Ракіроўка на пасту

Глядацкая зала Русінавіцкага сельскага Дома культуры сустрэла аншлагам. Каб неяк “урэгуляваць” становішча, адказным за мерапрыемства нічога не заставалася, як арганізаваць шэраг дадатковых – “пазаштатных” пасадачных месцаў за кошт прыстаўных лавак. Актыўнасць мясцовых і, што паказальна, не толькі выклікаў справаздачна-выбарны сход СВК “Ляхавіцкі”. У гэтым першая, але не галоўная прычына: справаздачна-выбарныя зборы адбываюцца рэгулярна, раз у тры гады. Патрэбна, неабходна, пазнавальна, карысна, аналітычна, але ж звыкла. Гэты ж сход з разраду ўнікальна-эпахальных. Як мінімум – у маштабах аднаго сельскагаспадарчага прадпрыемства і ролі ў ім аднаго чалавека.
Гэта быў саракавы справаздачны выхад Аляксандра Іванавіча Вітко да свайго калектыву ў якасці старшыні праўлення гаспадаркі. У тым стагоддзі калектыў гаспадаркі налічваў 450 работнікаў супраць 277 сённяшніх. Гужавая павозка была тады ці не галоўнай механізаванай адзінкай на жывёлагадоўчых фермах. Цяжкая праца: каб забяспечыць жывёле стол, кармы, даводзілася ў літаральным сэнсе здабываць іх у тухавіцкіх балотах. Культурна-кармавых угоддзяў яўна не хапала – даводзілася працаваць па вялікім крузе. Урадлівасць тагачасных ворыўных земляў гаспадаркі ацэньвалася ў 28  балаў (зараз – амаль 34), максімальны зерневы вал не дацягваў і да 2 тысяч тон супраць 9 тысяч у адзін з нядаўніх вытворчых сезонаў. Людзі працавалі, на відавочныя і аб’ектыўныя цяжкасці не скардзіліся. А пасля калгаснай змены практычна кожнага працаўніка чакала, па словах старшыні, дамашняя працоўная змена: сумарна мясцовы прыватны падворак налічваў у тым ліку больш за 4 сотні кароў.
Гэты экскурс у гісторыю,  у стартавы год старшынства   Аляксандра Вітко цікавы з пункту гледжання параўнання: што было і што ёсць. Гаворачы пра справы года мінулага, старшыня рэзюмаваў: рост ёсць, але жадалі лепшага. Жаданне абсалютна абгрунтаванае: усе палявыя работы вяліся адпаведна з патрабаваннямі тэхналогіі. Ні адной з аперацый не дазволілі выйсці за рамкі вызначаных тэрмінаў. Пад ураджай заклалі 43 тысячы тон угнаенняў і больш за тысячу тон удабрэнняў у пераліку на дзеючае рэчыва. Пастпасяўныя клопаты праводзіліся ў рамках агранавукі, поўна і ў тэрміны. Хіба толькі спякота здарылася па-за рэгламентам. Што ў сухім астатку? Практычна прапаў рапс. Стабільна высокаўраджайная і патэнцыяльна вельмі выгадная культура летась не прынесла гаспадарцы дывідэндаў.
Магчыма, для некаторых з аграрыяў раёна 44 цэнтнеры зерня з гектара з’яўляюцца вынікам, для “Ляхавіцкага” гэта азначае “ўсяго толькі 44”.
– Бульба зарадзіла нядрэнна, але “дрэнныя” цэны на яе склаліся, – скаламбурыў у адрас другога хлеба Аляксандр Іванавіч.
У адрозненне ад асобных пазіцый у раслінаводстве, жывёлагадоўчая галіна сельгаскааператыва спрацавала больш чым на “васьмёрку”. І ў сэнсе ацэнкі работы, і што тычыцца выхаду на ўзровень 8-тысячных удояў. На русінавіцкіх малочнатаварнай ферме і малочнатаварным комплексе ад кожнай каровы за год атрымана ў сярэднім больш за 8 тысяч кілаграмаў малака. Вышэйшы гатунак прадукта для названых вытворчых структур пазіцыянуецца ці не як брак у рабоце. 100-працэнтная экстра-якасць малака і ёсць звычайная формула іх работы.
Кадры, у тым ліку і не занятыя непасрэдна ў жывёлагадоўлі, кармы і каровы, здаецца, можна прыняць за формулу паспяховасці, якаснай высокаўдойнасці статка СВК “Ляхавіцкі”.
Вельмі цёпла, з адмысловай характарыстыкай у адрас кожнага Аляксандр Іванавіч успомніў ветэранаў вытворчасці. З кім пачынаў, у каго па першым часе вучыўся, чыя праца магла служыць і служыла прыкладам прафесіяналізму і сумленных адносін да справы. Даяркі, жывёлаводы, механізатары, паляводы, прадстаўнікі не масавых (млынар, напрыклад) прафесій. У старшыні знайшліся высокія эпітэты ў адрас былых і лепшых цяперашніх работнікаў гаспадаркі. Кожнага паасобку і ўсіх разам:
– Пашчасціла, што з такімі цудоўнымі людзьмі працаваць давялося. Дзякуй усім!
Пра тое, што сіла калектыву ў вельмі значнай ступені фарміруецца і трымаецца на сіле свайго кіраўніка,  гаварыў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч:
– Галоўнае не павелічэнне ўрадлівасці глебы, а ўменне стварыць і захаваць працаздольны калектыў. Нягледзячы на дрэннае надвор’е, вы завяршылі год цалкам паспяхова. Пытанні ёсць, але вы ведаеце што рабіць, куды рухацца, лічыце эканоміку.
Адзінства калектыў “Ляхавіцкага” прадэманстраваў і падчас выбараў старшыні. Агульнагалосным “за” яны абралі новага кіраўніка. З 17 лютага на чале СВК “Ляхавіцкі” стаў Іван Аляксандравіч Вітко, які  працаваў намеснікам старшыні гаспадаркі, да гэтага шмат гадоў – яе галоўным аграномам.   Старшыня з 40-гадовым стажам Аляксандр Вітко здаў пост па сваім жаданні. Аднак служэнне Заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Беларусі “Ляхавіцкаму”, АПК раёна, вобласці, краіны працягнецца – на пасадзе намесніка старшыні.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
З УЗНАГАРОДАЙ!
Граматай Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую бездакорную працу, граматнае кіраўніцтва прадпрыемствам, высокі прафесіяналізм і важкі асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны ўзнагароджаны старшыня СВК “Ляхавіцкі”   Аляксандр ВІТКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *