Лясны ўклад у збожжавы каравай. Старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання прыехала ў Ляхавіцкі раён

З года ў год збіраць вырашчаны аграрыямі раёна ўраджай збожжа дапамагаюць прадстаўнікі іншых прафесій несельскагаспадарчага профілю. Сярод тых, хто добрасумлена шчыруе на жніве-2023, работнікі розных структурных падраздзяленняў Ляхавіцкага лясгаса.

Інжынер па падрыхтоўцы кадраў лясгаса Марта Граблюк разам з бацькам убірае хлеб на палетках СВК «Ляхавіцкі». Сямейны экіпаж Граблюкоў – адзін з перадавых тандэмаў на сёлетняй уборцы ў Ляхавіцкім раёне. Дзень за днём павялічваецца агульны намалот яшчэ аднаго сямейнага экіпажа з СУП «Ліпнянка» ў складзе майстра лесу Востраўскага лясніцтва Сяргея Ваўчка і яго сына Уладзіслава.
У мінулую сераду старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Аксана
Шамякова прыехала ў Ляхавіцкі раён, каб падзякаваць за працоўныя поспехі нашым землякам – лесаводам, якія ўдзельнічаюць у бітве за ўраджай. Акрамя слоў віншаванняў і падзякі за самаадданую працу,
Марце Граблюк і Сяргею Ваўчку ўручаны падарункі.
– Прафсаюзы заўжды побач з працаўнікамі. Цяжка пераацаніць наколькі важна, каб жніво прайшло паспяхова, а атрыманы ўраджай быў важкім. Зразумела, што любая падтрымка – маральная і матэрыяльная – удзельнікаў жніва толькі на карысць агульнай справе. Таму прафсаюзы з радасцю спяшаюцца на палі, вытворчыя майстэрні, зернесушыльныя комплексы, каб падзякаваць за працу героям жніва, уручыць ім падарункі, – адзначае старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк.

Галина КАНЬКО.