Абноўка з бракам. Актуальныя пытанні абароны правоў спажыўцоў

Выкарыстана ілюстрацыя

Як быць у сітуацыі, калі набыты тавар аказаўся няякасным?

У адпаведнасці з арт. 20 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў” пакупнік, якому прададзены няякасны тавар, калі недахопы не былі агавораны прадаўцом, мае права патрабаваць: яго замены таварам належнай якасці; суразмернага змяншэння пакупнога кошту тавару;  неадкладнага бязвыплатнага ўхілення недахопаў тавару; кампенсацыі расходу па ўхіленні недахопаў.
Замест прад’яўлення ўказаных вышэй патрабаванняў спажывец мае права скасаваць дагавор рознічнай куплі-продажу і патрабаваць вяртання заплачанай за тавар грашовай сумы. Пры гэтым ён  па патрабаванні і за кошт прадаўца павінен вярнуць атрыманы тавар неналежнай якасці (можна вярнуць такі тавар без спажывецкай тары (упакоўкі).
Адсутнасць ў спажыўца дакумента, які пацвярджае факт набыцця тавару, не з’яўляецца падставай для адмовы ў задавальненні яго патрабаванняў.
Прадавец абавязаны прыняць тавар неналежнай якасці ў спажыўца, а ў выпадку неабходнасці – правесці праверку якасці тавару, а таксама праінфармаваць спажыўца пра яго права на ўдзел у праверцы якасці тавару, а калі такая праверка не можа быць праведзена неадкладна, – і пра месца і час яе правядзення.
Пры ўзнікненні паміж спажыўцом і прадаўцом спрэчкі наконт наяўнасці недахопаў тавару і прычын іх узнікнення прадавец абавязаны правесці экспертызу тавару за свой кошт ва ўстаноўленым законам парадку. Аб месцы і часе правядзення экспертызы спажывец павінен быць праінфармаваны ў пісьмовай форме.
Кошт экспертызы аплачвае прадавец. Калі ўстаноўлена, што недахопы тавару адсутнічаюць або ўзніклі пасля перадачы тавару спажыўцу ў выніку парушэння ім устаноўленых правілаў выкарыстання, захоўвання, транспарціроўкі тавару ці дзеянняў трэціх асоб або непераадольнай сілы, спажывец  абавязаны кампенсаваць прадаўцу расходы на правядзенне экспертызы, а таксама звязаныя з яе правядзеннем расходы на транспарціроўку тавару.
Спажывец мае права прыняць удзел у праверцы якасці і правядзенні экспертызы тавару асабіста або праз свайго прадстаўніка, аспрэчыць заключэнне экспертызы ў судовым парадку, а таксама правесці экспертызу тавару за свой кошт.
Куды можна звярнуцца за абаронай правоў спажыўца?
Для абароны сваіх інтарэсаў спажывец можа звярнуцца: у мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы па месцы жыхарства (дзе зроблены пакупкі), у выпадку нязгоды з адказам на зварот – ва ўпраўленне гандлю і паслуг аблвыканкама; у грамадскія аб’яднанні спажыўцоў (кансультацыі спажыўцу па пытаннях абароны яго правоў ажыццяўляюць на бязвыплатнай аснове); у суд з іскавай заявай аб абароне сваіх правоў.
Пры гэтым, згодна дзеючага заканадаўства, да падачы адпаведнай заявы ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган ці ў суд спажывец павінен накіраваць у адрас прадаўца (выканаўцы) прэтэнзію ў пісьмовай форме з указаннем канкрэтных патрабаванняў.
У адпаведнасці з артыкулам 257 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Асаблівая частка) спажыўцы вызваляюцца ад выплаты дзяржаўнай пошліны па ісках, звязаных з парушэннем іх правоў, прадугледжаных заканадаўствам аб абароне правоў спажыўцоў.
У які тэрмін можна вярнуць тавар  належнай якасці?
Спажывец мае права на працягу 14 дзён з моманту перадачы яму нехарчовага тавару, калі больш працяглы тэрмін не аб’яўлены прадаўцом, у месцы  набыцця ці іншых месцах, аб’яўленых прадаўцом, вярнуць тавар належнай якасці (за выключэннем тавараў, якія ўваходзяць у пералік не падлягаючых абмену і вяртанню). Патрабаванне спажыўца аб вяртанні тавару задавальняецца, калі тавар не быў ва ўжытку, захаваны яго спажывецкія ўласцівасці і ёсць доказы набыцця яго ў данага прадаўца. Пры вяртанні спажыўцом тавару належнай якасці яго патрабаванне аб вяртанні заплачанай за тавар грашовай сумы задавальняецца прадаўцом неадкладна. У выпадку, калі гэта немагчыма, максімальны тэрмін для задавальнення патрабавання не можа перавышаць 7 дзён.
Што павінен ведаць спажывец пры набыцці тавару ў інтэрнэт-магазіне?
Прадавец на сайце інтэрнэт-магазіна павінен давесці да ведама спажыўца на беларускай ці рускай мове наступную інфармацыю: назву сваёй арганізацыі, юрыдычны адрас, УНП (для індывідуальнага прадпрымальніка – прозвішча, імя, імя па бацьку, адрас, звесткі аб дзяржаўнай рэгістрацыі і назву органа, які ажыццяўляе дзяржаўную рэгістрацыю); час работы магазіна; дату ўнясення звестак аб інтэрнэт-магазіне ў Гандлёвы рэестр Рэспублікі Беларусь; назву тавару; назву, месца знаходжання вытворцы і імпарцёра (пры наяўнасці); устаноўленыя гарантыйныя тэрміны на тавар, дату вырабу і тэрмін службы (тэрмін годнасці ці тэрмін захоўвання); кошт тавару; наяўнасць тавару ў продажы; тэрмін дастаўкі тавару, кошт і ўмовы аплаты дастаўкі.
Дадаткова спажыўцу трэба вусна ўдакладніць пра сертыфікацыю тавару, калі тавар падлягае абавязковай сертыфікацыі; неабходныя звесткі пра правілы і ўмовы эфектыўнага і бяспечнага выкарыстання тавараў; асноўныя спажывецкія ўласцівасці тавару і яго асаблівасці.
З мэтай забеспячэння абароны правоў спажыўца, калі вы рашылі набыць тавар у інтэрнэт-магазіне, абавязкова захавайце даныя аб інтэрнэт-старонцы, на якой размешчана інфармацыя пра прадаўца і выбраным тавары.
Вадзім УГЛЯНЕЦ,
намеснік начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *