І форма, і змест без фармалізму

Хто сказаў, што пасяджэнне калегіі – руціннае мерапрыемства? З дакладнасцю да наадварот – размова на калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама прайшла, што называецца, на адным дыханні. Размова прадметная, канструктыўная, усебаковая. Тэма тэм – далейшае ўдасканаленне ідэалагічнай работы з улікам  усіх яе складнікаў. Начальнік галоўнага ўпраўлення Таццяна Гагакава прааналізавала эфектыўнасць і патэнцыял гэтых самых складнікаў. Закранула новыя ракурсы ў падыходзе да інфармацыйна-растлумачальнай работы сярод насельніцтва, выніковасць інфармацыйна-прапагандысцкіх груп у залежнасці ад формы і фармату мерапрыемства. Асаблівая ўвага засяроджана на кадравым забеспячэнні ідэалагічнай работы, узаемадзеянні з грамадскімі арганізацыямі і аб’яднаннямі, на найбольш значных грамадска-палітычных падзеях і мерапрыемствах.

А яны даволі разнастайныя – узяць хаця б Год навукі, які праходзіць у нашай краіне, ці паўтысячагоддзе беларускага кнігадрукавання. Напоўненыя глыбокім зместам падзеі заўсёды патрабуюць глыбокага асэнсавання. На гэтым засяродзіў увагу намеснік старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Алег Вялічка, які гаварыў пра адказнасць ідэалагічных работнікаў, сродкаў масавай інфармацыі перад грамадствам.  У значнай ступені менавіта СМІ  ўплываюць на фарміраванне грамадскай думкі, на настрой людзей, іх адносіны да жыцця.
Таму і задачы перад сродкамі масавай інфармацыі стаяць маштабныя, і адказнасць за іх выкананне надзвычайная. У кантэксце падзей, у кантэксце жыцця так важна расказаць,  растлумачыць, паказаць
перспектыву. І рабіць гэта прафесійна, шчыра, творча. Рэдактар іванаўскай раёнкі Ігар Гетман расказаў, як гэта робіць іх газета.
Дарэчы, перад пачаткам  пасяджэння калегіі журналісты Брэстчыны атрымалі  ў падарунак ад галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі ўнікальныя выданні з яркімі газетнымі публікацыямі (па выніках папярэдняга абласнога творчага спаборніцтва  сярод рэдакцый газет, радыё і тэлебачання).
Значную частку размовы заняла культурная тэматыка. У Год культуры шмат адметнага зроблена, багата творчых здабыткаў на рахунку клубаў і ДК, музеяў і бібліятэк, мастацкай самадзейнасці  і кінавідэапракату. Намеснік міністра культуры Васілій Чэрнік адзначыў поспехі Брэстчыны ў гэтым накірунку. Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі — начальнік упраўлення культуры Сяргей Панасюк акцэнтаваў увагу на галоўных напрамках работы. Работы, для вымярэння якой няма метрычных адзінак, але пераацаніць якую немагчыма.
У гэты дзень узнагароды атрымалі многія культработнікі. Ганаровая грамата галоўнага ўпраўлення ўручана і нашаму земляку мастацкаму кіраўніку Русінавіцкага ДК Андрэю Цямчыку.
Прадстаўніцтва НАК у Брэсцкай вобласці дабавіла калегіі святочнасці: былі адзначаны рэгіянальныя СМІ – пераможцы абласнога творчага конкурсу на лепшае асвятленне алімпійскай тэматыкі ў 2016 годзе. Дырэктар прадстаўніцтва Алена Белаконенка  ўручыла ім дыпломы і падарункі.
Сярод пераможцаў і «Ляхавіцкі веснік», які ўдастоены дыплома ІІІ ступені. А днём раней, 8 лютага, наша раёнка, як і «Вечерний Брест», была запрошана на цырымонію ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Медыя-Алімп 2016» у Залу алімпійскай славы штаб-кватэры НАК Беларусі ў Мінску, дзе атрымала заахвочвальны прыз у намінацыі «За цыкл матэрыялаў, апублікаваных у друкаваных рэгіянальных СМІ ў катэгорыі «Рыа-2016».
А калегія нашага галоўнага ўпраўлення праходзіла ў зале абласной філармоніі. У фае экспанаваліся выставы друкаваных СМІ, кніжная, прысвечаная 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Работа завяршылася на чыстай-чыстай ноце мастацтва – цудоўным канцэртам артыстаў філармоніі. Гучала пераважна класіка. І гэта было непаўторна.
Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *