Прафсаюзны камплімент. У Ляхавіцкім раёне ўручаны ўзнагароды ад галіновага прафсаюза

Ён быў зроблены ў самы разгар сельскагаспадарчай вясны, атрымаў палявое гучанне. І нягледзячы на тое, што меў канкрэтных адрасатаў, у шырокім сэнсе прызначаўся ўсім, хто ў полі, – радавым і генералам сяўбы.

Хлебароб. Як многа ў гэтым слове
Карані гэтай традыцыі трэба шукаць у самай глыбіні прафсаюзнай глебы: прафесійныя саюзы аграпрамысловага комплексу ўсіх узроўняў – ад пярвічак і ўверх па вертыкалі – заўсёды побач са сваімі саюзнікамі. На жывёлагадоўчай ферме, жніўным ці, як зараз, пасяўным палетку. Узброіўшыся цэлым пакункам у тым ліку і матэрыяльных «кампліментаў», едуць да перадавікоў сяўбы. Шануючы іх гарачую працоўную хвіліну, адпраўляюцца непасрэдна ў эпіцэнтр падзей –
у поле. Каб сказаць чалавеку добрае слова, падзякаваць за вельмі нялёгкую і такую ж важную працу, павіншаваць, пажадаць усяго найлепшага, уручыць памятныя падарункі.
На гэты раз «віншавальны тур» старшыні раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірыны Чура і намесніка начальніка райсельгасхарчу Таццяны Кацуба пралягаў у асноўным па веснавых палетках ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», «Нача», «Жарабковічы» і СВК «Ляхавіцкі». Лепшыя ў многім, яны і на яравых работах паказваюць сябе высокарупліва, ва ўсёй прыгажосці. Ёсць тэмп, на кожным гектары прысутнічаюць тэхналогія і якасць. Ёсць надзея,што лагічным завяршэннем  гэтага ланцужка гаспадарлівасці стане багаты ўраджай.
Яшчэ хочацца сказаць пра такіх, як нашы сённяшнія хлебаробы.

Уладзіслаў Купрыш.

Салодкае слова  «дасеўкі»
Ёсць сур’ёзная нагода павіншаваць увесь сельскагаспадарчы «цэх» Ляхавіцкага льнозавода з завяршэннем ключавога этапу палявых работ.
Нягледзячы на «вывіхі» надвор’я сёлетняй вясны, адсеялася прадпрыемства, калі патрэбна і як неабходна. Працавалі многа і цяжка, усе разам і кожны ў сваёй «баразне» і ледзь ці не за тыдзень да канца красавіка выйшлі на дасеўкі.
Ільнопалетак прадпрыемства сціплым не з’яўляецца – складае 2,2 тысячы раскіданых па тэрыторыі ўсяго раёна гектараў. Салодкае слова «дасеўкі».
У тым, што прайшлі яны роўна, па графіку і тэхналогіі, заслуга, у тым ліку, і Віктара Сауціна.
– Кваліфікаваны, добры механізатар. Усе пасяўныя дні правёў у полі, быў адным з тых, хто пачынаў. Адказны работнік, дысцыплінаваны, удумлівы выканаўца любых падрадаў. Летам, напрыклад, калі настае пара ўборкі ўраджаю, заняты нарыхтоўкай ільнонасення. Скажу так: механізатару такой кваліфікацыі работа на прадпрыемстве зной-
дзецца заўсёды, незалежна ад сезона, – коратка, ёміста, у тэму і па сутнасці ахарактарызаваў падначаленага вядучы аграном акцыянернага таварыства Мікалай Герасімовіч.
І галоўнае, гэта ў гонар яго – механізатара-сейбіта Віктара Сауціна –
быў наладжаны той імправізаваны з уручэннем узнагарод прафсаюзна-партнёрскі прыём.
З механізатарам ААТ «Нача» Уладзіславам Купрышам сустрэцца атрымалася не з першай спробы – пасля дадатковага круга ў палявых лакацыях гаспадаркі. Каманда на чале з аграномам-хімікам ажыццяўляла догляд азімых пасеваў рапсу. Уладзіслаў, які кіраваў агрэгатам-апырсквальнікам, патлумачыў галоўнае:
– Праводзім інсектыцыдную апрацоўку азімага рапсу. Гэта ахоўная супраць шкоднікаў расліны аперацыя. Тым часам момант кароткага прызавога прыпынку выкарыстоўваецца рацыянальна: хуткая даза-
праўка агрэгата рабочым растворам і старт на новы, чарговы круг.
Веснавая сяўба ў «Начы» працягваецца. З запланаваных пад ярыну 1,3 тысячы гектараў палёў засеяна каля паловы. У прыватнасці, раннія збожжавыя і зернебабовыя, кавалак аднагадовых культур, іншае.
У шэрагу працаўнікоў СВК «Ляхавіцкі» пад прафсаюзную прызавую раздачу трапіў вопытнейшы механізатар, хлебароб-універсал Генадзій Граблюк. Паспелі максімальна своечасова: магутны «Джон Дзір» якраз быў на тэхналагічным «піт-стопе» для чарговай дазапраўкі пасяўнога агрэгата. Генадзій Іванавіч тактычна выслухаў віншаванні ў свой адрас, шчыра падзякаваў, у адказ на пытанне карэспандэнта паведаміў, што на даны дзень працуе з яравым ячменем. Развітаўся, і трактар пад яго кіраваннем запыліў на наступны пасяўны круг.
З Аляксандрам Сарнацкім з ААТ «Жарабковічы» вы і мы ўжо знаёмы – з мінулага нумара «ЛВ». Малады, граматны, умелы, старанны. Гэта стала зразумела ўжо за год працы Аляксандра ў «Жарабковічах». Сёлетнюю пасяўную праводзіць на цукровай ніве – сяўбе салодкага караняплода. Хоць, магчыма, што ўжо сёння гэта інфармацыя не з’яўляецца карэктнай. Свае планавыя 850 салодкіх гектараў «Жарабковічы» перакрылі. Працягваюць рухацца ўсё далей у вясну. Ужо распачалі сяўбу кукурузы на зерне, прыступілі да пасадкі бульбы.

Генадзій Граблюк.

Вам пісьмо. Падзячнае, ад галіновага прафсаюза
Узнагародай кожнаму з нашых хлебаробаў – Віктару Сауціну, Уладзіславу Купрышу, Генадзію Граблюку, Аляксандру Сарнацкаму – сталі Падзячныя пісьмы РА Беларускага прафсаюза работнікаў АПК сумесна з упраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, каштоўныя падарункі.
Гучала многа віншаванняў, шчырых пажаданняў усяго найлепшага.
А пасяўныя работы працягваюцца.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.