Майстры дзюдо. Міжнародны і юныя

Абедзве падзеі адносяцца да перыяду першай дэкады сакавіка. Паміж імі адзін дзень розніцы і адна аснова. Так, дзюдо не проста супрацьстаянне двух фізічна “граматных” сапернікаў па прынцыпе ”хто больш хуткі, дужы, спрытны, умелы”. “Гурманы” віду нярэдка пазіцыянуюць свой спорт як філасофскую навуку з элементамі барацьбы. Адзін з герояў сённяшняй публікацыі ў засваенні гэтай навукі падняўся на высокі міжнародны ўзровень, іншыя пакуль яшчэ школьнікі. Але – з перспектывай. І з магчымасцю прэтэндаваць у блізкай будучыні на аналагічнае “вучонае” званне.
Віртуознасць валодання арсеналам прыёмаў і зводам правіл дзюдо Уладзіслаў Цярпіцкі прадэманстраваў чарговы раз, цяпер у польскім горадзе Катавіцэ, дзе праходзіў турнір “Адкрытая Еўропа” – кантынентальны форум, дзверы на ўдзел у якім адкрыты не толькі для еўрапейцаў. Беларуская зборная, самую цяжкую вагавую катэгорыю ў якой прадстаўляў выхаванец Ляхавіцкай ДЮСШ, вярнулася з суседняй краіны з двума бронзавымі медалямі. Адзін з іх на рахунку Цярпіцкага.
Крыху наўздагон “польскаму” турніру прыйшло пацвярджэнне чаканаму факту: Уладзіславу Цярпіцкаму прысвоена званне майстра спорту міжнароднага класа. Гэта першы падобны выпадак у гісторыі ляхавіцкага дзюдо.
У Баранавічах спаборнічалі юныя, але не без майстэрства і вопыту выступленняў дзюдаісты. Алімпійскія дні моладзі Брэсцкай вобласці сярод спартсменаў 2001-2002 гадоў нараджэння інтрыгавалі яшчэ і тым, што з’яўляліся спаборніцтвам-адборам на такі ж рэспубліканскага ўзроўню дзюдаістскі збор. На татамі прысутнічалі ўсе спецыялізаваныя на гэтым відзе ўсходняга адзінаборства школы Брэстчыны. У камандным заліку першынствавалі гаспадары, другое месца заваявалі барцы з Драгічына, камандная бронза ў брастаўчан, адразу за якімі размясціліся нашы землякі.
Пропускам жа ў Бабруйск, дзе 24 сакавіка стартуюць алімпійскія дні моладзі Беларусі, служыла выключна заваяванне асабістага тытула. Адборачны бар’ер узялі і тры ляхавіцкія дзюдаісты. Перамогу ў сваіх вагавых катэгорыях, а разам з тым і пуцёўку ў горад над Беразіной атрымалі Кацярына Анціпава, Аляксей Чарэйка і Ягор Юруць, які кожную са сваіх турнірных схватак завяршыў з ацэнкай “поўная перамога”. Усяму таму, што патрэбна на татамі і многаму з неабходнага па-за ім, Уладзіслава, Кацярыну, Аляксея, Ягора навучыў трэнер-выкладчык Ляхавіцкай ДЮСШ Віктар Богуш.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *