Яркі дуэт

Сцэна маладзёжнага тэатра эстрады, яркі  свет сафітаў, беларускія эстрадныя зоркі –  так для нашага земляка Андрэя Цямчыка пачаўся Год культуры. Ён адзіны прадстаўнік Брэстчыны дайшоў да фінальнага адбору  на XXV міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2016”.
– Пра тое, што ўвайшоў у запаветную дзясятку, даведаўся з інтэрнэту. І кватэру “ўзарвала” гучнае “ўра!”. Я так радаваўся! – Андрэя і сёння перапаўняюць эмоцыі: – Спяваць, знаходзіцца  на адной сцэне з прафесіяналамі, атрымліваць ад іх слушныя парады, рэкамендацыі – гэта злавіць удачу за хвост.
Наш таленавіты зямляк стаў  лаўрэатам прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Яго запрасілі  ў журы абласнога  этапу  рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі”.
Для сына Ягора партрэт таты на раённай Галерэі славы стаў сапраўдным узрушаннем, ён  з гонарам паведаміў навіну бабулям і дзядулю, сябрам.
Сёння без прыгожага і чыстага голаса Андрэя Цямчыка нельга ўявіць раённае свята. Сваё галоўнае захапленне ён паспяхова сумяшчае з кіраўніцтвам  мастацкай часткай у Русінавіцкім СДК, вядзеннем  святаў.  Усё гэта стала  неад’емнай,  любімай і важнай  часткай  жыцця самадзейнага артыста:
– Так прыемна, калі пасля канцэрта да цябе падыходзяць і гавораць “дзякуй”. Гэта абавязвае і не дае спыніцца.  А Год культуры – той  імпульс, які падштурхнуў да пошуку крэатыўных ідэй.
Спадарожніца жыцця Андрэя – прыгажуня Надзея, жыццярадасная,  галасістая  пявуння, 20 гадоў з яе 26  –  на сцэне. З сёлетніх творчых залікаў – удзел у абласным свяце роднай мовы “Жывыя вытокі”, цэнтральнай падзеяй якога стаў канцэрт “З любоўю ў сэрцы да роднага слова”. Дарэчы, трапіць туды  прэтэндавалі 62 кандыдаты. А пашчасціла толькі 15, і сярод іх і Надзя. Паспяховым было выступленне на абласным фестывалі сучаснага мастацтва ў  Пружанах “Эстрадны мікс”.
У творчых маладых людзей ужо ёсць дастойны творчы іх працяг. Не паспеў сынок сёлета пайсці ў першы клас, як  трапіў у каманду КВЗ, другі год  займаецца харэаграфіяй у школе мастацтваў.  Дзед Мароз ужо выканаў яго жаданне – усёй сям’ёй ездзілі ў сталіцу  на матч любімай хакейнай каманды мінскага “Дынама”.
Цямчыкі дзякуюць адыходзячы 2016-ы за ўражанні, сустрэчы, падзеі, знаёмствы і мараць, каб наступны   стаў не горшым, каб здзейсніў сямейную  мару аб  уласных  квадратных метрах.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *