту нацыі, яе сённяшні дзень і будучыню.

Наогул, я перакананы: кніга — не толькі лепшы падарунак, але і лепшы адпачынак. Вельмі люблю чытаць, у тым ліку — і на роднай мове. Яшчэ ў школе адкрыў для сябе Шамякіна. А трылогія “На ростанях” Якуба Коласа глыбока ўзрушыла пазней, калі перачытваў яе аповесці падчас вучобы ва ўніверсітэце.

Радуюся, калі сын-сямікласнік бярэ ў рукі беларускія кнігі. Ён, напрыклад, не на жарт захапіўся гістарычнай прозай Леаніда Дайнэкі. Упэўнены, што ў беларускай літаратуры — і сучаснай, і, канешне, класіцы — сын зробіць яшчэ нямала адкрыццяў. Гэтага  жадаю ўсім сваім землякам, у першую чаргу — маладому пакаленню.

Леанід КАЛБАСА,
дырэктар гімназіі:

— Асэнсаванне мілагучнасці, прыгажосці роднай мовы прыйшло хіба што не з матулінай калыханкай. А калі пачаў вучыцца, то ў поўнай меры адкрыў для сябе яе вобразнасць і багацце, трапнасць і ўзнёсласць.

Аднойчы пашчасціла пачуць ад старых вяскоўцаў расповяды пра даўніну. Гэта былі легенды і паданні, складзеныя некалі нашымі продкамі. Захапіўся імі, убачыў, якая непаўторная наша культура. І ўвасабляецца яна не толькі ў мілагучнай мове. Звычаі, традыцыі, лад жыцця, мары і памкненні нашых людзей заўсёды былі накіраваны насустрач дабру, шчасцю, радасці. Каштоўную культурную спадчыну беражліва захоўвае і аднаўляе народ. Гэта дзяржаўны клопат. Адрэстаўрыраваны Мірскі і Нясвіжскі замкі, адноўлена святыня беларускага народа – Крыж Еўфрасінні Полацкай. У гэтых гістарычных, загадкава-таямнічых мясцінах арганізуюцца цудоўныя вечары класічнай музыкі, фэсты. Апошнія, дарэчы, ладзяцца і ў нашым раёне.

Наша культура самабытная, духоўная і вечная. Нездарма нашчадкі вядомых дзеячаў 18-19 стагоддзяў, якіх лёс раскідаў па свеце, праз некалькі пакаленняў вяртаюцца сюды, каб пабачыць і адчуць, адкуль яны родам. І дзіўна: яны гавораць на нашай мове, ведаюць традыцыі беларускага народа.

Вось яна, сіла прыцягнення роднай зямлі, непарыўнасць мінулага і сённяшняга.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *