Гусі- лебедзі

10902 чалавекі, 808 гектараў, 69 вуліц, 41 завулак, 2 плошчы. Што аб’ядноўвае гэтыя факты? Адно слова, адна назва, адзін адрас, адна з’ява і любоў, сінонімам якой з’яўляецца паняцце “малая радзіма” – Ляхавічы. Наш маленькі райцэнтр сёлета імяніннік, больш таго – юбіляр. Ці, па-вашаму, 525 гадоў – гэта не юбілейная дата?!

Памятаю, калі ён быў пераважна аднапавярховым: у пачатку шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя ўсяго пару будынкаў узвышаліся над астатнімі. Драўляныя агароджы, сціплая аўтастанцыя, вышытыя фіранкі на вокнах, куры на вуліцах, музыка духавога аркестра над танцпляцоўкай, магазінчык, дзе прадавалася газа для керагазаў… Гэта было нядаўна, гэта было даўно.

У адрозненне ад чалавека гарады маюць уласцівасць з узростам… маладзець. Бясспрэчна, калі пра іх клапоцяцца, падтрымліваюць парадак, абнаўляюць, упрыгожваюць скверамі, кветкамі, новабудоўлямі; калі па вуліцах прагуль- ваюцца маладыя мамы з каляскамі; калі з загса па пятніцах ці суботах выходзяць самыя шчаслівыя ў свеце людзі – муж і жонка, чый сямейны стаж роўны часу, за які яны паставілі подпіс у пасведчанні аб шлюбе, прынялі віншаванні і станцавалі свой першы сямейны вальс.

Нашы Ляхавічы ў сваё за паўтысячагоддзе набываюць асаблівы шарм. Даўнія традыцыі папаўняюцца новымі. Дабаўляюцца старонкі ў біяграфіі гарадка, з’яўляюцца новыя дзеючыя асобы, сюжэты, здабыткі. А як жа інакш – жыццё працягваецца, і ў ім ёсць сённяшні дзень, і ёсць успаміны.

Раз-пораз у думках я паўтараю фразу, прачытаную ў дзяцінстве: з лотаса нараджаецца сонца. Гэты сказ чамусьці выплываў у памяці заўсёды, калі на водным рачным люстры раскрываліся белыя гарлачыкі. Заўсёды любавалася імі, стоячы на мосце праз нашу рачулку. На жаль, мінулым летам, ды і перад гэтым на працягу некалькіх сезонаў іх у прывычным месцы не ўбачыла. Шкада, бо пасавала гэта россып ёй, невялікай, ціхай, але заўсёды прыцягальна-таямнічай на працягу сваіх 35 кіламетраў прыгажосці і непаўторнасці. Таямнічая назвай – Ведзьма: цёзак у яе няма. Таямнічая падзеямі, сведкай якіх была. Неглыбокая, не вірлівая, але непрадказальная, але каварная, нораў свой схавала за чаротам і асакой. Калісьці на беразе яе стаяла магутнейшая ў Вялікім Княстве Літоўскім Ляхавіцкая фартэцыя. Сёння валун з таблічкай нагадвае пра крэпасць, пра набегі ворагаў, рыцарскія турніры, пра мужнасць мясцовага люду.

Старадаўняе мястэчка Ляхавічы вырасла ва ўтульны гарадок, якому прасторна, міла і зручна па абодва берагі рэчкі, што нясе воды ў Шчару. А тая, удзячна прыняўшы іх, становіцца сплаўной.

…Штогод на Ведзьме водзяцца лебедзі, за межамі горада іх асабліва шмат, але і ў цэнтры – у раёне моста, дзе некалі красавалі гарлачыкі, яны плаваюць датуль, пакуль вада не пакрыецца лёдам. Мусіць, яна з добрых чараўніц – рачулка з незвычайнай назвай.

…А Ляхавіцкія 525 гучаць аптымістычна. Што юбілейнага прыдумаем?!

З любоўю да свайго горада,   Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *