Шашлык без пажару

Сёння, калі ўраджай ужо сабраны, а палі, агароды, прысядзібныя і дачныя ўчасткі рыхтуюцца да пераворвання, пачасціліся выпадкі выпальвання сухой расліннасці і смецця. А гэта стварае надзвычай спрыяльныя ўмовы для ўзнікнення пажараў.

Інспекцыя дзяржпажнагляду звяртае ўвагу, што ў адпаведнасці з пунктам 33 “Правілаў пажарнай бяспекі Рэспублікі Беларусь для жылых будынкаў, інтэрнатаў, індывідуальных гаражоў і садаводчых таварыстваў” на тэрыторыі, што прылягае да жылых будынкаў, гаражоў, стаянак, гаспадарчых пабудоў і г.д. не дапускаецца выпальванне сухой расліннасці, развядзенне кастроў, спальванне смецця, прымяненне факелаў і іншых крыніц адкрытага агню.

Папулярнасцю карыстаецца прыгатаванне ежы з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў для размяшчэння гарачага вуголля (мангалаў, барбекю, грыля і інш.). На тэрыторыі сядзібнай забудовы, каля дачных і садовых домікаў гэта не забаронена, але толькі пры захаванні шэрагу патрабаванняў. Па-першае, побач неабходна трымаць вогнетушыцель ці ёмістасць з вадой. Па-другое, адлегласць ад мангала ці грыля да будынкаў і збудаванняў павінна быць не менш за 7 метраў. Нельга ўстанаўліваць згаданыя прыстасаванні на тарфяным грунце, пад кронамі дрэваў, пад павецямі з гаручых матэрыялаў, у памяшканнях, на балконах і лоджыях, у гаражах і г.д. Памятайце, што небяспечна пакідаць гарачае вуголле без нагляду, выкарыстоўваць для распальвання лёгкаўзгаральныя матэрыялы. Пасля прыгатавання ежы жар неабходна заліць вадой.
З пачатку года да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры развядзенні кастроў, выкарыстанні крыніц адкрытага агню, за спальванне сухой расліннасці і смецця прыцягнуты 15 грамадзян. Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае для такіх недысцыплінаваных ”таварышаў” штраф да 1 мільёна 50 тысяч рублёў, а пры ўзнікненні пажару – да 1 мільёна 750 тысяч рублёў.

Дзмітрый СОКАЛ,
інспектар інспекцыі
дзяржпажнагляду

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *