Адзін дзень у выратавальных падрабязнасцях

Многа снегу – многа забаў  і радасці, але і клопатаў  нямала. Давялося 14 студзеня папрацаваць супрацоўнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Яго начальнік Валерый Равінскі расказаў  “ЛВ”  выратавальныя падрабязнасці .
Аперацыя   “Вызваленне”
З раніцы выратавальнікі выцягвалі  са снежнага палону вялікагрузны аўтамабіль польскай фірмы.
На трасе  Брэст-Масква каля вёскі Ганчары вадзіцель  фуры – наш суайчыннік,  не справіўся з кіраваннем, і 20-тонная машына апынулася ў кювеце.  Больш за 10 гадзін  доўжылася аперацыя па вызваленні. У ёй была задзейнічана тэхніка РАНС, КСУП “Тальмінавічы”, івацэвіцкіх дарожнікаў і некаторых іншых арганізацый.  Пакуль  праезд быў часткова перакрыты, дарожную бяспеку на гэтым участку забяспечвалі супрацоўнікі ДАІ.
У гэты ж дзень выратавальнікі  дапамагалі двум рыбакам, якія, насуперак аб’яўленаму аранжаваму колеру небяспекі з-за снегападу, вудзілі рыбу  на штучным вадаёме на месцы былых торфараспрацовак. Пад вечар вырашылі вярнуцца дадому ў Баранавічы і недзе ў 15 кіламетрах ад Тухавічаў  загразлі на дарозе ў снежнай кашы. Калі зразумелі, што самастойна не выберуцца, патэлефанавалі ў РАНС. Выратавальнікі  прыехалі, адбуксіравалі, правялі прафілактычную размову  і адправіліся па  чарговым  адрасе  SOS.
Нязваныя госці
Каля 19 гадзін у службу 101 патэлефанавалі з Флер’янова: гарыць дом, у якім ніхто не жыве. Калі агняборцы, хуткая дапамога, газаўшчыкі прыбылі на месца здарэння, аказалася, што  ў  пустуючым домаўладанні “гасцююць” мясцовыя жыхары: 13-  і 15-гадовы хлопцы  з дарослым сябрам наведаліся ў чужы дом,  распалілі печку і  працягвалі адзначаць Стары Новы год. На ўдзельнікаў  “свята” і бацькоў непаўналетніх складзены адміністрацыйныя пратаколы.
Талакой
Калі камусьці на суседняй з Ляхавіччынай тэрыторыі тэрмінова патрэбна дапамога, выратавальнікі выязджаюць і ў іншыя раёны.  Так было і ў суботу: агняборцы з Тальмінавіцкага  ПАВП   выязджалі на тушэнне пажару ў  вёску  Бабічы Клецкага раёна Мінскай вобласці, дзе   гарэў жылы дом.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *