Родныя дзеці

Калі паспрабаваць намаляваць слоўны  партрэт выхавальніка дзіцячага сада, то ён атрымаецца прыкладна такім: клапатлівы, нераўнадушны, добры, эрудзіраваны і, безумоўна, які шчыра любіць  дзяцей. Выхавальніцы дзіцячага сада № 3 Алене Калюда гэты партрэт адпавядае найлепшым чынам. У садку працуе толькі другі год, але малыя гарэзы ловяць кожнае слова выхавальніка, ходзяць за ёй, што называецца, па пятах.
І яна іх любіць бязмежна, кожнага сустракае з усмешкай, трэба – возьме на рукі, знойдзе такія словы, каб малеча не сумавала па бацьках і спакойна заставалася ў садку.
– Дзеці – самыя ўдзячныя і шчырыя чалавечкі, вельмі тонка адчуваюць падман і абыякавасць. А калі ты да іх з душой, то і яны раскрываюцца, цягнуцца да цябе, давяраюць, –  расказвае Алена Пятроўна, якая пра сваіх падапечных ведае практычна ўсё. Яе педагагічны вопыт – больш як два дзесяцігоддзі. Прычым, адзначае, што і ў Казахстане (там Алена Калюда жыла да 2013 года), і ў Беларусі дзеці аднолькава  любяць і чакаюць ласку, увагу,  разуменне і пахвалу. Са сваімі разумнічкамі выхавальніца адпраўляецца ў завочнае падарожжа па гарадах Беларусі, далёкіх краінах, на прагулку ў лес, заапарк і г.д. Разам малююць, чытаюць, спяваюць, танцуюць, разыгрываюць сцэнкі, прымяраюць на сябе сюжэтныя ролі… Час пралятае незаўважна.
Яна  з радасцю ідзе на работу,  акрыленая вяртаецца дадому.
Ці не гэта называецца шчасцем?!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *