Добра ўпасці трэба ўмець. 15 снежня – Дзень прафілактыкі траўматызму

Штогод у нашай краіне траўмы рознай ступені цяжкасці атрымліваюць больш за 750 тысяч чалавек, прыкладна пятая частка з іх – непаўналетнія.   У свеце сярод прычын смяротнасці траўмы займаюць трэцяе месца пасля сардэчна-сасудзістых і анкалагічных захворванняў. Каля паловы ўсіх няшчасных выпадкаў з трагічным зыходам адбываецца ў быце. Па-ранейшаму актуальнай застаецца і праблема дарожна-транспартнага траўматызму.   Напярэдадні Дня прафілактыкі траўматызму – размова з урачом-хірургам Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Янам Марчыкам.
– Ян Янавіч, з якімі траўмамі часцей звяртаюцца да хірурга нашы землякі?
– Часцей з бытавымі, атрыманымі дома, у кватэры, двары, на вуліцы, у гаражы.  Вольны прыклад: гаспадыня чысціла бульбу і  адначасова глядзела тэлевізар… Медыкам давялося накладваць пацярпелай швы на парэзаную руку.
Каля чвэрці бытавых траўмаў узнікае пры падзенні. Мужчына палез паправіць антэну, аступіўся, страціў раўнавагу – пералом. Больш за месяц праляжаў на выцяжцы, потым яшчэ доўгая рэабілітацыя.
Дарэчы, выпадкі траўмавання ў мужчын здараюцца ў некалькі разоў часцей, чым у  жанчын. У прадстаўнікоў моцнай паловы ва ўзросце ад 14 да 30 гадоў траўмы і ўвогуле займаюць першае месца ў структуры хвароб.
У Ляхавіцкім раёне сёлета за 11 месяцаў  медыцынская дапамога па прычыне траўмаў рознай ступені цяжкасці аказана 865 чалавекам, з якіх 214 – дзеці і падлеткі. За мінулы год адпаведныя лічбы – 1561 і 362.
– Усім вядома: хваробу лягчэй папярэдзіць, чым потым яе лячыць.  Наколькі гэтае выказванне актуальнае для траўмаў?
– Траўма – таксама хвароба. Таму і тут аснова асноў – прафілактыка. Не скажу нічога новага, аднак важную ролю  адыгрывае здаровы лад жыцця, правільнае харчаванне: фізічна падрыхтаваны чалавек  са стойкім імунітэтам мае меншую рызыку стаць ахвярай няшчаснага выпадку.
Неабходна пазбаўляцца і шкодных звычак. Статыстыка сцвярджае: многія траўмы цесна звязаны з ужываннем алкаголю. Нядаўні прыклад:  п’яны мужчына курыў у ложку, у выніку атрымаў вельмі цяжкія апёкі.
Адмова ад шкодных звычак, паляпшэнне ўмоў быту, уважлівасць і асцярожнасць, захаванне правілаў  бяспекі –   меры, якія дапамогуць засцерагчыся ад траўмаў.
Дарослыя павінны вучыць  дзяцей, як правільна сябе паводзіць дома, у дзіцячым садзе, школе, на прагулках, дзе і як пераходзіць вуліцу. У такой важнай справе, як прафілактыка, лепш за ўсё дзейнічае ўласны прыклад бацькоў. Калі яны  пераходзяць дарогу на  зялёны  сігнал светлафора, а не на чырвоны – тое ж будуць паўтараць дзеці.
Але пазбегнуць траўмаў чалавеку могуць  і павінны дапамагчы і некаторыя службы, напрыклад,  камунальная. У галалёдзіцу пасыпаць тратуары і дарогі спецыяльнай сумессю трэба пачынаць загадзя, а не тады, калі людзі ўжо ідуць на работу, а дзеці – у школу. Вадзіцелям варта  таксама клапаціцца пра  сябе, пасажыраў, пешаходаў: выкарыстоўваць шыны для аўтамабіля згодна сезона, карыстацца бліжнім святлом фар  днём.
Хачу сказаць, што ў нашай райбальніцы створаны належныя ўмовы для аказання хуткай і якаснай траўматалагічнай дапамогі ва ўмовах хірургічнага кабінета  паліклінікі, а таксама ў хірургічным аддзяленні  бальніцы. У стацыянары  аказваецца ўвесь спектр аператыўнай дапамогі, нават эндапратэзаванне тазасцегнавага сустава.
– Пасля выхаду на экраны фільма “Брыльянтавая рука”, сапраўднай класікай стала фраза:  паслізнуўся, упаў – гіпс…
– Пік  такіх траўмаў прыпадае на зіму, чаму спрыяюць не толькі   ўмовы надвор’я, але і ранняе наступленне цемры, слізкі абутак. Падаюць людзі пры ўваходзе ў грамадскі транспарт і пры выхадзе з яго. Асабліва небяспечныя падзенні на слізкіх прыступках. Пагаршэнне стану праезнай часткі ўплывае на павелічэнне колькасці дарожна-транспартных здарэнняў і, адпаведна, колькасці пацярпелых у іх. Найбольш частыя ў гэту пару года чэрапна-мазгавыя траўмы, пераломы касцей рук і ног.  У мінулы чацвер пасля ледзянога дажджу ў райбальніцу за медыцынскай дапамогай звярнуліся 6 чалавек.
Акрамя вывіхаў, пераломаў, разрываў звязак, сярод  распаўсюджаных відаў зімовых траўмаў – абмаражэнне. Амаль усе такія пацярпелыя, з якімі даводзілася сустракацца падчас сваёй практыкі, знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.  Чалавек, ”падагрэты” спіртным, не адчувае  болю, таму  можа доўга цярпець, перш чым звярнуца за медыцынскай дапамогай.
– Ці магчыма ўвогуле  абараніцца ад так званых зімовых траўмаў? Вашы парады для тых, хто не хоча  апрануцца ў гіпс і апынуцца на бальнічным ложку.
– Будзьце асабліва асцярожныя падчас галалёдзіцы. Уважліва глядзіце пад ногі, хадзіце павольна і там, дзе тратуары пасыпаны пяском. Наступайце на ўсю падэшву, старайцеся абыходзіць не ачышчаныя ад снегу і слізкія ўчасткі. Нялішнім будзе прымацаваць на падэшву абутку палоску звычайнага лейкапластыру. Жанчынам лепш на гэты перыяд забыць пра боты на высокіх і тонкіх абцасах – лепш хадзіць хай і не ў такім модным, затое зручным абутку.
Іншы раз пры падзенні чалавек інстынктыўна выстаўляе наперад руку і навальваецца на яе ўсім целам – вось і пералом. Можна зламаць і выпрастаную нагу. Асабліва часта пераломы сустракаюцца ў пажылых з-за ўзроставых асаблівасцей іх шкілета. Нават невялікі ўдар можа выклікаць пералом рук, ног, рэбраў, пазваночніка. Цяжкі сваімі наступствамі пералом шыйкі бядра: такая траўма ў 95 працэнтах выпадкаў сустракаецца ў жанчын. Людзям сталага ўзросту без асаблівай неабходнасці ў слізкае надвор’е лепш увогуле не выходзіць з дому.
Адчуваеце, што страцілі раўнавагу, – падайце з найменшымі стратамі: паспрабуйце прысесці – такім чынам зменшыцца вышыня падзення. Бяспечней падаць на бок. Пры падзенні галаву лепш уцягнуць у плечы, локці прыціснуць да  бакоў, спіну выпраміць, ногі крыху сагнуць. Пры падзенні на спіну прыцісніце падбародак да грудзіны, а рукі раскіньце як мага шырэй. Калі падаеце са слізкай лесвіцы, прыкрывайце твар рукамі, не імкніцеся затармазіць падзенне.
Калі ўсё ж паслізнуліся, упалі і адчуваеце востры боль, абавязкова звярніцеся ў медустанову. Справіцца без дапамогі ўрача можна толькі ў выпадку лёгкага ўдару: проста прыкласці да балючага месца што-небудзь халоднае, гэта зменшыць ацёк і суцішыць боль.   Пры абмаражэнні ні ў якім разе не расцірайце пашкоджанае месца  снегам. Саграванне павінна быць паступовым. Даставіўшы пацярпелага ў цёплае памяшканне, трэба ўхутаць абмёрзлае месца шалікам, што папярэдзіць рэзкае павышэнне тэмпературы. Што датычыцца піцця, няхай гэта будзе гарачы чай.
Напярэдадні навагодніх святаў хочацца засцерагчы ад верагоднасці атрымання траўмаў у выніку выкарыстання піратэхнічных вырабаў.  І ўвогуле,  пажаданне ўсім без выключэння: будзьце здаровыя, не  хварэйце і не траўміруйцеся.

Гутарыла Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *